І сонейка — у руках…

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Магілёў: аўтарскія праекты народных майстроў

Звычайная саломка ўвабрала ў сябе водар і цеплыню лета... Казачнае багацце вырабаў з гэтага матэрыялу можна было пабачыць на персанальнай выстаўцы народнага майстра Наталлі Дамянікавай. Выстаўка, прысвечаная 20-годдзю яе творчай дзейнасці, адбылася ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.

Якіх толькі цудаў тут ні было! Саламяныя птушкі і звяры, посуд, кампазіцыі з саламяных кветак, галаўныя ўборы і абярэгі, лялькі вышынёй у метр і больш... Сярод апошніх - саламяныя прыгажуні, створаныя ў рамках аўтарскага праекта "З любоўю да роднай зямлі". Кожная сімвалізуе пэўную пару года і звязаныя з ёй святы ды абрады беларусаў: "Гуканне вясны", "Купалле", "Дажынкі", "Завея". Яшчэ адзін "цвік праграмы" - вялізны саламяны конь. Дзе-нідзе "сонечны" матэрыял гарманічна спалучаецца з ільном, каляровымі ніткамі - усё гэта надае вырабам непаўторны каларыт.

Наталля Вітольдаўна пачала сваю творчую дзейнасць на Магілёўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, а цяпер працуе вядучым метадыстам МАМЦНТіКАР, з'яўляецца старшынёй Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

 Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы