Хор, ён — “пры любым надвор’і”

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Аўтарскія навацыі да песні

/i/content/pi/cult/366/7044/1-1.jpeg

29 лютага, акурат у дзень сваіх народзін, калі 60 гадоў таму быў падпісаны Указ аб заснаванні дзяржаўнага калектыву, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча адзначыць юбілей святочным канцэртам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Напярэдадні ж мы размаўляем з мастацкім кіраўніком калектыву - народным артыстам краіны, прафесарам Міхасём
ДРЫНЕЎСКІМ і ўдзельнікамі яго славутага хору.

- Кажуць, усе песні, адшуканыя ў народзе, ужо апрацаваны, і неаднойчы. Засталіся хіба новыя, аўтарскія, якія складаюцца сёння. Што будзеце рабіць, калі старадаўні фальклор скончыцца? Можа, менавіта таму і пашыраеце рэпертуар? Царкоўныя творы далучылі, музыку беларускіх кампазітараў...

- Як гэта "фальклор скончыцца"? Гэта ж невычэрпная крыніца таленту і мудрасці народу! Таму хопіць тых песень на доўгія гады. Можа, наадварот: не ўсё і трэба браць - толькі лепшае. А час ідзе - і хочацца, здараецца, апрацаваць песню іначай. І ў нас так было, што да адной і той жа песні за 60 гадоў звярталіся не раз. Але да такіх апрацовак трэба падыходзіць з чыстымі рукамі і чыстай душой, а не адно са сваімі творчымі амбіцыямі, каб, пры ўсёй празе да навацый, не загубіць душу самой песні. Царкоўныя ж творы мы спяваем як "хобі", тройчы ўдзельнічалі ў духоўных фестывалях - і тройчы атрымлівалі Гран-пры. Ведаеце, чым больш мы паглыбляемся ў царкоўную музыку, тым больш адкрываем для сябе... народную песню. Гэтыя два кірункі былі на Беларусі больш блізкімі адзін да аднаго, чым дзе. Спяваем мы, дарэчы, і песні іншых народаў. Звычайна, выпраўляючыся на гастролі, рыхтуем хаця б адну песню на той мове, куды едзем. У юбілейным канцэрце, да прыкладу, будзе і народная карэйская песня, якую мы выконвалі на тамтэйшым фестывалі яшчэ ў 1989 годзе і атрымалі ў выніку тры галоўныя прызы. Тройчы былі ў Кітаі, паездка туды плануецца і сёлета. Але там мы спявалі - "Кацюшу". Праўда, па-кітайску. І нам падпявалі!

- А беларускія песні - ці часта падпяваюць вам нашы слухачы?

- Апошнім часам увогуле ўсе сталі спяваць менш. І пачалося гэта не сёння і не ўчора. Як казала калісьці мая маці, што гэта за песні - са скрыні? Гэта яна так прыёмнік называла, калі пайшла мода па вуліцах з прыёмнікам у руках хадзіць.

- Цяпер ходзяць у навушніках, але сутнасць з'явы ад гэтага не змяняецца...

- Дрэнна, што спяваюць усё менш. Бо калі чалавек сам не спявае, дык яму і харавыя спевы іншых слухаць не вельмі хочацца. А вось прайшоўшы хаця б у дзяцінстве праз хор, як гэта, дарэчы, было раней, падлеткі і надалей, лічу, цягнуліся б да спеваў. Гэта ж самае таннае хобі! Не патрэбны ні інструменты, ні якія іншыя прылады - адкрывайце рот ды музіцыруйце сабе ў асалоду.

- Ды ўсё ж: самыя ўдзячныя слухачы ў нас ці ў замежжы?

- Як ні дзіўна, але мы практычна не адчуваем розніцы. І тут, і там прыём заўсёды бывае самы гарачы. Хіба што тут да нашых песень ставяцца з паразуменнем, а там - са здзіўленнем і асаблівай цікавасцю: маўляў, што гэта такое - беларуская народная песня? І заўсёды кажуць "Дзякуй!".

- Але, пэўна, ездзіць стала цяжэй? Апошнім часам усе скардзяцца на вялікія транспартныя, гатэльныя расходы. А ў вас жа калектыў - 70 чалавек! Паспрабуй такі вывезці...

- У паездкі бяром не ўсіх, але ўсё роўна няпроста. У савецкія часы мы грошы не лічылі. Калі ехалі кудысьці выступаць, быў у нас і дзень ад'езду, і дзень прыезду, а пасярод іх - канцэрт. Бывала, надараўся нават такі (не ведаю, казаць ці не)... "дзень пячаткі". Гэта калі хтосьці з артыстаў прыязджаў, а яму: "Ой, мы і забыліся, што вы павінны выступаць. Мы тут... ведаеце... Давайце мы вам пячатку паставім, што канцэрт - адбыўся, а вы адпачніце, мясціны нашы паглядзіце..." Карацей, пячатку - ставілі, а канцэрт - не патрэбны... Цяпер усё інакш. І гэта выдатна.

