Вымярэнні дак-кіно

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Новыя стужкі “Беларускага відэацэнтра”: гісторыя з загадкамі і без іх. Частка ІІ

Сёння мы завяршаем агляд новых стужак "Беларускага відэацэнтра", прысвечаных знакавым з'явам, падзеям і постацям айчыннай гісторыі. Гэтыя фільмы аб'яднаны імкненнем іх аўтараў зрабіць сваё кіно непадобным на шараговую прадукцыю, якую звычайна прапануюць тэлеканалы.

Гісторыя пытання

"Гісторыя беларускага тэатра. Нараджэнне" - стужка сцэнарыста і рэжысёра Іны Віннікавай. Гэтая карціна нясе відавочна асветніцкую функцыю, бо яе мэта - у простай форме распавесці гісторыю айчыннага тэатральнага мастацтва з самага яго зараджэння да 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Аўтар абрала для сваёй стужкі жанр журналісцкага нарыса, які часта сустракаецца на тэлеканалах, але насыціла яе мноствам вобразаў, што дазваляе лічыць стужку ўзорам сучаснай кінадакументалістыкі.

Пачынаецца карціна з тыпова журналісцкага прыёму: наведвальнікам аднаго з самых вядомых спектакляў мінулага тэатральнага сезона - пастаноўкі Купалаўскага "Выкраданне Еўропы, або тэатр Уршулі Радзівіл" - прапануецца сказаць колькі слоў пра гісторыю ўзнікнення беларускага тэатра, якое відавочна бянтэжыць большасць гледачоў сучаснага спектакля... Такім чынам, аўтар стужкі адразу адказвае на магчымае пытанне: а навошта здымаць такі фільм? "Гісторыя беларускага тэатра. Нараджэнне", такім чынам, з'яўляецца трапным экскурсам па амаль тысячагадовым шляху развіцця адпаведнага мастацтва - ад сярэднявечных скамарохаў, "школьных тэатраў" у духоўных навучальных установах і магнацкіх сядзібах ХVІІІ стагоддзя, знакамітых кірмашовых батлеек да прафесійнага тэатра Ігната Буйніцкага ўключна.

Карціна насычана візуальным і фактаграфічным матэрыялам. Аўтар вырашыла не выкарыстоўваць шырока распаўсюджаны ў сучаснай дакументалістыцы прыём рэканструкцыі, пабудаваўшы скразны вобразны шэраг з дапамогай сцэн з вышэйназванага спектакля Мікаля Пінігіна ды ілюстрацый. Асноўны інфармацыйны рад падаецца ў выглядзе своеасаблівага аповеду, у аснове якога - фрагменты экскурсіі ў сталічным Музеі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. Галоўная перавага карціны - у відавочнай прастаце і лёгкасці яе ўспрымання. "Гісторыя беларускага тэатра. Нараджэнне" ўтрымлівае неабходную колькасць патрэбных для ведання гісторыі фактаў, але не адрозніваецца празмерным дыдактызмам. У ёй няма дыктарскага тэксту або вядучага, але ўсе аповеды і фрагменты інтэрв'ю злучаны ў адзіную лагічную лінію.

Галоўная думка фільма, якую і аўтар, і дзеячы ды гісторыкі айчыннага тэатра, што прымалі ўдзел у здымках, спрабуюць вельмі трапна данесці да гледача: беларускае тэатральнае мастацтва з самага пачатку развівалася паралельна заходнееўрапейскаму і пэўны перыяд нічым яму не саступала. Творчасць Францішкі Уршулі Радзівіл і яе трупы ў гэтым плане ў карціне выкарыстоўваецца ў якасці асноўнага прыкладу, багаты візуальны шэраг упрыгожваюць будынкі і інтэр'еры адрэстаўраванага Нясвіжскага палаца. Дынамічны мантаж дадае фільму Іны Віннікавай відовішчнасці. Пэўнае здзіўленне выклікае дубліраванне персанажаў стужкі, якія размаўляюць на беларускай, на... рускую мову. Зразумела, што "Беларускі відэацэнтр" плануе дэманстраваць стужку не толькі беларускім гледачам, але, тым не менш, цікава, ці існуе яе цалкам беларускамоўны варыянт?

Удалае спалучэнне інфармацыйнай насычанасці і добрай рэжысуры робяць стужку Іны Віннікавай адным з найлепшых прыкладаў фільмаў адпаведнага гістарычнага жанру, што выпускаліся ў Беларусі апошнім часам.

