А калі “выкарчаваць” вежу?, або Барысаўскі гіпербалоід інжынера Шухава

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Пра плён і яго адсутнасць для аб’екта спадчыны

/i/content/pi/cult/365/7012/1-2.jpeg"Забіваючы" неяк час у чаканні электрычкі з Барысава, я зусім выпадкова набрыў на старую воданацяжную вежу, з усіх бакоў шчыльна аточаную забудовай прыватнага сектара. Адметнасць, здавалася б, - невялікая, але... Падобных пабудоў мне бачыць раней не даводзілася: амаль уся яна складаецца з густой металічнай сеткі, на якой і пагэтуль трывала трымаецца досыць ёмісты бак.

Адкуль мне тады было ведаць, што ў гэтым глухім кутку апынулася "малодшая сястра" знакамітай маскоўскай Шабалаўкі, і менавіта такая канструкцыя натхніла Аляксея Талстова на напісанне ўлюбёнага мною ў дзяцінстве рамана "Гіпербалоід інжынера Гарына"? Затое нават няўзброеным вокам было відаць, што інжынернае дзіва ўжо даўно нікім не выкарыстоўваецца і спакваля руйнуецца...

З таго часу ўжо нямала вады ўцякло па Бярэзіне, і стан вежы ад гэтага, натуральна, ніяк не палепшыўся. Але першы сапраўды істотны крок насупраць плыні ўсеагульнай энтрапіі ўжо зроблены: напрыканцы мінулага года Рэспубліканская навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры Рэпублікі Беларусь прыняла рашэнне прапанаваць уключыць воданацяжную вежу ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, надаўшы ёй другую катэгорыю. Для банальных інфраструктурных аб'ектаў ХХ стагоддзя гэта - ого!

Адзін важны і вельмі прыемны нюанс: прапанова аб наданні статуса гэтаму папраўдзе праблемнаму на сёння помніку інжынернай думкі зыходзіла менавіта ад аддзела культуры Барысаўскага райвыканкама. Неаспрэчна, мясцовыя ўлады ўсведамляюць, што пасля ўключэння аб'екта ў Дзяржспіс усе яго праблемы ўскладуцца на іхнія плечы. Але не баяцца адказнасці і лішніх клопатаў.

- Гэтая вежа з'яўляецца адной з адметнасцей нашага горада, - адзначае начальнік аддзела культуры Барысаўскага райвыканкама Ала Ленкіна. - І таму мы прыкладзём усе намаганні, каб яе захаваць.

Гіпербалоід інжынера

Шухава

У 1896 годзе рускі інжынер Уладзімір Шухаў пераклаў фундаментальную матэматыку на прыкладную мову архітэктуры: ён стварыў першую ў свеце вежу гіпербалоіднай канструкцыі. У сваім "візуальным" аспекце навінка пераўзышла форматворчыя пошукі авангардыстаў, а ў практычным - адкрыла вялізны рэзерв эканоміі. Маса вежы са "сплеценай" адмысловым чынам металічнай сеткі ў разы меншая за вагу маналітнай - адпаведна, і матэрыялаў патрабуецца значна менш.

Менавіта таму ноу-хау было хутка ўзята на ўзбраенне - і ў Расіі, і - каля - у СССР, і нават далёка за мяжой. Прычым яно не састарэла нават і сёння, у "эпоху хай-тэк". Апошні прыклад увасаблення ідэй Шухава ў жыццё - найвышэйшая пакуль што тэлевежа ў свеце (610 метраў), якая пазалетась паўстала ў кітайскім Гуанчжоў.

Канструкцыя аказалася карыснай не толькі для грандыёзных праектаў, але і ў паўсядзённым побыце. Таму гіпербалоідныя вежы сталі расці бы грыбы. Па словах спецыяліста аддзела культуры Барысаўскага райвыканкама Іны Сайчык, толькі на тэрыторыі СССР іх налічвалася не менш за дзве сотні.

Здавалася б, такая акалічнасць пераўтварае барысаўскую воданацяжку, збудаваную ў 1927 годзе для абслугоўвання паравозаў на недалёкай ад яе чыгуначнай станцыі, у звычайны ўтылітарны аб'ект, "спісаны ў тыраж" разам з тымі самымі паравозамі. Бо пераўтварэнне нават самай геніяльнай ідэі ў тыпавую тэхналогію істотна зніжае кошт яе адзінкавага ўвасаблення.

