“Лялечкі” маці і дачкі Урукіных

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Гэтым надвячоркам у Абухаве ўсё было як звычайна. Апошнія промні мяккага восеньскага сонца краналі пажаўцелае лісце. На дагледжаных вуліцах стаяла ціша. А Палац культуры, наадварот, спакваля напаўняўся дружным і тлумным дзіцячым гоманам. Пэўна, заўсёднік гэтай цалкам адпаведнай сваёй назве ўстановы адразу б здагадаўся, што тут пачынаецца чарговая рэпетыцыя знакамітага харэаграфічнага ансамбля “Лялечкі”. Чарговая — не значыць будзённая. Назіраючы за тым, як пад кіраўніцтвам маладога балетмайстра Таццяны УРУКІНАЙ нараджаўся новы танцавальны нумар — ці, хутчэй, свайго кшталту міні-спектакль, — разумееш, што будні тут не менш эмацыйна насычаныя за святы. Ды іначай і быць не можа.

 /i/content/pi/cult/132/702/Ljalechki1.jpg

Надзея Урукіна.

Як патлумачыла Т.Урукіна, героямі будучай прэм’еры, якую ўжо цяпер нецярпліва чакаюць гледачы, стануць прачкі і пастухі, а таксама... карова. Таму ў руках кожнай з дзяўчынак будзе дзіўны для сцэны прадмет рэквізіту — тазік для бялізны. Саундтрэк спецыяльна для пастаноўкі напісаў кампазітар Дзмітрый Лойка — будучы выпускнік Акадэміі музыкі. Ды і касцюмы для гэтага нумара будуць эксклюзіўныя, і пашыюць іх прафесіяналы.
І такі сур’ёзны ўзровень — звыклы для “Лялечак”. Бо яны яго заслужылі — як і адпаведнае званне. Трыццаць гадоў таму, калі маці Таццяны Надзея Урукіна толькі прыехала ў Абухава ды “з нуля” стала арганізоўваць там дзіцячы харэаграфічны калектыў, ніхто нават у самых смелых марах не мог уявіць, што пройдзе час, і “Лялечкі” будуць выступаць на галоўных сцэнах Беларусі, аб’едуць з гастролямі палову свету і стануць адзіным у краіне дзіцячым ансамблем з сельскай мясцовасці, які мае званне заслужанага, — прытым, што дзіцячых гарадскіх і сельскіх дарослых калектываў з такім статусам літаральна па 2-3. Жыццёвы досвед заснавальніцы “Лялечак” можа стаць прыкладам для тых, хто лічыць ніву сельскага культработніка апрыёры неперспектыўнай.
Вядома, галоўным сакрэтам такіх дасягненняў стала апантаная і напружаная праца. Таму ў Таццяны было ў каго павучыцца і “загарэцца”. І быў на гэта час. У фотаальбоме калектыву адлюстраваліся і яе ўласныя дзяцінства ды юнацтва. Гартаючы яго старонкі, Таццяна “знаходзіць” сябе ці не на кожнай — у розным узросце і розных сцэнічных амплуа. Таму выбар жыццёвага шляху, мусіць, не быў для яе складаным: па сканчэнні Гродзенскага каледжа мастацтваў Таццяна вярнулася ў родны калектыў і адразу ўлілася ў яго працу.
… Адарваўшыся на хвілінку, балетмайстар тлумачыць мне, што яе новы твор не мае акрэсленай стылістычнай прыналежнасці — “такі сабе мікс сучаснага і народнага танца”.
І гэтая “неартадаксальнасць” для “Лялечак” характэрная. Ансамбль лёгка ды нязмушана спалучае танец з тэатрам або гульнёй, фальклор — з эстрадай.
А на ўсе закіды адносна спрэчнасці такой пазіцыі кіраўнік “Лялечак” адказвае, што разнастайнасці патрабуюць самі дзеці — рухацца ў адным напрамку і ў адным рытме ім сумнавата.
І зважаючы на досвед Надзеі Урукінай, ёй цяжка не паверыць.

— Напэўна, пачынаць кар’еру ў знакамітым калектыве не так лёгка, як многім здаецца, — загаварыў я з Таццянай падчас наступнай паўзы.

— Ваша праўда. Так, гэта вялікі гонар, але ж… Ёсць і другі аспект: планку прафесіяналізму ні ў якім разе нельга апускаць — толькі ўздымаць! А яна і без таго вельмі высокая. І ставячы нумар, ты разумееш, што звыклымі схемамі не абысціся, — трэба вынаходзіць нешта новае. Але сутыкаючыся з тымі ці іншымі цяжкасцямі, мне ёсць да каго звярнуцца па дапамогу — натуральна ж, да матулі. Без дыскусій у нас, вядома, не абыходзіцца: самі разумееце, працэс творчы… Аднак яе аўтарытэт для мяне непахісны.
Сапраўды, запатрабаванасці “Лялечак” многія могуць толькі пазайздросціць — добра, калі па-добраму. Вось і акурат у дзень нашай сустрэчы яны атрымалі запрашэнне на міжнародны фестываль у далёкі Катар. А пасля — адразу ў Варшаву. Але ж узятая вышыня — гэта яшчэ і адказнасць. Перадусім перад гледачамі, якіх да болю не хочацца расчароўваць. Таму на

 /i/content/pi/cult/132/702/Ljalechki2.jpg

Таццяна Урукіна.