Пра Заходні асобны

Апошнім у дадзеным аглядзе прапануем азнаёміцца з мастацка-публіцыстычнай стужкай "Чэрвень 41-га. Заходні асобны" Святаслава Мядзведзева і Генадзя Рабцава, якая распавядае пра гісторыю стварэння лініі Сталіна - лініі вайсковых умацаванняў, пабудаванай на савецка-польскай дзяржаўнай мяжы ў
1920-я - 1930-я гады. Гэтую карціну "Беларускі відэацэнтр" стварыў сумесна з тэлекампаніяй "ВаенТБ", што, безумоўна, адбілася на форме яе ўвасаблення.

З усіх разгледжаных у дадзеным матэрыяле стужак "Чэрвень 41-га. Заходні асобны" больш чым астатнія бліжэйшы да азначэння тэлевізійнай вытворчасці. Аўтары фільма шырока карыстаюцца прыёмамі журналісцкага даследавання, увасобленага ў выглядзе шматлікіх гістарычных даведак і дыктарскага тэксту, кадрамі, знятымі на Музейным комплексе "Лінія Сталіна" пад Мінскам. Моцным бокам карціны з'яўляецца яе інфармацыйная змястоўнасць. Глядач можа даведацца са стужкі пра прызначэнне, тэхнічныя падрабязнасці стварэння і эксплуатацыі абарончых збудаванняў перадваенных часоў у розных еўрапейскіх краінах, дзеянні савецкага камандавання і гісторыю абароны дакаў на заходняй мяжы СССР у першыя дні Вялікай Айчыннай. У фільме выкарыстаны адпаведная кінахроніка, фота- ды іншыя архіўныя матэрыялы. Як заўсёды, удала выканаў сваю справу аператар Міхаіл Бродскі (дарэчы, аператар усіх стужак, што названы ў гэтым аглядзе).

Між тым, асноўнае патрабаванне, якое прад'яўляецца да журналісцкага твора - навізна,  - стужка не выконвае. Калі параўноўваць яе з аналагічнымі тэлевізійнымі перадачамі, што ўжо былі ў эфіры розных беларускіх тэлеканалаў, то стане відавочна: абсалютна новай інфармацыі стужка Святаслава Мядзведзева і Генадзя Рабцава, на жаль, не ўтрымлівае. Адсутнічае ў фільме і так званае чалавечае вымярэнне, без якога, пачынаючы з
1960-х, немагчыма ўявіць творы аб Подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай. Тым больш, што ўспаміны ветэранаў, якія ваявалі на апісаных у фільме ўмацаваннях, былі апублікаваны таксама яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму. Спроба аўтараў зрабіць фільм больш эмацыйным з дапамогай гістарычнай рэканструкцыі выглядае нават недарэчнай, бо пастановачныя сцэны зроблены вельмі недасканала і з'яўляюцца нават лішнімі, з пункта гледжання драматургіі ўсёй карціны.

Трэба адзначыць, што фільм "Чэрвень 41-га. Заходні асобны" створаны ў рэчышчы таго падыходу, які практыкаваўся ў нашай краіне нашмат раней за "ваенна-гістарычны бум" апошняга дзесяцігоддзя. У цэлым стужка яўна разлічана на аматараў гістарычнай рэканструкцыі і чытачоў папулярнай літаратуры, але прапануе тым не зусім адэкватную форму падачы інфармацыі. Фільм мог бы быць значна цікавейшы, калі б аўтары дакладна вызначыліся з жанрам свайго твора: журналісцкае даследаванне або, усё ж такі, дакументальнае кіно?..

А што далей?

Прыемна, што, мяркуючы па дадзеных навінках, "Беларускі відэацэнтр" плануе і надалей працягваць багатыя традыцыі айчыннай мастацкай дакументалістыкі. У бліжэйшай будучыні ўстанова плануе працу над шэрагам разнажанравых стужак, асноўнай мэтай якіх будзе дэманстрацыя ўнікальных з'яў беларускага грамадства і культуры. У запуску або ў найбліжэйшых планах БВЦ - вельмі цікавыя праекты Віктара Аслюка, Ігара Бышнёва, Юрыя Ігрушы, Зоі Катовіч, Алега Лукашэвіча, у тым ліку - і сумесныя праекты, скіраваныя на папулярызацыю нашай краіны за мяжой. Не выключана, што БВЦ таксама вернецца да праектаў па здымках ігравога кіно. Спадзяёмся, багатыя планы ўвасобяцца ў такія ж цікавыя прэм'еры, якія паспрыяюць развіццю гэтага цікавага вытворцы кінапрадукцыі ў нашай краіне.