Дык вось не! У дадзенай формуле не была ўлічана такая велічыня, як чалавечы фактар. Хаця без яго тут - нікуды!

Нядаўняя рэвізія спадчыны інжынера Шухава, праведзеная маскоўскім фондам яго імя, выявіла, што з тых дзвюх соцень веж да нашых дзён "дажылі"... усяго адзінаццаць! Апошнія страты былі зафіксаваны зусім нядаўна: 128-метровую вышку ЛЭП на беразе ракі Ака нейкія "рупліўцы" разабралі на металалом у 2005 годзе. Няпэўны пакуль што лёс і першынца гіпербалоідных канструкцый - вежы, збудаванай Шухавым для Усерасійскай выстаўкі ў Ніжнім Ноўгарадзе 1896-га. Па яе завяршэнні ўнікальны артэфакт набыў знакаміты мецэнат Юрый Нячаеў-Мальцоў (без яго Пушкінскі музей, мабыць, ніколі б не з'явіўся) для сваёй сядзібы ў Палібіна, што ў Ліпецкай вобласці. Але маёнтак, які памятае Льва Талстога, Ілью Рэпіна ды яшчэ з тузін фігур такога маштабу, сёння стаіць занядбаны...

/i/content/pi/cult/365/7012/1-1.jpegУласна, гэта мы - да таго, што аб'ектыўная каштоўнасць барысаўскай воданацяжнай вежы няўхільна расце. На Беларусі ў яе застаўся ўсяго адзін "сваяк" - яго можна ўбачыць, рушыўшы на электрычцы далей у бок Оршы, да станцыі "Коханава". Менавіта таму другая катэгорыя зусім не здаецца "прыцягнутай за вушы".

Між іншым, старых воданацяжных веж на Беларусі наогул захавалася не так і шмат: можа, з дзясятак. Варта адзначыць, што самыя каштоўныя з іх маюць статус помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іх, напрыклад, знакамітыя гродзенскія "Бася і Кася" - "двайняшкі", што ўтварылі цікавы ансамбль. Сёння яны выкарыстоўваюцца як мастацкія майстэрні. Падобныя планы былі і адносна былой воданацяжкі чыгуначнай бальніцы ў Мінску, якая даўно перайшла ў прыватную ўласнасць. Колькі гадоў таму агучваліся даволі цікавыя праекты на гэты конт. Праязджаючы пару дзён таму міма гэтай вежы па праспекце Жукава, ніякіх змен пакуль не заўважыў.

Таму ўзнікае пытанне: наколькі паўплывае змена статуса барысаўскай вежы на сам гэты помнік спадчыны? І ці здолее яна ўраўнаважыць негатыўны ўплыў часу, які літаральна за апошнія паўгода ператварыў драўляную аблямоўку стаяка вежы ў нейкі друз?

Ала Ленкіна пераканана, што рэальнае вымярэнне юрыдычных зменаў мы неўзабаве ўбачым на ўласныя вочы. Бо сказаўшы "А", мясцовыя ўлады не замарудзяць і з працягам алфавіту. А барысаўская "Шухаўка" вызначыцца сярод іншых яшчэ і тым, што "чалавечы фактар" адыграе ў яе лёсе менавіта станоўчую ролю.

Перспектыва ўбачыць

перспектыву

Да нядаўняга часу вежа "боўталася" (падобна, гэтае слова тут цалкам дарэчы) на балансе падведамаснага прадпрыемства Беларускай чыгункі "Дарвадаканал". 19 студзеня было прынятае рашэнне аб перадачы "кепскага актыву" ва ўласнасць Барысаўскага райвыканкама.

- Мы самі выступілі з такой ініцыятывай, і старшыня райвыканкама Уладзімір Мірановіч адразу нас падтрымаў, - распавяла Ала Ленкіна. - Прымаць удзел у лёсе гэтай вежы раней нам было вельмі складана. Зрэшты, і "Дарвадаканал", які ахвотна адмовіўся ад гэтай сваёй маёмасці, праявіў сябе як вельмі добрасумленны ўласнік, падрыхтаваўшы ўвесь пакет дакументаў. На жаль, у выпадках тых помнікаў спадчыны, якія мы бяром "пад сваё крыло", гэта здараецца не заўсёды...

