Аркестр захавання музычнай энегіі

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

НАЦЫЯНАЛЬНАМУ КАНЦЭРТНАМУ — ЧВЭРЦЬ СТАГОДДЗЯ!

/i/content/pi/cult/365/7018/1-4.jpeg

Учора Заслужанаму калектыву "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр" Беларусі споўнілася 25. Скажаце, не надта шмат? Але зроблена столькі, колькі іншыя зрабілі б не менш, чым за стагоддзе. З гэтага і пачынаецца наша размова з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам ФІНБЕРГАМ.

- Насамрэч, дата гэтая - вельмі сур'ёзная, бо ў калектыве яшчэ працуе шмат тых, хто прыйшоў сюды з першага дня яго заснавання. Калі ж аркестр адзначае, скажам, паўстагоддзя, дык назва ягоная - тая ж, а музыканты - ужо зусім іншыя. І гэта не можа не адбівацца на калектыве, бо галоўнае - гэта яго склад, дзе кожны чалавек мае свой творчы і жыццёвы лёс.

- Але ж і за 25 гадоў склад аркестра значна змяніўся. Штогод да вас прыходзяць маладыя артысты - каб пераканацца ў гэтым, дастаткова проста зірнуць на сцэну: маладыя, адухоўленыя твары, бліскаўкі ў вачах, апантанасць... Гэта вы сваёй нястомнасцю, заўзятасцю дасылаеце ім энергетычныя імпульсы? Або яны - вам?

- Чаму адразу "або"? Калі ёсць закон захавання матэрыі, дык у нас - закон захавання энергіі: я - ім, яны - мне. Але і праўда: мая энергетыка - гэта аркестр. Я не ўяўляю сябе без яго! І мяне вельмі радуе, што да нас паступілі 20-гадовыя музыканты. Гэта значыць, што ў аркестра ёсць будучыня.

/i/content/pi/cult/365/7018/1-6.jpeg- Многія калектывы скардзяцца на цякучку кадраў: маўляў, моладзь прыходзіць - і сыходзіць. На тыя месцы трапляюць новыя маладыя кадры - і гэтак далей. Ад вас жа сыходзяць - хіба для самастойнай творчай кар'еры. Дый тое - часта сумяшчаюць...

- Паўтаруся: творчы калектыў - гэта, найперш, творцы. Без іх не будзе анічога. Кожны з іх - індывідуальнасць, у кожнага - свой характар і амбіцыі. Гэта трэба, вядома, улічваць. Але галоўнае - прапаноўваць музыкантам тое, што будзе дапамагаць іх творчаму росту. Наш аркестр за гады існавання стаў сапраўднай школай. І справа не толькі ў тым, што на Беларусі, на жаль, няма распрацаванай сістэмы падрыхтоўкі джазавых музыкантаў, якая ахоплівала б усе ўзроставыя ступені. Таму мы, да прыкладу, аддаём перавагу выпускнікам і магістрантам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Так, у гэтай навучальнай установе джаз не выкладаецца. Але адтуль прыходзяць высокакваліфікаваныя музыканты, здольныя выконваць музыку ўсіх стыляў і напрамкаў, што і патрабуецца для нашага калектыву. У сваю чаргу, аркестр становіцца для іх далейшай школай. Яны не проста аддаюць усіх сябе працы, але і атрымліваюць - новыя веды і ўменні. У аркестры вядзецца вялікая /i/content/pi/cult/365/7018/1-2.jpegнавукова-педагагічная работа: у нас працуюць прафесары, заслужаныя і народныя артысты, кандыдаты і нават дактары навук - яны і забяспечваюць не толькі пераемнасць выканальніцкіх традыцый, але і далейшы рост майстэрства. Калі ж развіццё калектыву плануецца адно за кошт "новых паступленняў" (вось прыйдзе да нас новы талент - тады і з'явіцца вынік), гэта не дае плёну. Трэба з пашанай ставіцца і да тых, хто ўжо зрабіў свой унёсак. І - дапамагаць ім развівацца далей! Нельга спекуляваць старымі догмамі, трэба ўвесь час рухацца наперад, шукаць штосьці новае. Тады спрактыкаванасць, памножаная на навізну, дае падвойны набытак. Але вы маеце рацыю: наш калектыў сапраўды можа лічыцца такой жа "кузняй кадраў", як навучальная ўстанова.

- З вашага аркестра пачыналі ці прайшлі праз яго многія вядомыя спевакі...

