Шлях да Нясвіжа

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Хто ў галерэі дуэта скульптараў?

/i/content/pi/cult/366/7048/2-2.jpeg

З 15 лютага ў Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе выстаўка скульптуры народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Льва Гумілеўскага і яго сына Сяргея. Абодва яны - лаўрэаты прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. "Шлях да Нясвіжа" - так назвалі аўтары сваю экспазіцыю. /i/content/pi/cult/366/7048/2-1.jpeg


І гэта невыпадкова: горад з'яўляецца часткай іх жыцця, шматлікія работы скульптараў прысвечаны гістарычным падзеям старажытнага Нясвіжа, што сёлета стаў Культурнай сталіцай Беларусі, і асобам, якія праслаўлялі Нясвіжчыну.

Леў Гумілеўскі - прыхільнік традыцыйнай скульптуры. Аднымі з галоўных рыс майстра з'яўляюцца грунтоўнасць і ўнутраная цэласнасць, што дазваляе яму захаваць вернасць сваёй справе. Яго работы - шчырыя, цёплыя, жывыя кампазіцыі, якія здзіўляюць сваёй глыбінёй і выклікаюць моцныя ўражанні. А ягонае адданае стаўленне да сваёй справы выклікае павагу. Мастак прымае ўдзел у выстаўках з 1958-га, і вось, праз столькі гадоў, адкрылася яго першая персанальная экспазіцыя.

Творчасць Сяргея Гумілеўскага таксама разнастайная па тэматыцы. Цягам многіх гадоў ён звяртаецца да тэмы мацярынства і вырашае яе ў розных матэрыялах і ў розных па стылі работах. Але ўсе яны прасякнуты радасцю і чысцінёй. Тэма жаночай прыгажосці з'яўляецца адной з галоўных у творчасці скульптара.

Адзначым, летась Леў Мікалаевіч і Сяргей Львовіч сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу на стварэнне праекта помніка народным паэтам Беларусі Янку Купалу і Якубу Коласу для Варшавы.

На выстаўцы можна ўбачыць больш за 40 работ мастакоў з бронзы, сілуміну, каменю, дрэва - рознай тэхнікі і апрацоўкі матэрыялаў.

Шырока прадстаўлена ўнікальная партрэтная галерэя асветнікаў, пісьменнікаў, паэтаў, кампазітараў, якія пакінулі значны след у культуры і гісторыі нашай краіны: выявы К.Тураўскага, Е.Полацкай, Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, А.Міцкевіча, М.Агінскага, К.Каліноўскага, Т.Касцюшкі... І гэта - толькі невялікая частка спадчыны мастакоў.

Вольга ШКРАБІНА, старшы

навуковы супрацоўнік Нясвіжскага

гісторыка-краязнаўчага музея