Адчуць сябе "стылягам"

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Сёння ў айчынных музейных установах можна пазнаёміцца з атмасферай старадаўніх замкаў, шляхецкіх сядзіб ды з гераічнымі старонкамі беларускай мінуўшчыны. Аднак не менш цікава адчуць і атмасферу адносна нядаўняй гісторыі — да прыкладу, сярэдзіны мінулага стагоддзя.

/i/content/pi/cult/365/7025/1-5.gifЗначны крок наперад у раскрыцці гэтай тэматыкі мае зрабіць чарговы праект Літаратурнага музея Петруся Броўкі. У прыватнасці, як адзначыла дырэктар установы Таццяна Высоцкая, да Міжнароднага дня музеяў, у рамках Ночы музеяў-2012, распрацаваны праект "Стылягі". У інтэр'еры мемарыяльнай часткі экспазіцыі музея адбудзецца прэзентацыя касцюма 1960-х. Акрамя таго, многім прыйдуцца даспадобы майстар-класы па ліндзі-хопе - танцу, папулярнаму ў Савецкім Саюзе ў 1960 - 70-я. Пад час майстар-класaў адбудзецца не толькі знаёмства з гісторыяй танца - кожны ахвотны зможа паўдзельнічаць у танцавальнай вечарыне.

Разам з арганізацыяй цікавага праекта ўзнікае і шэраг злабадзённых праблем. На жаль, у фондах айчынных музеяў далёка не ў поўным аб'ёме прадстаўлены артэфакты, што адлюстроўваюць побыт беларусаў 2-й паловы ХХ ст., і ў прыватнасці - пасляваеннага перыяду. А таму Літаратурны музей Петруся Броўкі звярнуўся да сваіх наведвальнікаў па дапамогу па зборы матэрыялаў 1960 - 1970-х. У прыватнасці, установа з задавальненнем прыме на "дэпазіт" ад гасцей музея ды калекцыянераў адзенне і абутак, элементы інтэр'ера, фотаздымкі, пласцінкі і іншыя рэчы, якія звязаны з субкультурай "стыляг".

Аднак далёка не толькі стылягамі займаецца Літаратурны музей Петруся Броўкі. Так, супрацоўнікі ўстановы распрацавалі і прапаноўваюць для даволі няпростай аўдыторыі - вучняў малодшых класаў - інтэрактыўную камандную гульню "Чыстае неба". Мэта яе - засяродзіць увагу падрастаючага пакалення на гераічным Подзвігу салдат Вялікай Айчыннай вайны.

К.А.