- Не ўсе ўжо памятаюць, а тая ж Б'янка, папулярная сёння на расійскай эстрадзе, - гэта наша Таццяна Ліпніцкая. Яна прыйшла да нас у 14 гадоў, спявала пад псеўданімам Яна, перамагла на міжнародных конкурсах, пачала пісаць свае песні - у поўным сэнсе слова яна вырасла ў нашым аркестры. Знакаміты Дзмітрый Калдун - таксама "родам" з нашага калектыву, бо ў 2004 - 2005 гадах быў у студыі "Гран-пры", якая існавала пры аркестры. І да "Фабрыкі зорак-6" ды ўдзелу ў "Еўрабачанні", што прынесла нашай краіне шостае месца, ён ездзіў з намі на Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, на "Славянскі базар у Віцебску"... Мы адшукваем таленты і даём ім "пуцёўку" ў творчае жыццё - усё менавіта так. Памятаем і тых, хто ўжо ніколі да нас не вернецца. Заўчасна памёр спявак Уладзімір Кудрын, які з'ехаў у Аўстралію... Няма з намі піяністаў Анатоля Гілевіча, Аркадзя Эскіна, кампазітара і аранжыроўшчыка (а паводле першай спецыяльнасці - бліскучага піяніста сусветнага ўзроўню) Ігара Паліводы... З іменем апошняга, дарэчы, звязаны такія буйныя работы нашага аркестра, як поп-опера "Максім", прысвечаная Максіму Багдановічу, цыкл "Беларушчына" паводле вершаў Янкі Купалы. Калі ж пералічваць тых, хто лічыў і лічыць за гонар спяваць з нашым аркестрам, дык ніякіх газетных старонак не хопіць.

/i/content/pi/cult/365/7018/1-1.jpeg- Тым не менш, назаву адну лічбу: больш за 40 сусветных зорак. І ўзгадаю яшчэ адну: ваш калектыў правёў ужо 140 фестываляў. У гэта было б цяжка паверыць, калі б я сама не прысутнічала на большасці з іх. Ды ўсё ж: навошта вам гэты дадатковы "галаўны боль"? Мала таго, што фестываль - гэта адразу некалькі канцэртных праграм, чаго каштуе сама яго арганізацыя! Вы ж яшчэ і мастакоў запрашаеце, выстаўкі ладзіце, творчыя сустрэчы... Так што ваш калектыў ужо можа называцца не проста аркестрам сімфанічнай і эстраднай музыкі, як гэта было запісана пры яго стварэнні, і не канцэртным аркестрам, як яго часцей аб'яўляюць (гэта таксама ягоная афіцыйная назва), а - сапраўдным фестывальным аркестрам!..

- Звярніце ўвагу: усё гэта - праекты, скіраваныя на папулярызацыю нацыянальнай класікі і сучаснага беларускага мастацтва. Намі была прадстаўлена ледзь не ўся беларуская класічная паэзія: Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч, Адам Міцкевіч, Адам Русак і многія-многія іншыя. На вершы аднаго толькі Янкі Купалы будзе прэзентавана ўжо трэцяя праграма. А колькі мы правялі аўтарскіх вечароў беларускіх кампазітараў! Здаецца, няма айчыннага творцы, музыку якога мы не выконвалі б. А нашы камерныя склады (гэта, дарэчы, палова аркестра) - ансамбль трубачоў "Інтрада", ансамблі флейтыстаў, кларнетыстаў, салістаў на драўляных духавых інструментах, вакальны ансамбль пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, камерны аркестр на чале з Валерыем Сарокам - усе яны займаюцца ледзь не выключна беларускай музыкай, пачынаючы з эпохі барока. І пры гэтым - на навуковай аснове! Звяртаемся мы і да акадэмічнай класікі ХХ стагоддзя: музыка Мікалая Аладава, Аляксея Туранкова, Мікалая Чуркіна, Рыгора Пукста, Дзмітрыя Лукаса, Пятра Падкавырава, Льва Абеліёвіча - у нас гучала ўсё.

