Першапраходзец касмічнай тэмы

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

22 лютага народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР, таленавітаму скульптару Івану Міско споўнілася 80 гадоў. З гэтай нагоды ў Мінскай гарадской ратушы адбылося ўшанаванне майстра.

/i/content/pi/cult/366/7033/1-2.jpegВіншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зачытаў міністр культуры краіны Павел Латушка. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "...Вялізны талент, памножаны на самаадданую штодзённую працу, прынёс Вам поспех і міжнароднае прызнанне. У гісторыі мастацтва Вы займаеце асаблівае месца як адзін з першапраходцаў касмічнай тэмы, аўтар цудоўных работ, прысвечаных пакарыцелям Сусвету. Створаныя Вамі помнікі і бюсты выдатных дзеячаў гісторыі і культуры ўпрыгожваюць вуліцы беларускіх і замежных гарадоў. Сімвалам стойкасці і сілы духу нашага народа стаў манумент у гонар Маці-патрыёткі ў горадзе Жодзіна. Мы высока цэнім Вас як выдатнага скульптара сучаснасці, чалавека з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, які прысвяціў усяго сябе служэнню Беларусі..."

Павел Латушка таксама паведаміў, што Федэрацыя касманаўтыкі Расіі прыняла рашэнне аб узнагароджанні Івана Міско ордэнам Юрыя Гагарына.

На працягу гадзіны да мікрафона падыходзілі прадстаўнікі самых розных дзяржаўных і грамадскіх арганізацый краіны, якія шчыра віншавалі мастака са знамянальнай датай. Шыкоўныя кветкі, падарункі і ўзнагароды былі ўручаны юбіляру ад Міністэрства абароны, Мінскага аблвыканкама і гарвыканкама, Саюзаў мастакоў і кампазітараў, БДАМ, музеяў краіны, каледжа імя І.А. Ахрэмчыка, землякоў-слонімцаў ды іншых устаноў і прыватных асоб.

А дырэктар Музея гісторыі Мінска Галіна Ладзісава распавяла, што напрыканцы мінулага года будынак у гістарычным цэнтры горада (па вуліцы Інтэрнацыянальнай), дзе знаходзіцца майстэрня скульптара, быў перададзены ў бязвыплатнае карыстанне ўстанове. Гэта будзе Музей-майстэрня аўтарскай скульптуры Івана Міско. У гэтым жа памяшканні Іван Якімавіч прадоўжыць працу над новымі творамі. Плануецца прадумаць арганізацыю наведвання майстэрні, каб у кожнага была магчымасць дакрануцца да таямніцы творчасці мастака. Адпаведным чынам будзе добраўпарадкавана і тэрыторыя вакол майстэрні скульптара.

На здымку: юбіляр прымае віншаванні.