Што ўдаецца не кожнаму?

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Адвечны кліч Радзімы

/i/content/pi/cult/365/7014/2-2.jpeg

Захаваць шчырасць у дыялогу з гледачом - для мастака задача не менш важная, чым тэхнічны або інтэлектуальны бок мастацтва. На першы погляд, быць сабой лёгка, але захаваць гэта ў рэальным свеце, дзе характар чалавека залежыць ад іншых меркаванняў, удаецца далёка не кожнаму. Рана ці позна кожны мастак проста абавязаны вызначыць для сябе, у якой ступені ў ягонай творчасці павінны прысутнічаць шчырасць і адкрытасць.

Юбілейная выстаўка "Акорды майго Натхнення" Івана Пратасені, што нядаўна адбылася ў Палацы мастацтва, якраз і адносіцца да катэгорыі экспазіцый, дзе акцэнт зроблены на эмацыйны бок мастацтва, на спробу ў прыватнай гутарцы адкрыць гледачу свой свет, расказаць праўду пра сябе. Гэта размова, у якой няма зламыснасці і пазёрства. Тут мастаку больш важна заставацца самім сабой, чым шукаць спосабы штучна спадабацца гледачу. У работах Івана Міхайлавіча знаходзяць адлюстраванне толькі тыя куткі прыроды, у якіх ён неаднойчы бываў і якія дасканала вывучыў, і толькі тыя людзі, кім аўтар шчыра захапляецца.
/i/content/pi/cult/365/7014/2-1.jpeg
Свае пачуцці і адчуванні, свой унутраны свет жывапісец імкнецца адлюстраваць у пейзажах. "Адвечны кліч Радзімы", "Вечар у Чарняўцы", "Навальніца над возерам", "Рэха", "Ушаччына. Радзіма Васіля Быкава", "Дзень быў цёплы" - ва ўсіх гэтых палотнах адчуваецца прафесійная ўпэўненасць майстра, але самае галоўнае - аўтар знаходзіць прывабную гармонію ў тым відовішчы, што адкрывае нам Яе Вялікасць Беларуская прырода. Свет, які ўзнаўляе ў сваіх карцінах мастак, шмат у чым ідэалізаваны, агароджаны ад прысутнасці людзей. Але ён, гэты свет, належыць мастаку, і толькі яму. У гэтым дыялогу няма трэцяга боку - ёсць толькі тандэм: мастак і прырода. Прырода - ва ўсёй сваёй шматграннасці...

Прадставіўшы ў экспазіцыі амаль 90 работ, якія ахопліваюць значны этап мастацкага жыцця, Іван Пратасеня праявіў сябе па-сапраўднаму цэласнай творчай асобай. У сваіх работах ён кажа гледачу, што шчырасць пачуццяў і эмацыйнае ўспрыняцце жыцця не страцілі сваёй актуальнасці ў свеце ўсепаглынальнага прагматызму. І гэта сапраўды вельмі патрэбныя словы.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ, мастацтвазнаўца