Галоўная любоў

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

“Прысвячаю сваім бацькам…”

/i/content/pi/cult/366/7050/4-3.jpg

Гэтая цудоўная выстаўка пад назвай "Спадчына" працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Яе аўтар - адна з самых вядомых нашых мастачак Таццяна Малышава, якая вось ужо 40 гадоў паспяхова працуе ў галіне мастацкага шкла. Праз колькі дзён яна адзначыць і свой асабісты юбілей.

Выхаванка БДТМІ, цягам 13 гадоў яна працавала на шклозаводзе "Нёман", удзельнічала ў 110 (!) мастацкіх выстаўках, пачынаючы ад Беларусі і Расіі ды заканчваючы краінамі Еўропы, Кубай, Індыяй... Акрамя таго, зрабіла свой асабісты ўклад у манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, афармляючы інтэр'еры многіх дзяржаўных устаноў і мемарыялаў у Беларусі (да прыкладу, помнік загінулым воінам-афганцам на Востраве Слёз у Мінску), Расіі і Літве.

Але, канешне ж, мастацкае шкло - галоўная любоў Т.Малышавай. Яе шматлікія дэкаратыўныя комплексы распрацаваны з простага экзерсіса ў працэсе шкловытворчасці. А потым - доўгая, карпатлівая праца па развіцці тэмы: сапраўднае лабараторнае даследаванне. Пошукі новых тэхналогій, фактур, стылю прывялі да распрацоўкі арыгінальнай аўтарскай тэхнікі - графічнага малюнка на хроманікелевай фользе.

Так, выстаўка "Спадчына" прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Вось што сама мастачка расказвае пра тое, як нарадзілася канцэпцыя гэтай экспазіцыі.

- З ранняга дзяцінства я выхоўвалася на ўспамінах маіх бацькоў, таты і мамы, пра гады Вялікай Айчыннай вайны, якую яны прайшлі ад пачатку да Перамогі. Для нашай сям'і свята 9 Мая - не толькі ваенныя парады ды сустрэчы з аднапалчанамі. Гэта - памінанне загінулых сяброў, гэта - 17 ордэнаў і медалёў на мундзірах маіх бацькоў... Для франтавікоў ідэя патрыятызму, доўгу, таварыства, адданасці сваёй Бацькаўшчыне - не проста абстрактныя паняцці, а натуральная маральная ўстаноўка. Гэтым жыве і мая душа.../i/content/pi/cult/366/7050/4-4.jpg

Я часта бываю ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Гістарычным музеі, дзе атрымліваю багатую інфармацыю пра мінулую вайну, у тым ліку - пра ваенную атрыбутыку і памятныя даты, што назаўсёды засталіся ў сусветнай гісторыі. Для мяне суровыя франтавыя дэталі - такія ж легендарныя сімвалы, як тыя самаробныя падсвечнікі, якія былі зроблены з аскепкаў снарада. Хіба гэта не яркі, пранізлівы, сімвал тых "саракавых, ракавых"?..

Вось чаму мне хацелася стварыць свой маленькі помнік салдацкім пляшкам, каскам, конаўкам, легендарнай франтавой чарцы, патронам і кулям; выкарыстаць у якасці дэкору ордэнскую стужку і пяціканцовыя зоркі. І ўзнаўляю на хроманікелевай фользе пацямнелую ад часу франтавую фатаграфію, якую размяшчаю паміж пластамі шкла. А цэнтрам кампазіцыі з'яўляецца вялікая талерка, дзе захоўваюцца "вітражныя медалькі" - паўторы ўзнагарод маіх бацькоў. Усё гэта - вынік доўгіх роздумаў "пра час і пра сябе"...

У экспазіцыю я ўвяла і "свой" падсвечнік, як бы пакрыты пацінай часу, а свечка - круглы маналіт са шкла з эфектамі аптычнага праламлення святла - правобраз зямнога шара. Шкляныя блюды пакрыла дэкаратыўнымі трэшчынкамі ў тэхніцы "кракле" - гэта, так бы мовіць, мой умоўна-часавы модуль. А што да кампазіцыі "Салют", дык я яе задумала па асацыяцыі з помнікам на плошчы Перамогі: зорачкі ўзнагарод на медалях салдат перагукаюцца з зоркавым феерверкам салюту Перамогі. Праект я прысвячаю сваім бацькам - Івану Цімафеевічу і Марыі Ігнацьеўне, - якія, на жаль, не дажылі да гэтага дня...

 А яшчэ я хацела даказаць, што і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве магчыма і трэба ўзнімаць грамадска-значныя тэмы ды адказваць на самыя надзённыя пытанні быцця... З іншых кампазіцый экспануюцца такія творы, як "Браслаўскія азёры", "Мірскі замак учора і сёння", "Ільдзінкі" ды іншыя. Ва ўсім гэтым, урэшце, - наша жыццё...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"