Мала хто будзе спрачацца з тым, што надзейная гарантыя захавання помніка спадчыны - гэта яго сучаснае выкарыстанне. І не важна нават, у якой якасці: музей, кавярня, офіс... Галоўнае, каб выконваліся ўсе пункты заканадаўства, якія прадугледжваюць, у тым ліку, і доступ да аб'екта турыстаў (вядома, неабавязкова кругласутачны).

Як запэўнілі мяне ў аддзеле культуры, "Шухаўка" адкрыта для зацікаўленых інвестараў. Аднак... Яны пакуль што ў чаргу не становяцца. І, зрэшты, гэта цалкам вытлумачальна.

Па-першае, месцазнаходжанне. Вежа літаральна патанае сярод прыватнай забудовы. Па словах Іны Сайчык, распрацоўка праекта зоны аховы ўваходзіць у найбліжэйшыя планы аддзела культуры, але... Кардынальна змяніць статус-кво гэтая мера ўжо не здатная - не будзеш жа зносіць жылыя дамы. Ні нармальных пад'ездаў, ні, тым больш, стаянак ля вежы няма і не прадбачыцца, а турыстычны аўтобус наўрад ці дасць рады развярнуцца на вузенькіх вулачках. Хаця, зрэшты, можна трохі і пехатой прайсці - праблема невялікая...

Сам сабою напрошваецца і такі варыянт: "выкарчаваць" вежу ды перанесці на іншую пляцоўку, больш зручную для турыстаў. Але ў дадзеным выпадку і ён не спрацоўвае. Як справядліва аддзначыла Ала Ленкіна, гэты алгарытм супярэчыць належнаму падыходу да справы захавання гісторыка-культурнай спадчыны: Шухаўка невыпадкова паўстала менавіта на сваім месцы, непадалёк ад станцыі. Тым больш, бачная частка аб'екта - гэта толькі вяршыня айсберга: пад вежай ёсць і сутарэнні глыбінёю ў два з паловай метры, і складаныя канструкцыі труб...

А па-другое - той самы тэхнічны стан пабудовы, які сёння далёкі ад прымальнага для "масавых" аб'ектаў: па словах Алы Ленкінай, вежа патрабуе паўнавартаснай рэстаўрацыі. Зрэшты, з гэтым цяжка не пагадзіцца нават без адмысловых даследаванняў - замовіць якія, дарэчы, у хуткім часе плануе аддзел культуры.

І далей: адсутнасць інжынерных камунікацый, хаця б нават электрычнасці. Без яе ніякая ўстанова ў наш век дакладна не пражыве. Лішне казаць, што праблема - вырашальная, але... У сукупнасці, іх атрымліваецца надта ўжо шмат.

Адсюль і звыклае пытанне: што рабіць? Але Барысаўскі райвыканкам не патрабуе ніякіх падказак і парад. Бо ён ведае той адказ, які з'яўляецца ці не адзіным слушным у дадзеным выпадку.

- На сённяшні дзень наша мэта - менавіта захаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці, - кажа Ала Ленкіна. - І адразу пасля таго, як будуць выкананы ўсе юрыдычныя фармальнасці, мы мяркуем прыступіць да актыўных дзеянняў. Дый, зрэшты, нават сёння ўжо амаль вызначыліся з падрадычыкам, які пакрые металічныя канструкцыі антыкаразійнай фарбай. Адбудзецца і "касметычны" рамонт бака, дзе трэба замяніць прагнілыя дошкі. У планах таксама - і добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, і падсветка, і, можа, нейкія лавачкі, каб турыст меў дзе адпачыць. Спадзяёмся, да гэтай справы падключацца і гарадскія прадпрыемствы - адпаведныя захады мы ўжо робім...

Падаецца, зусім нялішнім было б далучыць да гэтых захадаў і стварэнне інфармацыйнага шчыта, які распавядаў бы ўсім зацікаўленым і пра Шухава, і пра асаблівасці гіпербалоідных канструкцый. Гэтая інфармацыя, неаспрэчна, знайшла б свайго спажыўца.

Па словах начальніка аддзела культуры, гэты аб'ект паказу не прамінаюць нават арганізаваныя тургрупы. Але не яны сёння складаюць большасць наведвальнікаў. Ва ўсялякім выпадку, вялізнае графіці на самім рэзервуары - яўна не іх рук справа.

