Рэжысура культурных прыярытэтаў

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Кінаманалогі Аляксандра Сакурава "на тэму"...

/i/content/pi/cult/365/7022/2-1.jpeg

З 9 лютага ў Беларусі распачаўся паказ кінастужкі "Фаўст" сусветна вядомага расійскага рэжысёра Аляксандра
САКУРАВА. Важнасць падзеі сягае далёка за межы кінематаграфіі ў цэлым, бо гэты фільм, уладальнік найвышэйшай узнагароды "Залаты леў" мінулагодняга Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю, стаў адной з самых яскравых культурных з'яў еўрапейскай і сусветнай культуры за апошні час. Каб зразумець грандыёзнасць задумы гэтай карціны, дастаткова ўзгадаць, што яна ўзнікла яшчэ ў снежні 1980 года і з'яўляецца заключнай часткай тэтралогіі, куды ўваходзяць таксама фільмы "Малох", "Цялец" і "Сонца".

Усе гэтыя стужкі, якія паслядоўна выходзілі на экраны з
1999-га, нязменна знаходзілі прыязны прыём з боку беларускага гледача. Дастаткова ўспомніць іх прагляды пад час Мінскага Міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" ці ўзгадаць амаль неверагодны па мерках свету кіно выпадак, калі карціну "Цялец" на спецыяльным праглядзе па ініцыятыве рэжысёра мінскі глядач убачыў за тыдзень да яе афіцыйнай прэм'еры ў Кане!

Сваю павагу да нашай краіны і яе жыхароў Аляксандр Сакураў асабіста выказваў у 2008 годзе, калі наведаў тагачасны "Лістапад" і паабяцаў абавязкова вярнуцца, што і адбылося на мінулым тыдні: Аляксандр Мікалаевіч прыехаў у Мінск з мэтай даць майстар-клас для маладых беларусаў, якія хочуць звязаць сваё жыццё з кінамастацтвам. Сустрэча адбылася пры поўнай зале і доўжылася дзве з паловай гадзіны пры неверагоднай зацікаўленасці прысутных: асоба Аляксандра Сакурава, выдатнага суразмоўцы, як і культурны ўзровень яго стужак, носіць унікальны характар.

Ужо на "Беларусьфільме", які Аляксандр Сакураў наведаў наступным днём пасля майстар-класа, ён адказаў на пытанні карэспандэнта "К", якія згрупаваліся ў своеасаблівыя маналогі "на тэму".

Пра Мінск

- Я доўга не раздумваў, ці ехаць мне ў Мінск, хоць дакладна не ведаў, што мяне чакае, перад кім давядзецца выступаць, - кажа Аляксандр Сакураў. - Можа, справа ў тым, што Мінск і Беларусь для мяне - адметныя месцы, дзе, я лічу, жывуць вельмі адукаваныя і таленавітыя людзі. Тым больш, заўсёды прыемна размаўляць з маладымі талентамі...

Пра "Фаўста"

і маладых рэжысёраў

- Мяне вельмі радуе, што сярод гледачоў "Фаўста" шмат моладзі. За апошнія дзесяцігоддзі мы ў Расіі страцілі цэлы пласт гледачоў - пераважна з навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі, якая раней скаладала самую важную частку кінааўдыторыі. Гэтыя людзі ў нас папросту перасталі хадзіць у кіно, бо стужак для іх не прапануюць, а кошты на білеты - вельмі вялікія. Мая прынцыповая ўмова пры кожнай расійскай прэм'еры сваёй новай стужкі - бясплатныя сеансы для ўрачоў, навукоўцаў, настаўнікаў. Вельмі добра, што ў апошнія гады з'явілася шмат вельмі апантанай кіно моладзі, якая самастойна здымае фільмы, выкладвае іх у Інтэрнэце. І такіх людзей становіцца ўсё больш. Вось менавіта яны - мая новая аўдыторыя, на якую я ўскладаю вялікія спадзяванні.

Па запрашэнні рэктара ўніверсітэта ў Нальчыку (гэта Кабардзіна-Балкарыя) я вяду курс кінарэжысуры. Два гады таму з паўночнакаўказскіх рэспублік
Расіі было набрана пятнаццаць маладых людзей, якія раней не мелі справы з мастацтвам, не бачылі ніводнага майго фільма, але вырашылі паспрабаваць сябе ў кіно. Кожны месяц я бываю ў Нальчыку, займаюся з маімі студэнтамі па шэсць гадзін у дзень на здымачнай пляцоўцы, абсталяванай па маёй просьбе найноўшай тэхнікай. Самыя лепшыя спецыялісты з Санкт-Пецярбурга і Масквы чытаюць лекцыі па гісторыі мастацтва, літаратуры. Можна сказаць, што амаль ўсе мае студэнты за гэтыя два гады значна змяніліся, сталі больш глыбокімі, цікавымі асобамі, якія прыемна здзіўляюць сваімі першымі творчымі работамі.