лаўрах спачываць не даводзіцца ніколі. Нават улетку, у час вакацый, калі ўсе дзеці бесклапотна адпачываюць, “Лялечкам” даводзіцца самаахвярна ўдасканальвацца.
— Вы не думайце, што я заўсёды такая добрая, — пасміхаецца Надзея Урукіна. — Не, калі мы працуем, я бываю вельмі строгай і патрабавальнай. А вось да рэпетыцыі і пасля мы з дзецьмі бадай што на роўных. Яны гэта ведаюць і выкарыстоўваюць па поўнай праграме.
— Увогуле, з дзецьмі працаваць цяжкавата — усе яны любяць пагарэзнічаць, — прызнаецца Таццяна, — але цікава. Так, дзяўчаткі, падрыхтаваліся…
І стройныя фігуркі зноў закружылі ў танцы.
— Для гэтага калектыву характэрна надзвычайная чысціня выканання, — каменціруе ход рэпетыцыі галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Людміла Лебедзь. — Дзеці здзіўляюць сваёй падрыхтоўкай і выкшталцонай тэхнікай. Таму ўбачыўшы іх на сцэне, скажам, Палаца Рэспублікі, людзі часта не вераць, што такі цудоўны ансамбль можа існаваць у вёсцы.
Падзівіцца і сапраўды ёсць падставы. Асабліва калі згадаць такую акалічнасць: сярод удзельнікаў дзіцячай самадзейнай творчасці “ветэранаў” з 30-гадовым стажам быць не можа — рана ці позна падлетак вырастае з “лялечных” канцэртных касцюмаў ды рушыць у дарослае жыццё. Значыць, яму трэба знайсці замену.
І знайсці яе тут, у родным Абухаве, дзе “кадравы рэзерв” зусім невялікі. А, між іншым, агульны склад “Лялечак” перавышае 60 чалавек…

— Няўжо тут усе дзеці такія таленавітыя? пытаю ў Таццяны, калі скончыўся чарговы прагон.

— У тым і справа, што “гатовымі” танцорамі да нас не прыходзяць — свае таленты дзеці выяўляюць ужо ў харэаграфічнай зале. Мы працуем з усімі, хто да нас ідзе, без якога-кольвечы папярэдняга адбору. Падахвоціць дзяцей да сур’ёзнага самаўдасканалення бывае складана — надта ж шмат у іх цяпер іншых спраў. Рэцэптаў тут некалькі. Па-першае, цікавыя пастаноўкі. Па другое — удзел у вялікіх канцэртах. А па-трэцяе, і гэта, мусіць, галоўнае, — атмасфера ў калектыве. Мы пачуваемся адзінай сям’ёй, дзелячыся між сабою ўсімі праблемамі і радасцямі. І гэтае пачуццё сяброўства дазваляе нам пераадольваць розныя канцэртныя “форс-мажоры” ды іншыя прыкрасці.

 /i/content/pi/cult/132/702/Ljalechki3.jpg

Удзельніцы ансамбля “Лялечкі”.

Варыянтаў цікавага баўлення вольнага часу ў абухаўскай моладзі і праўда не бракуе. Улічыце хаця б той факт, што мала які сельскі населены пункт можа пахваліцца ўласным басейнам, не кажучы ўжо пра іншых, больш звыклых “канкурэнтаў” харэаграфічнага ансамбля.
Зрэшты, Надзея Урукіна пераканана, што ніякай канкурэнцыі тут быць не можа. Яе практыка паказвае, што дбайнае дзіця паўсюль паспее — і на рэпетыцыю, і ў спартыўную залу, і ў музычную школу, і ўрокі зрабіць.
Атрымаўшы тым часам належную загартоўку, якая вельмі спатрэбіцца ў дарослым жыцці, якое, можна спадзявацца, пройдзе менавіта ў родных мясцінах. Пакідаць іх дзеля “лепшай долі” ў абухаўцаў няма стымулу і патрэбы.
Назваць Абухава вёскай альбо мястэчкам, мусіць, было б недакладна. Абухава — менавіта аграгарадок, і каб даведацца, што крыецца за гэтым пакуль яшчэ новатворам, можна проста прыехаць сюды. Заасфальтаваныя вуліцы з роўнымі шэрагамі забяспечаных усімі выгодамі дамоў, плітка на ходніках, ахайна падстрыжаная трава і прыгожыя ліхтары ля Палаца культуры… Ды і сам Палац дасць фору многім гарадскім установам — як паводле свайго выгляду, так і па змесце. У шыкоўнай глядзельнай зале ёсць каму ладзіць канцэрты — апрача “Лялечак”, тут “кватаруе” ажно пяць народных калектываў.
Надзея і Таццяна Урукіны з гонарам паказваюць мне прасторнае фае, упрыгожанае вялізнай жырандоллю, распавядаюць пра тых зацікаўленых людзей, з якімі ім даводзіцца працаваць поплеч.

— Першыя ўдзельнікі “Лялечак” даўно ўжо маюць сваіх дзетак, а мо і ўнукаў. Як вы лічыце, ці паўплываў ваш калектыў, праз які за ўсю яго гісторыю прайшла ладная частка жыхароў вёскі, на жыццё Абухава ў цэлым? — пытаюся ў іх.

— Натуральна. Калі ў нашых пасталелых “выпускнікоў” распытваюць пра самыя яркія ўражанні дзяцінства, многія не задумваючыся адказваюць: “Лялечкі”. Ансамбль навучыў сваіх удзельнікаў не толькі харэаграфіі: ён паўплываў на іх характары, на адносіны да жыцця, прывіваючы працавітасць і любоў да прыгажосці. Прыгледзеўшыся, тых, хто калісьці прайшоў школу “Лялечак”, нават вонкава пазнаць можна — у іх хада прыгажэйшая.

Ілля СВІРЫН
Мінск — Абухава — Мінск
Фота аўтара