"Але-але-але-але!..", або "Хакей" у кабінетах, а хутка ж Чэмпіянат свету

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Ці не застануцца "Партызаны" ў овертайме?

 

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей можна сустрэць і тыя /i/content/pi/cult/366/7043/1-2.jpegпомнікі, што знаходзяцца пад пагрозай поўнага знішчэння. Прычым у гэтую, апошнюю, частку своеасаблівай (ды, на шчасце, невялікай) "Чырвонай кнігі" трапіла не толькі ўшчэнт прагнілая драўляная Пакроўская царква XVIII стагоддзя ў Петрыкаве, якую ўжо наўрад ці магчыма аднавіць з захаваннем аўтэнтычных матэрыялаў, але таксама і твор, што паўстаў усяго сорак гадоў таму, - мазаічнае пано "Партызаны" на фасадзе мінскага гатэля "Турыст" аўтарства народнага мастака БССР, знакамітага жывапісца-манументаліста Аляксандра Кішчанкі. Гісторыка-культурная каштоўнасць 2-й катэгорыі!

180 кв. м мазаічнага пано, чатыры тоны смальты... Гэтыя ўражальныя колькасныя паказчыкі - зразумела, зусім не асноўныя вартасці твора Аляксандра Міхайлавіча. Мазаіка стала адной з архітэктурных ды сэнсавых дамінант Партызанскага праспекта. Менавіта таму гэты ўзор манументальнага мастацтва і цяпер трапляе на вока дзясяткам тысяч людзей штодня. Ці, дакладней, мінакі сёння бачаць зялёную будаўнічую сетку, пад якой праглядаюцца няўцямныя абрысы. І бачаць яе ўжо не першы год, хаця ніякага будаўніцтва тут не вядзецца.

Калі статус-кво захаваецца і надалей, такой карцінай Мінск "парадуе" і незлічоных замежных турыстаў, якія прыедуць на Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе. Прычым "шыла ў мяшку не ўтоіш": без сумневу, пэўная частка гасцей размесціцца менавіта ў прэзентабельным гатэлі "Турыст".

Зрэшты, часу яшчэ дастаткова для таго, каб гэты статус-кво кардынальна змяніць.

У ролі "спісанай торбы"

/i/content/pi/cult/366/7043/1-4.jpegГалоўны спецыяліст аддзела культуры Заводскага раёна Мінска Галіна Маліноўская кладзе перада мной важкую папку дакументаў. У ёй - гісторыя "хаджэння па пакутах" мазаічнага пано, якая сваёй дынамікай нагадвае сюжэт "мыльнай оперы": нешта, нібыта, і адбываецца, але, насамрэч, не адбываецца нічога. Жанравая прыналежнасць гэтай гісторыі пагэтуль яшчэ не вызначана: без сумневу, яна залежыць ад фіналу.

Адслаенне мазаікі пачалося яшчэ ў ранніх 1990-х. Здавалася б, гэта дзіўна: узоры манументальнага мастацтва старажытных Фіваў вунь тры тысячы гадоў стаяць без рэстаўрацыі... Але ж дажджы там бываюць раз на дзесяцігоддзе. А ў нас?

- Паводле заключэння экспертаў, галоўнай прычынай адслаення стала паветраная падушка, утвораная паміж той нахіленай плоскасцю, на якой непасрэдна размяшчаецца мазаіка, і асноўнай бетоннай сцяной, што, дарэчы, таксама актыўна руйнуецца, - распавядае дырэктар Мастацкага камбіната Тамара Макарышава. - Зразумела, што ў гэты прамежак пастаянна трапляе вільгаць, і яе ўздзеянне - папраўдзе катастрафічнае...

Да таго ж, сваю справу зрабіла і другая лінія метро, якая прайшла літаральна пад мазаікай  - ужо значна пазней за яе паўстанне, - і таму вібрацыя, выкліканая коламі цягнікоў, ад пачатку ў разлік не бралася. Дарэчы, менавіта гэты фактар яшчэ гадоў пятнаццаць таму абумовіў патрэбу рэстаўрацыі іншага знакавага манументальнага твора Аляксандра Кішчанкі - мазаічных пано ў мікрараёне "Усход". Яна была паспяхова выканана сіламі таго самага Мастацка-вытворчага камбіната Саюза мастакоў.

