“Карагод”, “Казачок”, “Арабескі”…

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Цэлым шэрагам удалых выступленняў пазначаны апошні год для народнага харэаграфічнага ансамбля “Сузор’е” пад кіраўніцтвам Вадзіма Матанцава Палаца культуры Салігорска. Калектыву ўдалося нават заваяваць Гран-пры Міжнароднага фестывалю нацыянальных культур з нагоды Дня яднання Беларусі і Расіі “Культура збліжае народы” ў Сочы. “Сузор’е” існуе ўжо 8 гадоў. Апроч асноўнага складу — а гэта 25 удзельнікаў з ліку рабочай моладзі і старшакласнікаў — пры ансамблі працуюць некалькі ўзроставых дзіцячых груп агульнай колькасцю 150 чалавек. Ёсць і старэйшая фальклорная група з жанчын 50 — 60 гадоў (больш за 40 чалавек) з назвай “Тапатушкі”. Апошняя ўчыніла ў горадзе фурор ужо самім фактам свайго існавання. Удзел людзей такога ўзросту ў самадзейнасці ўвогуле не дзіва, ды ўсё ж не ў якасці танцораў. А “Тапатушкі” В.Матанцава разбураюць стэрэатыпы. Іх творчая праца атрымала прызнанне ў Салігорску, выступалі яны і на рэспубліканскіх Дажынках у Слуцку. Адно дзіву даешся, адкуль у кіраўніка “Сузор’я” на ўсё гэта хапае часу.

 /i/content/pi/cult/132/705/Matancau1.jpg
 Выступае “Сузор’е”: у цэнтры — В.Матанцаў.
Зрэшты, пазнаёміцца з В.Матанцавым і яго
камандай аказалася не так проста. Калі я сабралася прыехаць у Салігорск, высветлілася, што асноўны склад “Сузор’я” — у Сочы: атрымлівае Гран-пры. Вярнуўся калектыў уначы з панядзелка на аўторак. У чацвер ехаў ужо на рэспубліканскія Дажынкі ў Рэчыцу, а да гэтага трэба было яшчэ адаспацца і парэпеціраваць. Адразу пасля Дажынак у Вадзіма Пятровіча была вучоба ў сталіцы.
Нарэшце мы сустрэліся. І я з задавальненнем прысутнічала на міні-канцэрце, што ў гэты дзень зладзіла “Сузор’е”. Пазнаёмілася і з “Тапатушкамі”, якія вельмі ганарацца сваім удзелам у гэтым калектыве.
— Здавалася б, — кажуць яны, — і не той узрост, каб танчыць на сцэне. Але сапраўднымі самадзейнымі артыстамі робіць нас майстэрства харэографа, яго высокая культура і пачуццё такту.
У невялікім пакоі, што замацаваны за кіраўніком “Сузор’я”, адна сцяна амаль цалкам завешана пасведчаннямі ўзнагарод на розных конкурсах і фестывалях. Сярод самых прэстыжных Вадзім Пятровіч лічыць і званні лаўрэата міжнародных харэаграфічных фестываляў “Сожскі карагод” у Гомелі і “Вясновыя арабескі” ў Луганску (Украіна), Міжнароднага фестывалю нацыянальных культур “Кубанскі казачок”.… Працаваць харэографам Вадзім Матанцаў пачаў падчас вучобы ва Універсітэце культуры. На гэта скіроўвала і тое, што ён меў ужо сям’ю, пра якую трэба было клапаціцца. Адначасова ўдзельнічаў у якасці танцора ў знакамітым, на той час сталічным, фальклорным калектыве “Карагод” Аляксандра Баканава.
У Салігорскі палац культуры Вадзім Пятровіч трапіў па конкурсе. Кіраўніцтва Палаца і горада паставіла перад ім задачу стварэння дарослага калектыву народнага накірунку.
 /i/content/pi/cult/132/705/Matancau2.jpg

 Сям’я Матанцавых у сваёй кватэры. 

Дзіцячых калектываў такога плана ў горадзе было
шмат, а дарослага — не было.
Вось тады і спатрэбіўся В.Матанцаву вопыт працы ў “Карагодзе”, навука А.Баканава. Вывучаў, збіраў ён танцавальны фальклор і ў вёсках Салігорскага раёна — Ключах, Крывічах, Цісаве, Пагосце. Сёння ў рэпертуары “Сузор’я” такія танцы, як “Лявоніха”, “Скакуха”, “Падушачка”, “Бульба”, “Таўкачыкі”, “Мітусь”, “Перапёлачка”. Шмат харэаграфічных твораў выконваецца пад гучанне запісаў “Песняроў”. Распрацоўвае Вадзім Пятровіч і эстрадныя танцы, у гэтым яму дапамагае жонка Людміла, таксама выпускніца БДУ культуры і мастацтваў. Дарэчы, у малодшых узроставых групах “Сузор’я” ўдзельнічаюць і абодва іх сыны.
Яшчэ В.Матанцаў выступае на сцэне з сольнымі нумарамі, распрацоўвае ён і харэаграфію іншых народаў. Ёсць у рэпертуары “Сузор’я” цыганскі танец, не так даўно ўсе тры ўзроставыя групы прадстаўлялі на сцэне ўкраінскую харэаграфію. На чарзе — распрацоўка рускіх танцаў.
Карацей, задачу па стварэнні адметнага калектыву народнага накірунку В.Матанцаў выканаў. Горад таксама не застаўся ў даўгу. Маладой сям’і патрэбна было жытло, — і яна яго атрымала: напачатку — інтэрнат, а тры гады таму — трохпакаёвую кватэру. Яна, праўда, вымагала сур’ёзнага рамонту, але гэта ўжо — дэталі. У тым, што Матанцавы ператварылі яе ва ўтульны, прыгожы і, галоўнае, свой дом, я змагла ўпэўніцца.
Пэўна, ёсць у рабоце Вадзіма Пятровіча і праблемы?
— Адна з іх, — адказвае кіраўнік “Сузор’я”, — цякучасць кадраў. Нехта пераязджае на вучобу ў іншы горад, нехта выходзіць замуж…— Наколькі я разумею, прасцей будзе знаходзіць замену, калі падрастуць малодшыя групы калектыву, якія, мусіць, з гэтай мэтай і ствараліся? А вось як узнікла ідэя арганізацыі “Тапатушак”?
— Ад жадання паспрабаваць сябе ў чымсьці новым. Праходзіў я неяк каля пляцоўкі, дзе ў нас ладзяцца вечары для людзей старэйшага пакалення. І так уразілі іх запал, іх энтузіязм! Тады я аб’явіў набор у групу “ад 50-ці...”. Насамрэч не толькі я штосьці даю гэтым жанчынам у плане мастацкай творчасці — і яны даюць мне вельмі шмат: падпітваюць мяне сваёй цудоўнай энергетыкай.

Наталля РУСАК
Мінск — Салігорск — Мінск
Фота аўтара