Цяга да экстрыму спараджае новыя "паратурыстычныя" кірункі. Натуральна, "Шухаўка" - у ліку фаварытаў. На такі аб'ект бы пчолы на мёд злятаюцца "сталкеры" ды розныя іншыя "аматары нязведанага". Цікавасць - гэта, вядома, няблага, але... Залётныя "альпіністы", разам з неразважлівымі калегамі з ліку мясцовай моладзі, не толькі ўтвараюць "гамагенны фактар" руйнавання помніка, але і падвяргаюць сябе не абы-якой рызыцы - няхай сабе і добраахвотнай. Сам, вядома, не правяраў, але гатовы паверыць Ленкінай на слова: многія з жалезных прыступак ужо праржавелі і патрабуюць замены. А пра тое, што можа адбыцца з чалавечым целам пасля падзення з "аварыйнай" вежы вышынёй у дзевяціпавярхоўку, думаецца, тлумачыць не трэба.

Менавіта таму ў найбліжэйшых планах мясцовых улад - устаноўка агароджы. Для "суперальтэрнатыўных" турыстаў яна, вядома, не стане непераадольнай перашкодай - хутчэй, толькі падагрэе іх імпэт. Але нават простая таблічка са словам "Небяспечна!", думаецца, можа спыніць многіх рамантыкаў.

Ну, а далей, калі гэтыя першачарговыя і сапраўды неабходныя меры будуць прыняты... Далей, можа, адкрыюцца тыя перспектывы, якія сёння не бачаць нават цяперашнія "альпіністы". І тады ім давядзецца пашукаць нейкі іншы аб'ект, бо зірнуць на Барысаў з амаль 30-метровай вышыні здолее кожны ахвотны. Вядома, за памяркоўную плату.

На думку Алы Ленкінай, найбольш верагоднае функцыянальнае прыстасаванне вежы - гэта менавіта пляцоўка агляду. Але не выключана і яе пераўтварэнне ў музейны аб'ект. І такія перспектывы гіпербалоіднай канструкцыі зусім не падаюцца гіпербалай - гэта значыць, наўмысным перабольшваннем.

Гайда ў Зембін!

Барысаў - адзін з найстарадаўніх беларускіх гарадоў, які сёння з'яўляецца "сталіцай" ці не найбольшага па колькасці свайго насельніцтва раёна краіны. Іншыя паказчыкі (і эканамічныя, і... урэшце, спартыўныя) пацвярджаюць такі яго статус. А вось архітэктурных помнікаў у гэтым краі ацалела, на жаль, не так і шмат. Некаторыя "сельскія" раёны тут дадуць яму фору.

Змяніць гэты статус-кво ніяк не атрымаецца. Застаецца хіба толькі адно: дбайна захоўваць тыя адметнасці, якія дайшлі да нашых дзён. Тым больш, прыгаданая вышэй гісторыя шухаўскіх пабудоў натхняе на вельмі простую мараль: важна нават не тое, што захавалася да нашых дзён, а тое, што дойдзе і да нашчадкаў. Менавіта таму вырашэнне лёсу "праблемных аб'ектаў" на Барысаўшчыне ўжо становіцца паслядоўнай практыкай. І вежа тут - не адзінкавы прыклад.

Літаральна напрыканцы мінулага года рэшткі сядзібнага ансамбля ў пасёлку Вароўскага былі выстаўлены на аўкцыён. Два з трох будынкаў займелі новых гаспадароў, якія мяркуюць ператварыць іх у тураб'екты. А вось з такім пераўвасабленнем сядзібы Раманавых у Старабарысаве ўзнікла "замінка": інвестар адмовіўся ад сваіх планаў, і таму аддзел культуры неўзабаве распачне пошукі новага гаспадара.

Летась мы ўжо ўзнімалі праблему захавання аднаго з найкаштоўнейшых помнікаў Барысаўшчыны - касцёла Узнясення Панны Марыі ў Зембіне. Мясцовыя ўлады тады задэкларавалі намер захаваць гэты помнік спадчыны - няхай сабе і ў стане цяперашніх руін. І, між, іншым, не адступіліся ад сваіх слоў.