На нейкі час рыштаванні з'явіліся і ля мазаікі "Партызаны". Потым іх знялі. Ва ўласніка помніка спадчыны, якім на той момант лагічна з'яўляўся гатэль "Турыст" Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, патрэбных сродкаў не аказалася. Так, сума ўжо на той момант была папраўдзе немалая, але... Цяпер яна стала непараўнальна большай.

У архіве аддзела культуры Заводскага раёна ёсць каштарыс на правядзенне рэстаўрацыі, датаваны 2005 годам, дзе фігуруе сума амаль у мільярд рублёў. Безумоўна, на сёння ён састарэў, і не толькі ў звязку з інфляцыяй. За прамінулыя сем гадоў плошча ацалелай мазаікі істотна паменела - ці не ўдвая. Значыць, і "цана пытання" вырасла ў адпаведнай прапорцыі.

Можна цалкам меркаваць, што калі б мазаіка не мела статуса помніка спадчыны, яе лёс ужо даўно вырашыўся б - як гэта здарылася, прыкладам, з "аварыйным" сацрэалістычным пано на будынку БДУІР, без усялякага тлуму дэманціраваным гады тры таму. Але ў дадзеным выпадку ўсё куды складаней.

У 2008-м тагачасны ўласнік помніка спадчыны выступіў з ініцыятывай пазбаўлення пашчэрбленай мазаікі гэтага статуса. Прапанова была адхілена. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі ўжо неаднаразова тлумачыў на нашых старонках, што аб'ект не можа быць выключаны з Дзяржаўнага спіса з прычыны сваёй кепскай захаванасці: айчыннае заканадаўства такіх варыянтаў не прадугледжвае.

Таму ўзнікла пытанне: што рабіць далей? "Зачысціць" непрыглядную сценку ўласнік не меў права, рэсурсаў на аднаўленне ў яго не было... Выбітны мастацкі твор апынуўся ў недарэчнай для яго іпастасі "няпрофільнага актыву". Ці, калі без эўфемізмаў, - "спісанай торбы".

Як і ў большасці падобных выпадкаў, мячом для рассякання гордзіева вузла скарыстаўся менавіта кіраўнік муніцыпалітэта, які не спалохаўся ні складанасцей, ні адказнасці. У тым самым 2008 годзе тагачасны мэр Мінска Міхаіл Паўлаў прыняў валявое рашэнне: захаваць і аднавіць помнік спадчыны.

Неўзабаве пасля гэтага ў лёсе апошняга адбыліся першыя істотныя змены - няхай сабе, пакуль толькі ў юрыдычнай плоскасці. Горад узяў звышпраблемны аб'ект пад сваю апеку, і, у выніку, той апынуўся на балансе Заводскага раёна Мінска. Цікава, што сама сцяна, на якой размешчана мазаіка, мае іншага ўласніка...

Планы па рэстаўрацыі, здавалася б, пачалі ўрэшце набываць канкрэтныя абрысы, аднак... Заўчасны сыход з жыцця Міхаіла Паўлава, а таксама мноства іншых фактараў замарудзілі іх рэалізацыю. Пытанне з фінансаваннем работ - хаця б толькі на іх пачатковай стадыі - не вырашана і па сёння. Але раённая адміністрацыя, што называецца, не здаецца.

 - Мы ўжо звярнуліся ў Мінгарвыканкам з просьбай знайсці магчымасць выдаткаваць гэтыя сродкі з гарадскога бюджэту. У адваротным выпадку, спадзяёмся выкарыстаць рэзервныя фонды раёна, - кажа Галіна Маліноўская.

А таксама, паводле яе слоў, ужо зусім хутка будуць выкананы і ўсе належныя юрыдычныя фармальнасці - уліковая картка ды ахоўная дошка. Вядома, праблему помніка, які працягвае руйнавацца, такі крок не вырашыць. Але затое ён сведчыць пра сур'ёзнасць намераў новага ўласніка.

І хаця на сёння нічога не прадвяшчае хэпі-энду, сумны сюжэт можа зрабіць рэзкі піруэт.

Рэстаўрацыя -

магчымая, былі б сродкі

Сцісла пераказаная вышэй гісторыя спараджае, прынамсі, два пытанні: ці магчыма было прадухіліць такое развіццё падзей, і ці можна выправіць яго наступствы? Менавіта гэтыя пытанні я задаў кіраўніку арганізацыі, што ўжо не адно дзесяцігоддзе непасрэдна займаецца стварэннем ды рэстаўрацыяй падобных твораў манументальнага мастацтва, - Мастацкага камбіната.