- Канцэрты, як любяць казаць у рэкламных роліках, адбываюцца "пры любым надвор'і"?

- І гэта добра! Але сама паездка, напрыклад, на Брэстчыну - гэта некалькі гадзін у аўтобусе, потым адразу выступленне, і зноў - аўтобус... Для голасу гэта кепска, яго трэба берагчы. Але галоўнае - што мы нясём песні людзям, што ім гэта патрэбна. У нас часта запытваюць: маўляў, а чаму вы ў нас не былі раней? Прыязджайце яшчэ! І гэта дае сілы. Беларускую песню павінны ведаць і ў нас, і ў замежжы. Днямі я вярнуўся з Усяпольскага фестывалю беларускай песні, што ўжо 43 гады існуе на Беласточчыне: я там ужо 27 гадоў - старшыня журы. Трэба бачыць, з якой павагай і любоўю там ставяцца да гэтай спадчыны!

- Можа, і ў нас трэба такі фестываль заснаваць? Каб гучалі не толькі эстрадныя песні, але і менавіта народныя  - у выкананні не адно фальклорных калектываў, а ўсіх прысутных. Гэткае "Спеўнае поле", як у Прыбалтыцы...

- Галоўнае - каб песня гучала. А ўжо як назваць усё гэта - канцэртам, вечарынай, цыклам, праграмай, праектам, аглядам, дэкадай, фестывалем, - не так важна. Апошнім часам і Міністэрства культуры, і апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей прыкладаюць шмат намаганняў, каб да нас прыязджалі беларусы замежжа. Іх прыклад можа навучыць і нас гэтак жа захоўваць уласныя традыцыі.

- Вы ж пераймалі харавыя традыцыі свайго калектыву непасрэдна ад Генадзя Цітовіча: ён сам запрасіў вас хормайстрам...

- Я ўспрыняў ад яго, найперш, разуменне народнай песні. Калі вучыўся ў кансерваторыі, бегаў на рэпетыцыі ў Дзяржаўную харавую капэлу да Рыгора Раманавіча Шырмы - лічыў сябе поўным акадэмікам (у сэнсе схільнасці да акадэмічнай музыкі). І запрашэнне да Цітовіча мяне нават збянтэжыла. Але тое, як ён разумеў і тлумачыў народныя песні - стала для мяне адкрыццём. Я глядзеў на яго папраўдзе з адкрытым ротам, зайздросціў ("О, як умее!"), імкнуўся пераняць. І, у выніку, застаўся ў гэтым калектыве назаўсёды. Можа, і сапраўды мне нешта такое ад яго перадалося? Тое, што нельга патлумачыць на матэрыяльным узроўні. Хаця думкі ж таксама матэрыялізуюцца. У тым ліку ў песні! Таму так важна данесці іх сэнс, кожнае слоўца: музыка ўжо ідзе ад іх, а не наадварот. Галоўнае - адчуць саму інтанацыю слова. У нас, як заўважаюць многія, большасць песень пачынаецца з "Ой...", але ж колькі ў тым "Ой": ёсць "Ой" балючае, а ёсць - усхваляванае... У кожнай песні - сваё...
Інтанацыя
і энергетыка

Васіль БРАІМ, саліст хору,
заслужаны артыст Беларусі:

- Я ўдзячны лёсу за тое, што ў гэтым калектыве ўжо 26 гадоў, бо спяваць - заўсёды было маёй марай. Прыйшоў сюды ўжо ва ўзросце, эканамістам па спецыяльнасці, з працоўным стажам на прадпрыемствах. Будучы артыстам хору, скончыў і музычнае вучылішча, і Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных у Маскве. Сёння і сам выкладаю - сольныя народныя спевы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Так званы белы гук, з якім многія асацыіруюць народны вакал, у прафесійным народным выканальніцтве, якім займаемся мы, непрымальны. Гук павінен заставацца "круглым", але адметным ад акадэмічнага. Тады народныя песні ператвараюцца ў сапраўдныя творы харавога мастацтва. Дыяпазон у артыстаў, у параўнанні з народнымі спевакамі, мусіць быць шырэйшы, гукавых фарбаў павінна быць больш, бо кожная песня спяваецца іншым тэмбрам голасу. Навучаць жа гэтаму ў нас пачалі адносна нядаўна: усяго гадоў дзесяць таму. А тут столькі тонкасцей! Лірычныя песні, калыханкі, плачы-галашэнні - кожная з іх мае сваю стылістыку, свае штрыхі і, адпаведна, таямніцы выканання. У народзе была распрацавана свая сістэма падрыхтоўкі: ад бабулі да ўнучкі. Калі дзяўчына не ўмела спяваць ды танчыць, не была прывучана да хатніх работ і рукадзелля, дык як жа яна выйдзе замуж? Сёння тыя традыцыі шмат у чым страчаны, дый вёска ўжо не тая: час змяняецца. Таму так важна захаваць пераемнасць лепшых традыцый. А тут галоўнае - нават не мелодыя, а менавіта інтанацыя: не проста як гукавое адценне, а як стаўленне таго, хто спявае, да таго, што ён спявае...

