Служэнне Беларусі

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Знак унікальнасці

/i/content/pi/cult/366/7032/1-1.jpeg21 лютага Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі прымаў віншаванні з 25-годдзем, а мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст краіны, прафесар, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы Міхаіл Фінберг - з 65-годдзем.

Адразу пасля рэпетыцыі да юбіляраў завіталі госці. Віншаванне, падпісанае Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, зачытаў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік. У віншаванні, у прыватнасці, гаворыцца: "Усё сваё жыццё Вы прысвяцілі нястомнаму служэнню беларускай культуры. Створаны Вамі Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі з'яўляецца адным з высокапрафесійных калектываў, якому падуладны розныя жанры". На думку Прэзідэнта, глыбокай павагі заслугоўвае паспяховая дзейнасць Міхаіла Фінберга па захаванні і развіцці традыцый айчыннай музыкі.

Анатоль Тозік уручыў маэстра Ганаровую грамату Савета Міністраў. І ад сябе дадаў: "Я ведаю Міхаіла Якаўлевіча ўжо больш за 15 гадоў. Ён настолькі адданы мастацтву, што на ўсё астатняе ў яго, здаецца, папросту не стае часу. Сёння ў рэспубліцы, мабыць, ужо не засталося ніводнага раёна, дзе не пабываў бы калектыў. Таму ад імя Урада і ад сябе асабіста жадаю, каб з Вамі, Міхаіл Якаўлевіч, аркестр і надалей мацнеў бы ды радаваў слухачоў ва ўсіх куточках нашай краіны".

Міністр культуры Павел Латушка, узнагароджваючы М.Фінберга Ганаровым знакам Міністэрства культуры, адзначыў: "Вашу творчасць можна акрэсліць двума словазлучэннямі: "нацыянальная культура" і "высокі прафесіяналізм". Бо дзякуючы вам створаны праграмы, якія ўзнялі цэлы пласт беларускіх кампазітараў - ад даўніны да сучаснасці, - адлюстравалі ў музыцы паэзію нашых класікаў. Вы - унікальны калектыў для айчыннай культуры. Але, канешне ж, ніводны такі аркестр не можа існаваць без лідара. І вам пашчасціла, што вас з'яднаў Міхаіл Якаўлевіч Фінберг - чалавек, які з такім натхненнем, з такой самааднасцю і самаахвярнасцю служыць нашай нацыянальнай культуры..." "Вы, па сутнасці, выконваеце галоўную місію культуры - быць разам з людзьмі", - дадаў міністр.

Сяргей Забалоцец, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, зачытаў віншаванне Пастаяннага камітэта за подпісам Дзяржаўнага сакратара Саюзнай Дзяржавы Рыгора Рапоты.

А ў невялічкай канцэртнай праграме, дзе гучалі джазавыя кампазіцыі, была прэзентавана і новая песня Э.Зарыцкага на верш Якуба Коласа "Маладосць", падрыхтаваная калектывам і салісткай Святланай Вежнавец да 130-годдзя з дня нараджэння паэта.

Н.Б.

На здымку: віцэ-прэм'ер

Анатоль Тозік і Міхаіл Фінберг пад час урачыстасцей.