Пад час майстар-класа адзначыў нечакана высокі ўзровень нібыта аматарскіх фільмаў, якія здымаюць цяпер ледзь не ў хатніх умовах... Што да моладзі, то маладыя аматары кіно, стужкі якіх пераважна я гляджу, здольныя цяпер на большае, чым прафесійныя кінематаграфісты. Напрыклад, адзінаццацікласнік з Омска даслаў мне такую глыбокую па сэнсе і дасканалую па выкананні кароткаметражную карціну, якую не ў стане зрабіць нават людзі з вялікім жыццёвым досведам! Менавіта за такой моладдзю - будучыня, і мне вельмі прыемна бачыць, што Беларусь у гэтым плане - не выключэнне. Спадзяюся, маладыя таленты не адступяцца ад свайго захаплення пасля першых спроб...

Пра сучасныя тэхналогіі

і прагрэс у кінапрацэсе

- Апошняе важнае тэхнічнае вынаходніцтва, што з'явілася ў кіно колькі дзесяцігоддзяў таму, гэта "DOLBY"-стэрэагук. З цягам часу са сродку выразнасці яно ператварылася ў яшчэ адзін забаўляльны камерцыйны атракцыён, які выкарыстоўваюць у кінаіндустрыі. Лічбавыя 3D-тэхналогіі толькі з'явіліся, з іх дапамогай пакуль не створана значных мастацкіх твораў - гэта камерцыйныя фарматы, што прызначаны адно прыцягваць публіку ў кіназалы. Стэрэавыява робіць стужку гіперрэалістычнай, а гэта мае свае абмежаванні для ўспрыняцця. Магчыма, з'явіцца творца, які здолее ўпісаць новую тэхналогію ў мастацкую канцэпцыю сваіх фільмаў, але пакуль гэтага не адбылося.

Кіно - прафесійная сфера, яна патрабуе вялікай колькасці ведаў і ўменняў, якія ўвесь час трэба ўдасканальваць. Кожны чарговы фільм патрабуе новых рашэнняў, поўнай заглыбленасці ў прадмет сваёй творчасці. Практычная падрыхтоўка да здымак "Фаўста", да прыкладу, вялася цягам амаль дзесяці гадоў. Над ім працавалі лепшыя спецыялісты сваёй справы з усёй Еўропы, у тым ліку тыя, хто звычайна задзейнічаны на буйных галівудскіх праектах кшталту "Гары Потара". Самі здымкі праходзілі, у асноўным, у Чэхіі і Ісландыі. Адмыслова для іх быў сканструяваны шэраг унікальных аб'ектываў для кінакамеры, у тым ліку бязлінзавы і са звышвялікай лінзай - плошчай у пяць-шэсць квадратных метраў. Але, падкрэслю, тэхніка, аб'ектывы - гэта тое, што створана інжынерамі. Укласці ў твор душу, напоўніць яго сэнсам можа толькі творца, і ў гэтым плане кіно - вельмі недасканалае і несамастойнае мастацтва. Тэхнічна гэта вельмі залежная справа - літаратура і тут мае над кіно вялікую перавагу...

Пра шлях у кіно праз кнігу

- Жывапіс і літаратура заўсёды будуць вышэйшымі за кіно. Кіно - мастацтва другаснае, заснаванае на дасягненнях першых двух, якіх яно ніколі, прынамсі, у бліжэйшай будучыні, не дасягне. Ёсць толькі некалькі стужак, што зрабілі прыкметны ўплыў на развіццё мастацтва. А вось літаратура значыць для чалавецтва вельмі шмат. Напрыклад, для Расіі самы вялікі ўнёсак у сусветную цывілізацыю - менавіта яе літаратура 2-й паловы ХІХ стагоддзя. Нічога больш важнага ў рускай культуры пакуль не з'явілася. Вельмі засмучае, што людзі цяпер чытаюць менш, чым раней, і кнігі маюць меншую вагу ў грамадстве. Гэта вельмі кепска, у тым ліку для кінамастацтва.

Калі творца не апантаны літаратурай, то ён ніколі не здыме вартага фільма. Кнігі вучаць дакладна фармуляваць думку: перш чым брацца за камеру, магу параіць ахвотным стаць рэжысёрамі выкласці свае думкі на паперы: яны мусяць быць як мага больш трапнымі і зразумелымі, такімі, як і будучае кіно. І, вядома, трэба быць паслядоўным і настойлівым у сваіх спробах.

Магу пажадаць тым маладым людзям, якія ўпершыню бяруцца за напісанне сцэнарыя, быць шчырымі, у першую чаргу - з самім сабой, са сваёй душой. Пісаць трэба без аглядкі на кагосьці ці штосьці. Толькі шчырасць у стаўленні да свайго героя дапаможа зрабіць добры сцэнарый. Вельмі важна дасканала ведаць свайго героя, тое, кім ён з'яўляецца. Таму малады чалавек дваццаці з нечым гадоў павінен пісаць пра тое асяроддзе і пад тых людзей, якіх ён добра ведае. Выключэнняў з гэтага правіла няшмат, і іх складаюць неверагодна адораныя адзінкі...