Людміла ЗЯМЦОВА, салістка хору:

- За 24 гады, што я працую ў калектыве, склад хору змяніўся. Сыходзілі ветэраны, прыходзіла моладзь - як і я сама калісьці. Але не змянялася адно: калектыў заставаўся нашым домам, нашай сям'ёй. У Міхася Паўлавіча такая энергетычная сіла, што ён усіх вядзе за сабой - і мы ў яго вучымся, бо ніхто так тонка не адчувае народную песню, як ён. Адсюль і формы яе падачы: хорам, з салістам, дуэтам, квартэтам, іншымі ансамблевымі складамі. Ён умее знайсці "разыначку"!..


А можа, зробім мюзікл?

Дзмітрый АКУЛІЧ, дырэктар калектыву:

- Такі вялікі хор, як наш, не можа быць, вядома, самаакупным. Таму вялікі дзякуй дзяржаве і Міністэрству культуры, якія падтрымліваюць нас, разумеючы, што наша паспяховая дзейнасць складае добры імідж усёй краіне. Увогуле, народнае мастацтва, узнесенае на прыступку прафесіяналізму, - гэта брэнд любой культуры. І - нашай, беларускай! На жаль, сярод часткі публікі склаўся стэрэатып: хор - гэта штосьці статычнае, а таму, як бы добра ні спявалі, нецікавае: стаяць, рукі па швах... Наш калектыў даўно ўжо гэты стэрэатып парушыў. Таму хочацца парушыць яго і ў публікі. У перспектыве (ёсць такія задумы) зробім, можа, беларускі мюзікл - стылізаваны, дзе народныя песні і народныя строі прыйдуцца да месца. Таксама хочам зрабіць новыя запісы нашых кампазіцый, разаслаць іх па радыёстанцыях, каб часцей ставілі ў эфір. За 60 гадоў, цягам якіх існуе хор Цітовіча, змяніліся псіхалогія і філасофія слухачоў. Таму, я ўпэўнены, мы зможам змяніць іх густы, накіраваць іхнія прыхільнасці ў рэчышча высокай творчасці. У гэтым я арыентуюся і на ўласныя адчуванні. Калі ўпершыню трапіў на канцэрт народнага хору (а гэта было яшчэ ў студэнцтве, задоўга да працы ў калектыве), у мяне па целе мурашкі пабеглі... Многія слухачы папросту не разумеюць, якія адкрыцці іх чакаюць пры кожным такім выступленні. А як можна палюбіць, калі не ведаеш? На папулярызацыю такой з'явы не трэба шкадаваць ні грошай, ні сіл. Таму цяпер я і прыкладаю ўсе намаганні, каб данесці да астатніх той стан, які я адчуў, упершыню трапіўшы на канцэрт хору імя Цітовіча ў філармоніі...

Галіна ГАРЫНОВІЧ, рэпетытар па балеце:

- За дваццаць гадоў працы артысткай балетнай групы хору я ўжо прызвычаілася, што калі кажу, дзе працую, бачу здзіўленыя вочы: маўляў, няўжо ў народным хоры ёсць балет? Зразумела, так могуць спытаць хіба тыя, хто ніколі не бываў на нашых канцэртах. У нас - дзесяць балетных пар, і мы імкнёмся ледзь не кожнае выступленне ператварыць у гэткі "міні-спектакль". Наша галоўная задача - "станцаваць" песню. Але ёсць у нас і самастойныя харэаграфічныя нумары - тая ж "Полька з прысюдамі". Пасля заканчэння ўласна танцавальнай кар'еры мяне запрасілі застацца ў калектыве, але - у новай якасці. За гэтыя два гады я зрабіла ўжо шэсць новых пастановак. Спачатку, разам з Юрыем Паўлішыным - "Рэчыцкія дажынкі". Потым была "Масленіца", складаная з-за "ламаных", зменлівых рытмаў. Задумаліся мы і над "Купалінкай". Калі зрабілі пластычны відэарад, успрыняцце песні адразу стала іншым. Акрамя выкарыстання традыцыйных форм, шукаем і наватарскія рашэнні - у лексіцы танца, у харэаграфічных малюнках. Беражліва захоўваем і старыя нумары, упадабаныя публікай. Тая ж "Лявоніха" ў новых касцюмах, зробленых Юрыем Піскуновым, стала непазнавальнай! А на юбілейным канцэрце пакажам прэм'еру "Вясельнай сюіты". Цікава, што саму тэму гэтай пастаноўкі падказала наша цудоўная салістка - заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Крыловіч. І прапанавала "ў дадатак" чатыры народныя песні. З іх апрацовак і спляліся нашы "вясельныя карункі". Так што наш калектыў - "рухомы", ва ўсіх сэнсах слова...



Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"