- Яшчэ гадоў сем - восем таму, калі ступень руйнавання мазаікі была значна меншая, а сродкі на рэстаўрацыю адсутнічалі, мы звярталіся да яе ўласніка з прапановай правесці хаця б кансервацыю пано, - кажа Тамара Макарышава. - Мы маглі б зняць са сцяны ацалелыя фрагменты, пранумараваць іх і ўзяць на адказнае захаванне да лепшых часоў. А калі яны надыдуць - проста вярнуць на сваё месца гэтыя арыгінальныя фрагменты. Лішне нават казаць, што ў такім выпадку працэс аднаўлення ўдалося б істотна спрасціць. На жаль, да гэтых прапаноў не прыслухаліся...

І сапраўды, навука тут вельмі простая: захоўваць значна танней, чым аднаўляць. Толькі вось ці будзе яна вывучана?

Тамара Іванаўна пераканана, што для захавання падобных манументальных твораў патрэбна перадусім увага. У якасці прыкладу яна распавяла пра іншы праблемны выпадак: не так даўно пад пагрозай апынулася мазаіка вядомага мастака Уладзіміра Крываблоцкага "Зямля", размешчаная на фасадзе Брэсцкага электрамеханічнага завода.

- Для таго, каб спыніць разбуральныя працэсы, у свой час было дастаткова зрабіць казырок, які засцерагаў бы пано ад пранікнення вільгаці, - тлумачыць дырэктар камбіната. - Мы аператыўна звярнуліся з такой прапановай да кіраўніцтва прадпрыемства, але адказу, на жаль, не атрымалі. І вось, не так даўно ўжо пачалося адслаенне... Таму, пакуль не позна, хацелася б звярнуць увагу абласных улад на гэтую сітуацыю...

Што ж да сталічнай гісторыі... Адразу пасля таго, як мазаіка "Партызаны" пачала асыпацца, удава мастака Ніна Кухарэнка прапанавала зняць з пано кальку-шаблон: каб потым было прасцей аднавіць страты. На жаль, да гэтай прапановы таксама не прыслухаліся. Сёння ўжо позна... І паколькі эскізы мазаікі таксама не захаваліся, адзінай асновай для яе аднаўлення з'яўляюцца старыя фотаздымкі, што фіксуюць "лепшыя часы" твора.

Магчымасць аднаўлення мазаікі ў яе першасным абліччы многім падаецца амаль нерэальнай. Да такой самай высновы прыйшлі і спецыялісты Інстытута жылля Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, якія правялі чарговае даследванне пано ў красавіку 2003 года. Даводзілася чуць таксама і наступнае пытанне: дзе ўзяць патрэбную колькасць смальты, якая ў свой час прывозілася з Украіны?

Не падвяргаючы сумневам аўтарытэт інстытута архітэктурна-будаўнічага профілю, усё ж вырашыў /i/content/pi/cult/366/7043/1-3.jpegадрасаваць закранутае пытанне куды больш "спецыялізаванай" у дадзеным выпадку арганізацыі - Мастацкаму камбінату. Адказ яго дырэктара быў кардынальна іншым: рэстаўрацыя цалкам магчымая - былі б грошы!

- У тым выпадку, калі пытанне з фінансаваннем будзе вырашана, мы гатовы хоць заўтра прыступіць да падрыхтоўчых работ, - кажа Тамара Макарышава. - На нашым камбінаце дастаткова кваліфікаваных спецыялістаў, ды і праблемы са смальтай  - таксама вырашальныя. Па-першае, у нас ёсць старыя запасы яшчэ з савецкіх часоў, а па-другое - можна наладзіць пастаўкі з той жа Украіны...

Дырэктар камбіната адмовілася назваць нават прыблізны каштарыс гэтага праекта. Але зразумела, што ён будзе даволі вялікім. Да таго ж, мастацкай частцы рэстаўрацыі павінна папярэднічаць хаця б частковае выкараненне тых прычын, што абумовілі яе неабходнасць.

- Класці мазаіку на старое месца няма ніякага сэнсу: яна неўзабаве зноў пачне асыпацца, - кажа Тамара Іванаўна. - Таму перад намі там павінны добра папрацаваць інжынеры і будаўнікі, прапанаваўшы найаптымальны варыянт вырашэння праблем помніка. Мы ж прыйдзем на аб'ект толькі па завяршэнні агульнабудаўнічых работ, каб накласці мазаіку на ўжо гатовую паверхню...

