Як заўсёды ў Гродне

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Шэраг мерапрыемстваў пройдзе сёлета з удзелам нацыянальна-культурных аб’яднанняў, афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі. Цэнтральным з іх, па традыцыі, стане Фестываль нацыянальных культур, што мае адбыцца ў першыя выхадныя чэрвеня ў Гродне.

 

Як адзначыў на прэс-канферэнцыі 23 лютага Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, дзяржава робіць усё неабходнае для функцыянавання нацыянальна-культурных і рэлігійных аб'яднанняў. У прыватнасці, выдаткоўваюцца істотныя сродкі на набыццё нацыянальных касцюмаў, музычных інструментаў, літаратуры для прадстаўнікоў шматлікіх замежных дыяспар у Беларусі. Толькі за мінулы год па лініі апарата Упаўнаважанага нацыянальна-культурным аб'яднанням было выдаткавана каля 130 млн. рублёў. І гэта прытым, што ў кожным раёне пэўную дыяспару падтрымліваюць і мясцовыя ўлады.

Акрамя таго, па словах Леаніда Гулякі, не меншая ўвага дзяржавы надаецца і рэлігійным аб'яднанням. У гэтым накірунку актыўна працуе створаны два гады таму міжканфесійны савет, члены якога сумеснымі намаганнямі вырашаюць актуальныя праблемы.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей паведаміў, што сумесна з міністэрствамі культуры і замежных спраў актыўная праца вядзецца і па падтрымцы суайчыннікаў за мяжой, якіх толькі па прыблізных даных налічваецца каля 3,5 мільёна. Разам з гэтым, плённымі з'яўляюцца стасункі апарата Упаўнаважанага з аналагічнымі замежнымі ведамствамі. Так, ужо падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з калегамі з Малдовы, Літвы, Грузіі і Расіі.

І ўсё ж ці не самым істотным укладам у падтрымку беларускай дыяспары, на думку Леаніда Гулякі, стане Закон аб суайчынніках. У дадзены момант праект Закону накіраваны ў Міністэрства замежных спраў на дапрацоўку.