Лялька для Масленкі

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Заўтра завяршаецца Масленічны тыдзень. Асноўныя ўрачыстасці з гэтай нагоды адбудуцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту з удзелам шматлікіх фальклорных калектываў.

/i/content/pi/cult/366/7042/2-1.jpegУ прыватнасці, пад час музейнага свята можна будзе даведацца, чым жа насамрэч адметная Масленка і як у старажытнасці яна святкавалася, якія стравы падаваліся да стала. У музеі адзначылі, што "Провады Масленкі" ўразяць асаблівай весялосцю і гуллівасцю, характэрнымі для Праводнай нядзелі - апошняга дня Масленічнага тыдня. Менавіта ў гэты дзень і будзе спалена вырабленае ў дзень сустрэчы Масленкі пудзіла Зімы. Сустрэць вясну дапамогуць спевы і карагоды ў выкананні фальклорных гуртоў, у тым ліку народнага ансамбля музыкі і песні "Мінскія музыкі", народнага фальклорнага калектыву "Мілавіца", народнага фальклорнага ансамбля "Дубравіца" Рачоўскага цэнтра традыцыйнай культуры, народнага ансамбля народнай песні "Сваты" Жыткавіцкага раённага цэнтра культуры, а таксама творчага калектыву "Майстэрня ўражанняў" з гульнёва-забаўляльнай праграмай.

Акрамя таго, у музеі будуць падведзены вынікі конкурсу "Масленічная лялька". Адметна, што ўдзельнікамі яго сталі як індывідуальныя аўтары лялек, так і аўтарскія калектывы, у тым ліку сямейныя. Пераможцу чакае галоўны прыз: дэгустацыя страў беларускай кухні ў карчме на тэрыторыі музея.

К.А. 

На здымку: пад час сустрэчы Масленкі на мінулым тыдні.