Безумоўна, гэта самы дарагі ды працаёмкі варыянт выйсця з дадзенай сітуацыі. Але... Якая яму можа быць альтэрнатыва? Дачакацца, пакуль мазаіка асыпецца ўшчэнт, а потым прыкрыць "асірацелы" мур рэкламным банерам, як ужо прапаноўваў наведвальнік аднаго інтэрнэт-форуму? Даруйце, але ж гэта, мякка кажучы - не варыянт!

Напамін

пра мужнасць

Сёй-той лічыць манументалістыку савецкай эпохі гэткім культурным анахранізмам: маўляў, яе час даўно ўжо мінуў. Напэўна, такі падыход і сапраўды правамоцны ў дачыненні да ўзораў стылю, якія нават самі іх аўтары ў прыватнай гутарцы называюць не інакш, як халтурай. Ніхто і не кажа пра тое, што кожнаму гіпсаваму "балвану" трэба надаваць статус музейнага прадмета ды здзьмухваць з яго пылінкі.

Але, як сведчыць гісторыя, кожная эпоха спараджае не толькі мастацкія стандарты і шаблоны, але і шэдэўры, здатныя яе перажыць - ды існаваць ужо па-за сваім ідэалагічным кантэкстам. Прыкладаў можна знайсці колькі заўгодна - ад егіпецкіх пірамід і да ўсіх увасабленняў ампіру, уключна з мінскім.

Менавіта таму сярод буйных замежных калекцыянераў не згасае попыт на савецкае мастацтва ўвогуле і сацрэалізм у прыватнасці. Вядома, гэта зусім не азначае, што мільянеры-"капіталісты" прасякнуліся змешчанымі ў такіх творах ідэйнымі пасыламі. Ды і манументальныя роспісы знакамітага мастака-камуніста Давіда Альфара Сікейраса выклікаюць захапленне зусім не толькі сярод яго аднадумцаў. І, між іншым, дбайна захоўваюцца ў публічнай прасторы Мехіка. Як і выдатныя манументальныя творы Дыега Рыверы і Хасэ Ароска.

Таму няма ніякага сумневу ў тым, што калі рэстаўрацыя мазаікі на фасадзе гатэля "Турыст" завершыцца да 2014 года, яна прыцягне ўвагу тых самых турыстаў, якія прыедуць на чэмпіянат. І, магчыма, выкліча іх шчырае захапленне. Тым больш, многія жыхары "заходняга свету" едуць у нашу частку Еўропы менавіта дзеля гісторыка-культурных помнікаў савецкага часу: у іх такіх няма, у адрозненне ад касцёлаў і замкаў.

Але самае важнае - нават не гэта. Мазаіку на сцяне гатэля "Турыст" ні ў якім выпадку нельга дапасоўваць да тых твораў савецкай пары, дзе чырвоны колер займае непрапарцыйна шмат месца. Пасыл ды ідэйны кантэкст "Партызанаў" не састарэюць ніколі (тым больш, варта нагадаць, што 2014-ы адзначаны для нас не толькі хакейнай падзеяй, але і 70-й гадавінай вызвалення Беларусі).

Як не састарэе, зрэшты, і творчасць аднаго з найвыбітных прадстаўнікоў свайго выбітнага пакалення беларускіх мастакоў. Аўтара, які, у любым выпадку, - "застанецца". А ў дадзеным - ёсць усе падставы меркаваць, што аўтар і тэма, як кажуць, супалі.

- Аляксандр Міхайлавіч мне падрабязна распавядаў пра гэтае пано, - кажа ўдава мастака. - Мяне вельмі здзівіла тое, што літаральна кожная дэталь у ім была дбайна прадумана і мела нейкае сімвалічнае значэнне - зрэшты, гэта характэрна для кожнага яго твора. Скажам, круглыя твары партызанаў  - нібы планеты, а іх суровыя, непрыветлівыя, здавалася б, выразы, гэтыя сціснутыя вусны, насамрэч увасабляюць мужнасць. Мастак цудоўна ведаў псіхалогію чалавека, яго характар. У яго творах не было нічога выпадковага...

Невыпадковай стала і колеравая гама мазаікі - няяркая, некрыклівая, нібы наўмысна прыглушаная. І, урэшце, ці не самая галоўная невыпадковасць - архітэктурная прывязка.