- Што самае складанае ў гэтай працы? Адшукаць ноты? Зрабіць пералажэнні для камерных складаў? Зацікавіць усім гэтым публіку, кідкую на больш "раскручаныя" імёны?/i/content/pi/cult/365/7018/1-5.jpeg

- Знайсці залу. Парадокс, але большасць нашых праграм ніколі не гучалі ў той жа філармоніі, іх не здымала тэлебачанне, каб потым папулярызаваць праз трансляцыі. А між тым, з якой прыхільнасцю адгукаецца на гэтую музыку слухач! Ён "галасуе" за яе сэрцам. Што ж да фінансавых паказчыкаў, дык па выніках мінулага года (і гэта было адзначана ў час нядаўняй калегіі Міністэрства культуры) мы аказаліся лепшымі, выканаўшы і перавыканаўшы план. На той жа джазавы фестываль, што праходзіў нядаўна, білеты разляцеліся літаральна за два дні. А мы выходзім ужо на суму ў 100 тысяч за білет - і гэта, як вы разумееце, грошы немалыя.

- Гэтак жа хутка, магу прагназаваць, разыходзяцца білеты на праграмы чатырохдзённых "Шлягераў на ўсе часы" ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Там, наколькі я разумею, і будзе адзначаны юбілей калектыву - ён стане заключным канцэртам праекта...

- Нічога асабліва мы святкаваць не будзем. Проста, згадаем у нашым канцэрце, што нам - 25. І ўсё. Адметнымі будуць і першыя тры праграмы "Шлягераў...". Адна - прысвечана Людміле Гурчанка. Другая - "Новы шансон" (мы ўкладаем у гэтае слова яго першасны сэнс - песні з добрымі, удумлівымі тэкстамі, і не толькі нашы, але і ўсёй Еўропы). Трэцяя - "Песні тэлебачання, радыё, кіно". А чацвёртая - наш юбілей. Добра, што лепшыя песні мінулых гадоў спяваюць нашы маладыя салісты. Праз іх гэтыя песні ідуць да моладзі, выхоўваюць яе на духоўнай спадчыне бацькоў. Гэта яшчэ і вялікая асветніцкая, выхаваўчая акцыя.

- Цікава, а як пачынаўся ваш аркестр? Спачатку, як я разумею, узнік сам калектыў (праўда, гэта быў аркестр цырка пад вашым кіраўніцтвам), а ўжо потым з'явілася распараджэнне зрабіць Канцэртны аркестр...

- Я працаваў у аркестры Беларускага цырка, і там на той час былі найлепшыя музыканты. Але мы працавалі толькі для манежа, а нам хацелася і канцэртнай дзейнасці - тым больш, што мы выконвалі і сур'ёзную музыку, рабілі прэм'еры беларускіх твораў. Ужо былі выпушчаны чатыры кружэлкі на фірме "Мелодыя", запісы рабіліся на Усесаюзным радыё. І неўзабаве, хаця я быў беспартыйны, мяне выклікалі ў ЦК КПБ (на той час - Цэнтральны камітэт камуністычнай партыі Беларусі быў самым высокім дзяржаўным узроўнем у нашай рэспубліцы) - і прапанавалі стварыць новы аркестр. Я павінен быў літаральна за суткі скласці дакументы па стварэнні калектыву - і дзесьці праз месяц быў прызначаны на гэтую пасаду. Аб'явілі конкурс, сталі праз яго набіраць музыкантаў - і сёння ў нас працуюць суперпрафесіяналы. Яны - вельмі сціплыя людзі, але любяць сваю краіну і ганарацца тым, што жывуць у Беларусі.

- А тыя, хто ў нас не жыве, зайздросцяць беларусам, што ў іх ёсць такі калектыў. Гэтую фразу я неаднойчы чула ад гасцей таго ж "Славянскага базару ў Віцебску"...

- Сапраўды, куды мы ні прыехалі б, адразу пытанні: адкуль такі цудоўны калектыў? Я ганаруся, што мы неаднойчы выступалі ў Канцэртнай зале "Расія", у Крамлёўскім палацы ў Маскве. Але ж апошнім часам гастролі ў Расіі сталі нерэнтабельнымі - вялікі калектыў увогуле цяжка кудысьці вывезці... Таму і бывае прыкра, калі тое ж тэлебачанне не прыкладае ніякіх намаганняў, каб пакінуць для нашчадкаў унікальны беларускі музычны матэрыял.

- Затое гэтая акалічнасць надае ўсім вашым імпрэзам яшчэ больш унікальнасці: слухачы ведаюць, што калі не прыйдуць на канцэрт, дык беззваротна згубяць для сябе гэта выступленне...

- Але ж калі наша мэта - папулярызацыя беларускай музыкі, дык публіка павінна пачуць твор неаднойчы. А палюбіўшы яго, прыдбаць якасны, прафесійна зроблены запіс...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"