Арганізацыйны камітэт узначаліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, сустаршыня - старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра. У склад камітэта ўвайшлі кіраўнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, рэктары вядучых навучальных устаноў, дырэктары знакавых музеяў, навукоўцы... Нагадаем, што пад час Нацыянальнага форуму будзе зладжаны конкурс "Музеі Беларусі - трэцяму тысячагоддзю": лепшыя са 153-х музейных устаноў краіны прапануюць свае творчыя праекты ў самых розных намінацыях.
Як дадае для "К" намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава, апрача музеяў, падпарадкаваных Міністэрству, у форуме прымуць удзел і лепшыя ведамасныя музейныя ўстановы. Мяркуецца, што музейнае свята ў Гродне наведаюць калегі з Расіі і Прыбалтыкі.
У адпаведнасці з рабочым планам лагатып, дэвіз і слоган форуму распрацоўвае БДУКіМ. А экспазіцыя музейных праектаў размесціцца, па словах начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага, у спартыўным комплексе абласнога цэнтра.