Пра якасці рэжысёра

і "мужчынскую справу"

- Апрача агульнай адукаванасці, добрага ведання выяўленчага мастацтва і літаратуры, рэжысёр павінен быць, безумоўна, вельмі смелым, нават мужным, чалавекам, бо пад час здымак ён кіруе вялікай колькасцю людзей і нясе адказнасць за вынік іх працы. На здымках "Фаўста" ў Ісландыі, калі пачынаўся перапынак на абед, я глядзеў з гары, дзе была пляцоўка, на шматлікую кінагрупу, якая спускалася ў даліну, і заўсёды адчуваў вялікае хваляванне: ці апраўдаю ў поўнай меры я спадзяванні гэтых прафесіяналаў?

Рэжысура кіно, а асабліва - аператарская справа, патрабуе ў літаральным сэнсе фізічнай моцы. Праўда, аўтар, да стужак і асобы якога я стаўлюся з найвялікшай павагай - жанчына: Кіра Муратава. Яна стварае абсалютна незвычайныя творы, не падобныя на карціны іншых рэжысёраў. Сапраўдных аўтараў, такіх, як яна, у кіно засталося няшмат...

Пра беларускае кіно

і "Беларусьфільм"

- Што да беларускага ігравога кіно... На жаль, мне цяжка аналізаваць дынаміку сучаснага беларускага кінапрацэсу, бо я з ім практычна не знаёмы. Беларускае кіно для мяне, найперш, звязана з ваеннай тэматыкай. Але хачу адзначыць: не трэба баяцца адкрываць і новыя тэматычныя напрамкі. Беларусь - развітая, культурна багатая краіна, якая робіць уражанне цалкам еўрапейскай. Яе жыхары, сталіца выклікаюць самыя прыемныя адчуванні. Прынамсі, павагу да сваёй задумы выклікае будынак Нацыянальнай бібліятэкі, дзе я паспеў пабываць... Лічу нейкай прыкрай недарэчнасцю адсутнасць у вас цікавай сучаснай кінематаграфіі і спадзяюся, што рана ці позна яна ў вас з'явіцца, як і творчыя асобы, якія здолеюць сказаць сваё ўнікальнае слова на ўвесь свет.

Некалі я меў шанц апынуцца на "Беларусьфільме"... Праўда, гэта быў, мабыць, не лепшы момант майго творчага жыцця: пасля здымак дыпломнай стужкі "Адзінокі голас чалавека", якая вельмі не спадабалася кіраўніцтву ВГИКа, я быў вымушаны самастойна шукаць месца працы. Але на беларускай студыі, паглядзеўшы мой фільм, мне адказалі, што такіх рэжысёраў сярэдняга ўзроўню ў іх хапае... Дзякуй Андрэю Арсеньевічу Таркоўскаму, які, урэшце, пасадзейнічаў майму ўладкаванню на "Ленфильм" і ад'езду ў тагачасны Ленінград, сённяшні Санкт-Пецярбург, дзе я жыву і працую і сёння...

Пра мову -

душу культуры...

- Ці абавязкова нацыянальны фільм павінен здымацца на нацыянальнай мове і нацыянальным літаратурным матэрыяле? Мяркую, неабавязкова. Больш за тое: лічу, яго можа здымаць і чалавек, які непасрэдна не жыве ў краіне, але - абавязкова разумее ейную душу і характар, перадае на экране пачуццё яе ўнікальнасці. Аднак мова, у любым выпадку, - вельмі важная рыса нацыянальнай культуры. Без мовы не існуе нацыі, таму кожная нацыя павінна абараняць сваю мову, але не забаронай іншых, а - штодзённай карпатлівай працай: пісаць, размаўляць на роднай мове... Інакш - ніяк!..

...І пра культуру

як справу дзяржаўную

- Якое з азначэнняў паняцця "культура" для мяне бліжэйшае за астатнія? Я не прыхільнік дакладных азначэнняў у дачыненні да такіх важных катэгорый... На мой погляд, культура - гэта сэнс жыцця любога грамадства. Калі людзі самаарганізуюцца ў грамадства, дзяржаву, то культура становіцца сэнсам іхняга існавання. Дзеля культуры існуе народ, які хоча заставацца народам, захаваць уласную нацыянальную адметнасць, свае ўнікальныя якасці. Так ці інакш, узровень развіцця кожнай дзяржавы залежыць ад таго, на якім месцы стаяць у яго палітыцы культурныя прыярытэты. У рэшце рэшт, культурны ўзровень вызначае, які ў краіне ўрад, якое войска, дыпламатыя. Таму культура - гэта, безумоўна, галоўнае...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА