У прыватнасці, электроннае выданне "Беларуская і руская літаратура. У дапамогу навучэнцам" уключае вялікую колькасць твораў - з часоў Сярэднявечча да сярэдзіны ХХ ст. Як адзначыў складальнік дыска, вучоны сакратар НББ Алесь Суша, падбор тэкстаў літаратурных твораў ажыццяўляўся ў адпаведнасці з праграмамі па беларускай і рускай літаратурах для сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў нашай краіны.
Не менш цікавы праект атрымаўся і па выпуску мультымедыйных дыскаў з поўным камплектам памятных кніг Мінскай, Віцебскай і Магілёўскіх губерняў, выдадзеных пачынаючы з 2-й паловы ХІХ ст. да 1917-га, куды ўвайшлі падрабязныя статыстычныя даныя, цікавыя гістарычныя факты, разнастайныя канфесійныя календары.
Партнёрам у рэалізацыі праекта стала адна з асветніцкіх грамадскіх арганізацый Расіі. Дзякуючы яе падтрымцы былі атрыманы лічбавыя копіі памятных кніг, якіх не хапае ў айчынных бібліятэках і архівах.
Па словах Алеся Сушы, праект будзе мець працяг. Так, плануецца выпусціць мультымедыйныя выданні з памятнымі кнігамі Віленскай і Гродзенскай губерняў. У гэтым кірунку цяпер вядзецца праца з замежнымі - пераважна расійскімі і літоўскімі - бібліятэкамі па абмене лічбавымі копіямі.