Выступае “Сузор’е”: у цэнтры — В.Матанцаў. |
— Здавалася б, — кажуць яны, — і не той узрост, каб танчыць на сцэне. Але сапраўднымі самадзейнымі артыстамі робіць нас майстэрства харэографа, яго высокая культура і пачуццё такту.
У невялікім пакоі, што замацаваны за кіраўніком “Сузор’я”, адна сцяна амаль цалкам завешана пасведчаннямі ўзнагарод на розных конкурсах і фестывалях. Сярод самых прэстыжных Вадзім Пятровіч лічыць і званні лаўрэата міжнародных харэаграфічных фестываляў “Сожскі карагод” у Гомелі і “Вясновыя арабескі” ў Луганску (Украіна), Міжнароднага фестывалю нацыянальных культур “Кубанскі казачок”.… Працаваць харэографам Вадзім Матанцаў пачаў падчас вучобы ва Універсітэце культуры. На гэта скіроўвала і тое, што ён меў ужо сям’ю, пра якую трэба было клапаціцца. Адначасова ўдзельнічаў у якасці танцора ў знакамітым, на той час сталічным, фальклорным калектыве “Карагод” Аляксандра Баканава.
У Салігорскі палац культуры Вадзім Пятровіч трапіў па конкурсе. Кіраўніцтва Палаца і горада паставіла перад ім задачу стварэння дарослага калектыву народнага накірунку.
Сям’я Матанцавых у сваёй кватэры. |
Вось тады і спатрэбіўся В.Матанцаву вопыт працы ў “Карагодзе”, навука А.Баканава. Вывучаў, збіраў ён танцавальны фальклор і ў вёсках Салігорскага раёна — Ключах, Крывічах, Цісаве, Пагосце. Сёння ў рэпертуары “Сузор’я” такія танцы, як “Лявоніха”, “Скакуха”, “Падушачка”, “Бульба”, “Таўкачыкі”, “Мітусь”, “Перапёлачка”. Шмат харэаграфічных твораў выконваецца пад гучанне запісаў “Песняроў”. Распрацоўвае Вадзім Пятровіч і эстрадныя танцы, у гэтым яму дапамагае жонка Людміла, таксама выпускніца БДУ культуры і мастацтваў. Дарэчы, у малодшых узроставых групах “Сузор’я” ўдзельнічаюць і абодва іх сыны.
Яшчэ В.Матанцаў выступае на сцэне з сольнымі нумарамі, распрацоўвае ён і харэаграфію іншых народаў. Ёсць у рэпертуары “Сузор’я” цыганскі танец, не так даўно ўсе тры ўзроставыя групы прадстаўлялі на сцэне ўкраінскую харэаграфію. На чарзе — распрацоўка рускіх танцаў.
Карацей, задачу па стварэнні адметнага калектыву народнага накірунку В.Матанцаў выканаў. Горад таксама не застаўся ў даўгу. Маладой сям’і патрэбна было жытло, — і яна яго атрымала: напачатку — інтэрнат, а тры гады таму — трохпакаёвую кватэру. Яна, праўда, вымагала сур’ёзнага рамонту, але гэта ўжо — дэталі. У тым, што Матанцавы ператварылі яе ва ўтульны, прыгожы і, галоўнае, свой дом, я змагла ўпэўніцца.
Пэўна, ёсць у рабоце Вадзіма Пятровіча і праблемы?
— Адна з іх, — адказвае кіраўнік “Сузор’я”, — цякучасць кадраў. Нехта пераязджае на вучобу ў іншы горад, нехта выходзіць замуж…— Наколькі я разумею, прасцей будзе знаходзіць замену, калі падрастуць малодшыя групы калектыву, якія, мусіць, з гэтай мэтай і ствараліся? А вось як узнікла ідэя арганізацыі “Тапатушак”?
— Ад жадання паспрабаваць сябе ў чымсьці новым. Праходзіў я неяк каля пляцоўкі, дзе ў нас ладзяцца вечары для людзей старэйшага пакалення. І так уразілі іх запал, іх энтузіязм! Тады я аб’явіў набор у групу “ад 50-ці...”. Насамрэч не толькі я штосьці даю гэтым жанчынам у плане мастацкай творчасці — і яны даюць мне вельмі шмат: падпітваюць мяне сваёй цудоўнай энергетыкай.
Наталля РУСАК
Мінск — Салігорск — Мінск
Фота аўтара