Каліноўскі без… “крылаў”?

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Чаму б не даверыцца Куляшову?

/i/content/pi/cult/365/7021/1-3.jpeg

Рэспубліканскі тэатр юнага гледача прадставіў першую ў новым годзе прэм'еру - спектакль "Майго юнацтва крылы" паводле драматычнай паэмы Аркадзя Куляшова "Хамуціус". На сцэне перад гледачом паўстаў вобраз Кастуся Каліноўскага.

Як ні дзіўна, постаць Кастуся Каліноўскага, знакавая для беларускай гісторыі і станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, у айчыннай драматургіі закраналася не часта: скажам, у 1920-я гады, калі ў БДТ-1 пастаноўкай п'есы "Кастусь Каліноўскі" драматург і рэжысёр Еўсцігней Міровіч звяртаўся да нацыянальнай гісторыі, ды ў 70-я, калі да гэтай фігуры звярнуўся Уладзімір Караткевіч, пасля чаго ўзнік знакаміты спектакль "Кастусь Каліноўскі" ў Коласаўскім тэатры. У параўнанні нават з "распіяранай" гісторыяй кахання Барбары Радзівіл гэта - недаравальна мала.

Сталічны Тэатр юнага гледача вырашыў не абмінаць увагай такую магутную постаць, якая, можна сказаць смела, здольная была б стаць для цяперашніх падлеткаў, па меншай меры, прыкладам таго, як характар чалавека і яго мэтанакіраванасць здольныя фарміраваць асобу. І цалкам зразумела, што рэжысёрскі выбар Уладзіміра Савіцкага спыніўся не на дэтэктыўна-рэвалюцыйнай п'есе Еўсцігнея Міровіча і не на рамантычнай прытчы Уладзіміра Караткевіча, а - на драматычнай паэме "Хамуціус" Аркадзя Куляшова. У ёй Каліноўскі, якога мы заспяваем у апошнюю перад пакараннем ноч, паўстае перад намі не столькі барацьбітом, колькі - мысляром. Ён асэнсоўвае сваё папярэдняе жыццё, уласныя ідэалы і перакананні, тройчы праходзіць праз спакусу застацца жывым узамен на адрачэнне ад свайго былога і... застаецца верным сабе, сваёй душы і веры.

Аднак у спектаклі - і гэта стала галоўным пралікам - рэжысёр "не давярае" Аркадзю Куляшову, і тонкую канструкцыю паэмы са сваімі законамі разбурае, намагаючыся скласці з яе, бы з дзіцячых кубікаў, драматычнае дзейства, якое мусіць быць наглядным і ўражальным, а атрымліваецца - наіўным і непераканаўчым. Героі адно за адным б'юцца ў жарсцях аб гумовыя сцены-дошкі (сцэнаграфія - Уладзіміра Савіцкага), намагаюцца "па-тэатральнаму" разыгрываць гісторыю апошняй ночы, заклікаючы на дапамогу знешнюю характарнасць. А ў выніку  ўсёй гэтай сцэнічнай мітусні так і не скарыстаны галоўны выразны сродак - магутнае паэтычнае слова, акурат на якое і рабіў стаўку аўтар паэмы. З гэтай прычыны і сам Кастусь у выкананні акцёра Генадзя Гаранскага выглядае, хутчэй, істэрычным неўрастэнікам, якога ў большай ступені захлістваюць перажыванні аб заўтрашняй смерці, чым разважанні над уласным жыццём. І з гэтай прычыны сам спектакль так і не ўзнімаецца вышэй за чарговую абстрактна-абагуленую гісторыю пра "цяжкі лёс беларускага народа"...

Чамусьці ўзгадалася выслоўе знакамітай Како Шанэль: "Калі пры нараджэнні ў вас не аказалася крылаў, не замінайце ім вырастаць". На жаль, у новым спектаклі ТЮГа гэтыя самыя крылы, якія мусілі ўзняць героя, а разам з ім - і нас, гледачоў, так і не "прараслі"...

На здымку: сцэна са спектакля

"Майго юнацтва крылы".