Як можна заўважыць, усе трое вышэйназваныя кінематаграфісты - расіяне, запрошаныя прыняць удзел у сумесным праекце на нашу студыю. "А як жа нацыянальнае кіно?" - запытаюць скептыкі. Зразумела, без міжнароднага супрацоўніцтва ў нашы часы не абыдзешся, але "Беларусьфільм" носіць высокі статус Нацыянальнай кінастудыі. Ці будуць створаныя замежнымі спецыялістамі стужкі насіць адпаведны характар?
Адной з характэрных рыс "Беларусьфільма" ва ўсе часы былі так званыя варагі - запрошаныя з іншых рэспублік кінематаграфісты (рэжысёры, акцёры, сцэнарысты), якія прывозілі ў Мінск свае асабістыя праекты ці працавалі па запрашэнні студыі. У гісторыі сусветнага кіно застануцца выбітныя карціны, створаныя ў Беларусі рэжысёрам Элемам Клімавым, аператарам Аляксандрам Княжынскім... На "Беларусьфільме" адну са сваіх першых роляў у кіно выканаў Уладзімір Высоцкі; сцэнарыі Генадзя Шпалікава знайшлі дастойнае ўвасабленне дзякуючы рэжысуры яго беларускага сябра Віктара Турава... На "Беларусьфільме" здымаліся і такія "гіганты", як Алег Янкоўскі і Данатас Баніёніс... Словам, у тым ліку дзякуючы ўсім тым асобам, назва "Беларусьфільм" гучала на ўвесь свет.
Аднак былі і іншыя "варагі" - акцёры, рэжысёры, сцэнарысты, якія відавочна ехалі на "правінцыйную" студыю за "доўгім" рублём, прапаноўвалі "Беларусьфільму" тое, што не маглі "ўладкаваць" на цэнтральных кінастудыях. У выніку пад маркай беларускай студыі выходзілі шэрыя, нікому не цікавыя карціны, якія, аднак, вельмі адмоўна ўплывалі на вобраз айчыннага кіно за межамі тагачаснай БССР...
Новаму "Беларусьфільму", які фарміруецца цягам дваццаці апошніх гадоў, даводзіцца зноў запрашаць "варагаў", але... відавочна ў прынцыпова новай якасці. Папулярнасць сучаснага "Беларусьфільма" сярод кінавытворцаў з-за мяжы добра вядомая: тэхнічныя спецыялісты і здымачныя пляцоўкі нашай студыі, аб'ектыўна, - адны з лепшых на постсавецкай прасторы. Справа - за творчым ды прадзюсарскім вопытам, дзеля якога і існуюць сумесныя пастаноўкі. Тым больш, катэгорыя "нацыянальнага" ў сучасным глабалізаваным свеце атрымлівае новае гучанне. Сведчаннем таму - новыя сумесныя праекты Нацыянальнай кінастудыі, у тым ліку стужка "Адзінокі востраў" эстонскага рэжысёра Пеэтэра Сіма і латвійскага прадзюсара Гаціса Умпаліса, які здымаўся і ў Эстоніі, і ў Беларусі, а многія ролі ў фільме выконвалі нашы акцёры, што самі сталі сапраўднымі беларускімі "варагамі" ў эстонскім кіно.
Такім чынам, айчыннае кіно атрымлівае звышкарысны вопыт сумеснай працы і, адначасова, - вельмі каштоўную рэпутацыю нацыянальнага вытворцы на міжнародным узроўні. Справа - за айчыннымі рэжысёрамі і сцэнарыстамі, якія, спадзяёмся, хутка знойдуць годных партнёраў для сумесных пастановак.
С.А.
На здымках: кадры з фільма "Адзінокі востраў".