- Аляксандр заўсёды звязваў манументальную работу з яе прасторавым атачэннем - інтэр'ерам або экстэр'ерам, - распавядае Ніна Кухарэнка. - Сёння, як падаецца, многія мастакі грэбуюць гэтым прынцыпам...

Таму калі для простых мінакоў мазаічнае пано "Партызаны" мае стаць напамінам пра мужнасць, для мастакоў-манументалістаў гэтага і наступных пакаленняў яно зробіцца той высокай планкай, да якой належыць імкнуцца.

Пакінуць ці не?

У 1970-я - 80-я гады на Беларусі быў сапраўдны бум манументальнага мастацтва. Шыкоўныя аўтарскія роспісы, вітражы і мазаічныя пано з'яўляліся па ўсёй краіне, і ледзь не кожны старшыня буйнога калгаса альбо дырэктар санаторыя лічыў патрэбным запрасіць прафесійнага мастака і добра яму заплаціць. Сімптом савецкіх часоў - укладваць грошы ў мастацтва - стаў эканамічным фактарам развіцця манументальнага мастацтва.

- У тыя часы наш камбінат быў перагружаны працай, і заказчыкам даводзілася стаяць у чарзе па два - тры гады, - узгадвае Тамара Макарышава. - Мы афармлялі нават школы і дзіцячыя садкі, і там былі вялізныя аб'ёмы работ! Сёння гэта, вядома, нават і ўявіць немагчыма: манументалісты працуюць толькі на самых значных аб'ектах...

З той пары засталіся не толькі згадкі, але і цэлая плойма артэфактаў - і адметных, і... розных. Але іх лік няўхільна скарачаецца. Некаторыя з тых узораў працы камбіната, якія ўтвараюць яго "партфоліа", сёння можна ўбачыць толькі на стэндах у калідорах прадпрыемства. Вось, да прыкладу, фрэска Зоі Літвінавай і Святланы Катковай, зробленая для кінатэатра "Вільнюс", - знішчана пад час рэканструкцыі. Або роспіс Генадзя Жарына - вялізны, ад падлогі да столі, і, у дадатак, ідэалагічна "нейтральны", - які яшчэ зусім нядаўна маглі бачыць наведвальнікі рэчыцкага Палаца культуры і тэхнікі нафтавікоў...

- Пад час апошняга рамонту ён "знік", - распавядае Тамара Макарышава. - У аўтара, вядома, нават і не пыталіся. Як і ў выпадку з творам "Стары і новы Вільнюс", мы прапаноўвалі варыянты захавання, але... Воля ўласніка была іншай...

Чаму гэтак здараецца ўсё часцей? У адказ дырэктар камбіната адно паціскае плячыма.

- Аднойчы да нас паступіла замова правесці дэмантаж твора мастацтва: уласнік будынка палічыў яго непатрэбным, распавядае яна. - І мы адмовіліся - чыста па прынцыповых меркаваннях, бо наша прадпрыемства створана зусім для іншага: мастакі спараджаюць ідэі, мы ўвасабляем іх у жыццё. А руйнаваць тое, што ўжо было створана... Лічу, у нас няма на гэта маральнага права...

Згаданы выпадак меў заканамерны і сумны фінал. Уласнік будынка хуценька знайшоў прыватную фірму, якая без ваганняў выканала ўсё, пра што ён прасіў...

Дэ-юрэ, ён мае рацыю - у тым выпадку, калі твор манументальнага мастацтва не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці (а ён нададзены хіба лічаным такім артэфактам савецкай пары). І сапраўды, каму, як не ўласніку вырашаць: пакінуць ці не? Тым больш, узровень такіх твораў сапраўды вельмі розны, і многія ўзоры савецкага кічу даўно просяцца... у нейкі адмысловы музей.

Але вельмі хацелася б, каб у дадзеным выпадку тыя, хто "замаўляе музыку", не палічылі залішнім звярнуцца па кансультацыю да прафесіяналаў, а не абапіраліся выключна на ўласны эстэтычны густ.

Урэшце, Тамара Макарышава мае і яшчэ адзін аргумент. Манументальнае мастацтва - гэта заўсёды вельмі дорага. Яго стварэнне вымагае процьму часу ды сродкаў. А вось руйнаванне...

І сапраўды, ці ж гэта не нагода падумаць перад тым, як зрабіць незваротны крок?