Люты. Маразы. Па тонкім лёдзе спяшаюцца шматлікія аматары рыбных трафеяў. Але на бераг вяртаюцца, на жаль, не ўсе...
Трагічна скончылася рыбалка для 52-гадовага мінчаніна, што займаўся падлёдным ловам на вадасховішчы Вяча. Таксама не вярнуліся з рыбалкі двое жыхароў Браслава... Гэты страшны спіс можна доўжыць...
Не многія ведаюць: калі нулявая тэмпература трымаецца больш за тры дні, дык моцнасць лёду змяншаецца на 25 працэнтаў. Моцны лёд мае блакітны колер, а белы вытрымае ў два разы менш грузу. Калі ж лёд шэры ці мае жаўтаватае адценне, дык ён - ненадзейны, і выходзіць на яго вельмі небяспечна.
Таму перш чым зайсці на лёд, упэўніцеся ў тым, што ён вас вытрымае. Бо чалавек можа загінуць у вадзе ў выніку пераахаладжэння праз 15 - 20 хвілін пасля таго, як трапіць у ледзяную ваду.
Карыстайцеся находжанымі сцяжынамі. Пры іх адсутнасці, стоячы на беразе, акрэсліце маршрут руху, вазьміце з сабой моцную доўгую палку, абыходзьце падазроныя месцы. У выніку ўзнікнення тыповых прыкмет слабога лёду - трэск, прагібанне, вада на паверхні - адразу ж вяртайцеся на бераг, ідзіце шырока расстаўленымі нагамі, не адрываючы іх ад паверхні, у крайнім выпадку - паўзіце. Выключыце выпадкі знаходжання на лёдзе ў дрэннае надвор'е - у туман, снегапад, дождж, - а таксама ноччу.
Калі вы праваліліся пад лёд, не паддавайцеся паніцы, утрымлівайцеся на вадзе, клічце на дапамогу. Выбірайцеся з таго боку, дзе лёд больш моцны, пры гэтым напаўзайце на лёд грудзямі, шырока раскінуўшы рукі, каб павялічыць плошчу апоры і зменшыць ціск на беражок лёду. Нагамі ўпірайцеся ў супрацьлеглы край палонкі, калі гэта магчыма.
Не перапыняйце сваіх спроб выбрацца з вады, нават калі лёд пастаянна абломваецца. У неглыбокім вадаёме рэзка адштурхніцеся ад дна і выбірайцеся на лёд або перасоўвайцеся па дне да берага, праломваючы перад сабою лёд. Выбраўшыся з вады на лёд, не спяшайцеся ўставаць на ногі - каб не праваліцца зноў. Асцярожна адпаўзіце, шырока рассуньце рукі і ногі ды адкаціцеся як мага далей ад палонкі. І паўзком імкніцеся да берага.
Калі вы ўбачылі чалавека, які праваліўся пад лёд, дык крыкніце, што ідзяце на дапамогу: гэта надасць яму сіл і надзеі на выратаванне. Аказваючы дапамогу, не падыходзьце да палонкі бліжэй чым на тры - чатыры метры. З падручных сродкаў выкарыстоўвайце лыжы, дошкі, палкі, вяроўкі, звязаныя рамяні. Калі гэтых сродкаў пад рукамі няма, дык двум ці тром чалавекам трэба легчы на лёд і ланцужком, утрымліваючы адно аднаго за ногі, падпаўзаць да пацярпелага. Першы з ланцужка падае пацярпеламу рэмень ці прадмет адзення і выцягвае яго на лёд, а потым - далей, у бяспечнае месца. Калі чалавек выберацца з палонкі, не імкніцеся падысці да яго адразу, а павольна адпаўзайце да берага. Пацярпелы павінен паўзці следам за вамі.
Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска