Палітра школы акварэлі

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Няўжо непрыкметная?

/i/content/pi/cult/365/7015/2-3.jpeg

Многія лічаць, што акварэль - гэта "непрыкметны" від выяўленчага мастацтва. Дадзенае меркаванне абвяргае Віцебская акварэльная школа. Нашага земляка, Фёдара Кісялёва, можна лічыць яе прадстаўніком, бо ён - вучань вядомых віцебскіх акварэлістаў Фелікса Гумена і Івана Сталярова.

Фёдар Стэфанавіч - акварэліст па прызванні. Ён віртуозна валодае рознымі акварэльнымі прыёмамі. Яшчэ ён акварэліст па сваім светаўспрыманні, па імкненні ўбачыць навакольны свет па-новаму.

Найбольш блізкія тэмы творчасці Фёдара Кісялёва - гэта Прыдняпроўскі край, Паазер'е, матывы Радзімы, з яе мяккім і складаным каларытам, помнікі гісторыі і культуры, Прырода ва ўсіх яе праявах як найлепшы настаўнік і вечная крыніца гармоніі ды натхнення. Асаблівае месца займаюць работы, прысвечаныя Чарнобылю.

Уражвае геаграфія твораў мастака: ён пісаў іх не толькі ў родных Прыдняпроўскіх краях. Вынікам творчых падарожжаў сталіся серыі, назвы якіх раскрываюць маршруты майстра: "На зямлі Пскоўскай", "Матывы Прыбалтыкі", "Польская серыя", "Карэлія", "Альпійскія матывы".

Умела перадае Кісялёў архітэктурную веліч будынкаў - помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны: работы "Вароты касцёла ў Мсціславе", "Брама Нясвіжскага замка", "Нясвіжская легенда", "Ноч у Смалянах", "Лідскі замак", "Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр", "Станіслаўскі касцёл", "Спаскі манастыр", "Саборная плошча"...

Фёдар Кісялёў з'яўляўся ўдзельнікам 40 рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставак, міжнародных пленэраў, выстаўляўся ў Польшчы, Францыі, Італіі, Расіі...

У сваіх карцінах Кісялёў перадае асабістыя ўражанні. Яму ўдаецца ператварыць уласныя работы ў паэтычныя ноты. На ягоных палотнах можна назіраць прыроду праз "своеасаблівае" акно - менавіта так Фёдар Кісялёў кажа пра творы.

Горкі - асаблівы горад для мастака, бо менавіта Горацкаму краязнаўчаму музею Фёдар Стэфанавіч падарыў 25 карцін. Ва ўстанове працуе пастаянная экспазіцыя яго работ "Акварэльная элегія".

Да гэтага часу творца не губляе сувязі са сваёй малой радзімай - вёскай Іванава Слабада Клімавіцкага раёна, наведвае сваякоў і сяброў. А на пачатку бягучага года ў Клімавіцкім краязнаўчым музеі адбылася яго персанальная выстаўка "Капрызлівая палітра".

Дар'я ЭВЕРС, старшы навуковы супрацоўнік Клімавіцкага краязнаўчага музея