Падарожжа па “Калейдаскопе”

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

“Абстрактная геаметрыя” Вячаслава Ігнаценкі

/i/content/pi/cult/366/7049/3-1.jpeg

Нацыянальны мастацкi музей Рэспублiкi Малдова ў Кiшынёве да 4 сакавiка экспануе выстаўку нашага суайчыннiка, ураджэнца Гомельшчыны Вячаслава Iгнаценкі. "Калейдаскоп" - трыццатая выстаўка мастака.

Кiраўнiк беларускай супольнасці ў Малдове Юрый Статкевiч у свой час прапанаваў дырэктару Нацыянальнага мастацкага музея Тудару Збырнi, чые работы летась дэманстраваліся ў нашым Нацыянальным мастацкім, iдэю зладзіць выстаўку беларускага жывапісу. Той з радаcцю падтрымаў ідэю.

Вернiсаж Вячаслава Iгнаценкi сабраў вялiкую колькасць сяброў, паважаных гасцей i прадстаўнiкоў буйнога бiзнесу. Тут былi i дзеячы малдаўскай культуры: згаданы Тудар Збырні, старшыня Саюза мастакоў Малдовы Генадзь Жалобэ, мастацтвазнаўца Тудар Борагэ. Падтрымалi суайчынніка i прадстаўнiкi Пасольства Рэспублiкi Беларусь, беларусы Малдовы.

"Мы рады бачыць у нашых сценах такую каштоўную калекцыю, ствoраную цягам амаль дваццацi гадоў. Нягледзячы на тое, што пераважная большасць малдаўскіх мастакоў займаецца абстрактнай творчасцю, геаметрыя Вячаслава Ігнаценкi - гэта нешта ўнiкальнае для малдаўскага гледача. Яго "Калейдаскоп" захоплiвае, уцягвае ў гульню i зачароўвае. Я даўно казаў мастаку: такая абстракцыя - яго непаўторны шлях!" - адзначыў Тудар Збырні./i/content/pi/cult/366/7049/3-2.jpeg

"Гэта выстаўка для мяне юбiлейная - трыццатая, - таму i "Калейдаскоп", з аднаго боку, - абстрактная геаметрыя, як адзiн з найцiкавейшых напрамкаў маёй дзейнасцi, з іншага ж - нейкае абагульненне. Я не хачу падпарадкоўвацца аднойчы знойдзенаму стылю, таму працую ў розных напрамках. Мне падабаецца шматграннасць. Люблю рабiць адкрыцці, няхай i для сябе. Так цiкавей!" - кажа Вячаслаў.

Экскурсiя па "Калейдаскопе" мастака Iгнаценкi прыносіць сапраўдную асалоду. Экспрэсiўныя работы тут чаргуюцца з выверанымi геаметрычнымi. Дынамiка i гульня колеру надаюць творам "Зоркавы дождж", "Знак", "Палёт", "Вецер" цiкавы знакавы сэнс. Кампазіцыi "Гульня", трыпцiх "Калейдаскоп", "Мiраж", "Поле прыцяжэння" за кошт колеру i розных форм дэманструюць гледачу рытм i глыбiню.

"Многiя пытаюцца, чаму ў аснове маiх абстрактных работ - такая выверанасць. Для мяне гэта - свайго роду архiтэктурнае цi праектнае рашэнне на палатне, якое нясе iншую нагрузку i значэнне, чым традыцыйны жывапiс, хаця iх i яднаюць кампазiцыя, малюнак, тон, паўтон, святло i цень, а завастрае i падкрэслiвае форму чысты, кантрасны колер", - дзeлiцца Вячаслаў Iгнаценка сваiмi адчуваннямi.

"Сапраўды, беларускiя мастакi ўнеслi значны ўклад у сучасную малдаўскую мастацкую школу, - падкрэслівае мастацтвазнаўца Тудар Борагэ. - Для мяне вiдавочны вялiкi ўплыў на развiццё малдаўскага выяўленчага мастацтва такой звязкi пакаленняў выдатных беларускiх мастакоў, як Уладзiмiр Акушка - Гаўрыла Вашчанка - Вячаслаў Iгнаценка".

Ганна МАЗУР

Кішынёў

На ілюстрацыях: творы "абстрактнай геаметрыі" Вячаслава Ігнаценкі.