- Паводле папярэдніх падлікаў, кансервацыя парэшткаў касцёла будзе каштаваць не менш за паўмільярда рублёў, - кажа Ала Ленкіна. - Такая сума для мясцовага бюджэту пакуль непад'ёмная. Але мы ўсё адно не складаем рукі. Па-першае, вывучаем камерцыйныя прапановы ад розных арганізацый, каб знайсці найбольш прыдатныя варыянты, а па-другое - шукаем магчымасці ажыццявіць гэты праект паэтапна. Пераканана, што ўвесну, калі зямля адтае, нешта ўжо зварухнецца... За гэты год мы мяркуем зрабіць нейкі істотны крок у той справе, якая ўсіх нас хвалюе. Тым больш, Зембін - месца, папраўдзе прыцягальнае для турыстаў. Ці шмат у нас вёсак, дзе ёсць такая шыкоўная карцінная галерэя? А па дарозе ж яшчэ і мясціны, звязаныя з вайной 1812 года...

Кансервацыя Зембінскага касцёла мела ўсе шанцы стаць досведам супрацы дзяржаўных органаў ды грамадскіх рупліўцаў. Прынамсі, такія намеры агучваліся ўсімі бакамі. Але...

- Грамадскія арганізацыі, што называецца, разварушылі праблему захавання касцёла, аднак вырашаць яе даводзіцца менавіта мясцовым уладам, - канстатуе Ала Ленкіна.

Па яе словах, з валанцёрамі з ліку барысаўскай моладзі праблем не ўзнікае: ужо цяпер яны рупяцца аб падтрыманні парадку на прыкасцельных могілках. Аднак варта памятаць пра тое, што валанцёрства мае розныя вымярэнні. Прыкладам, досыць значны працэнт згаданага вышэй каштарысу - гэта менавіта архітэктурныя работы. Паводле добрай міжароднай завядзёнкі, часам спецыялісты робяць праекты захавання падобных помнікаў спадчыны "за дзякуй" альбо, прынамсі, на льготных умовах. У звязку з гэтым, раптам з'явілася наступная думка.

Грамадская арганізацыя "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў", якая сапраўды своечасова звярнула ўвагу соцыуму на праблему Зембінскага касцёла, мае ў сваім складзе архітэктурную секцыю. Ды вось толькі... Іхнія прапановы па аднаўленні даўно няісных мінскіх вуліц не знаходзяць падтрымку ў членаў Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады і мясцовых улад. Чаму? Падрабязную аргументацыю праблемы "К" прыводзіла неаднойчы: мякка кажучы, папросту немэтазгодна змяняць сучаснае рэчышча Свіслачы на карысць адраджэння першаснага выгляду будынкаў колішняй вуліцы Гандлёвай... Як вынік - крыўды, канфлікты, агрэсіўны піяр з боку грамадскіх актывістаў... А плён? Ды - ніякага плёну!

Гэта ў Мінску - з яго сённяшняй урбаністычнай сітуацыяй і суплётам самых розных акалічнасцей. А вось у вёсцы Зембін, дзе захаваліся гісторыка-культурныя каштоўнасці папраўдзе еўрапейскай велічыні - не ў выглядзе малюнкаў з архіваў, але менавіта "з плоці ды крыві", - рупліўцаў гатовы сустракаць "хлебам-соллю". І каб захаваць тыя набыткі - гэтым разам ужо неаспрэчныя, - у Зембіне зусім не патрэбна ўносіць карэкціроўкі ў рэчышча ракі, як гэта тэарэтычна магло б патрабавацца ў Мінску. Дастаткова элементарных мер па кансервацыі. І - увагі, увагі, увагі!

- Што да дапамогі "звонку"... Ну якія пытанні? Мы яе толькі вітаем, - кажа Ала Ленкіна.

Міжнародная супольнасць спецыялістаў аднадушна пераканана ў тым, што аўтэнтычныя руіны адметных помнікаў непараўнальна каштоўнейшыя за адноўленыя "з нуля" ўзоры асяродкавай забудовы. Ёсць такая Венецыянская хартыя рэстаўрацыі, якая ўвогуле забараняе "навадзелы". Ды і Рыжская, зрэшты, пра тое ж - няхай сабе яна і прадугледжвае выключэнні.

Дык, можа, валанцёрам-архітэктарам варта праяўляць сябе там, дзе іх працу сапраўды чакаюць, дзе яна будзе ацэнена і запатрабавана? У такім выпадку - гайда ў Зембін!

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Барысаўскі раён - Мінск