Сёмая “Берагіня”

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Заключныя мерапрыемствы VII Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” пройдуць 21 — 24 чэрвеня ў гарпасёлку Акцябрскі.

 

Зацверджаны склад арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні заключных фестывальных мерапрыемстваў. Яго сустаршынямі сталі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Пётр Кірычэнка, старшыня Акцябрскага райвыканкама Генадзь Сімановіч. Намеснік сустаршыні - намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Ігар Угрын. У склад аргкамітэта ўвайшлі начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Вадзім Шчэрбіч, начальнік аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама Святлана Беразоўская, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Іван Галабурда, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, рэктар Інстытута культуры Беларусі Іван Крук, начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў, дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Мікалай Шамшэня.

Упраўленні культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама павінны забяспечыць фарміраванне складу і ўдзел творчых дэлегацый у "Берагіні".

Інстытут культуры Беларусі адказвае за арганізацыйна-метадычную дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні заключнага этапа VII Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва.

Як паведамляе "К" метадыст Акцябрскага райметадцэнтра Ларыса Казакова, у гэтым годзе на "Берагіню" кожная вобласць Беларусі вылучыць па два дзіцячыя калектывы. Умова сёлетняга конкурсу - абавязковае прадстаўніцтва на фестывалі ансамбляў дзіцячых школ мастацтваў. У турніры дзіцячых фальклорных калектываў мяркуецца чатыры праграмы, у кожнай - па дзве-тры намінацыі. У фальклорным свяце, як і заўжды, прымуць удзел і дарослыя аўтэнтычныя ансамблі з усёй Беларусі. Апрача таго, у Акцябрскім чакаюць творчыя дэлегацыі з Польшчы, Расіі, Украіны, а таксама з Францыі. Такім чынам, па словах Ларысы Казаковай, у Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва прымуць удзел каля 900 творцаў.

А.С.