Першы, нацыянальны, музейны!

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Складзены і пачаў дзейнічаць рабочы план арганізацыі і правядзення Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, што адбудзецца ў Гродне 12 — 14 кастрычніка.

 

Арганізацыйны камітэт узначаліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, сустаршыня - старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра. У склад камітэта ўвайшлі кіраўнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, рэктары вядучых навучальных устаноў, дырэктары знакавых музеяў, навукоўцы... Нагадаем, што пад час Нацыянальнага форуму будзе зладжаны конкурс "Музеі Беларусі - трэцяму тысячагоддзю": лепшыя са 153-х музейных устаноў краіны прапануюць свае творчыя праекты ў самых розных намінацыях.

Як дадае для "К" намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава, апрача музеяў, падпарадкаваных Міністэрству, у форуме прымуць удзел і лепшыя ведамасныя музейныя ўстановы. Мяркуецца, што музейнае свята ў Гродне наведаюць калегі з Расіі і Прыбалтыкі.

У адпаведнасці з рабочым планам лагатып, дэвіз і слоган форуму распрацоўвае БДУКіМ. А экспазіцыя музейных праектаў размесціцца, па словах начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага, у спартыўным комплексе абласнога цэнтра.