У сістэме каардынат грамадства

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

На гэтым тыдні міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук правёў дзве рабочыя сустрэчы з дырэктарамі рэспубліканскіх тэатраў і з кіраўнікамі творчых саюзаў.

З самага пачатку Уладзімір Фёдаравіч задаў тон двухбаковай і канструктыўнай размовы, што прадугледжвала ўзаемны кантакт, — па многіх хвалюючых пытаннях мелі магчымасць выказацца ўсе жадаючыя прысутныя. І яны, безумоўна, скарысталі гэтую магчымасць “карпаратыўнай” размовы, падчас якой былі агучаны асноўныя хвалюючыя тэмы.
Чым жа з’яўляецца і якое месца займае ў “сістэме каардынат” нашага грамадства сфера мастацтва, у прыватнасці, тэатральнага? Наколькі актыўна беларускі тэатр мусіць рухацца ў бок камерцыялізацыі, і як знайсці разумны кампраміс для таго, каб спектаклі пры гэтым не страчвалі сваёй творчай вартасці?
Высокае мастацтва не можа і не павінна канкурыраваць з масавай поп-культурай — пра гэта шмат гаварылася падчас сустрэчы. Прапаганда апошняй, у прыватнасці, дзякуючы шматлікім акцыям, эстрадным канцэртам мае відавочны плён. Гэткую ж пільную ўвагу варта надаваць і прасоўванню ў масы ўзораў высокага тэатральнага мастацтва. Тым больш, што пра вартасці нашых оперных спевакоў, артыстаў балета, драматычных акцёраў сведчаць поспех і ўзнагароды, якія яны атрымліваюць на шматлікіх прэстыжных міжнародных форумах. А таму было б неразумна, калі не сказаць — бяздумна арыентаваць сучаснага “спажыўца” культуры выключна на эстрадныя поп-канцэрты, тым самым пазбаўляючы яго магчымасці далучацца да высокіх узораў мастацтва.
Безумоўна, акрамя творча-эстэтычных задач — стварэння высокамастацкіх спектакляў, тэатры, як і іншыя галіны культуры, мусяць зарабляць грошы на ўласныя патрэбы. Але ж у адным з важных пытанняў гэтага кшталту — сістэме фарміравання цэнавай палітыкі — у дырэктараў тэатраў фактычна звязаны рукі і яны не могуць імгненна рэагаваць на попыт. Для таго, каб, да прыкладу, падняць кошты квіткоў на “аншлагавыя” спектаклі, альбо знізіць на тыя, якія ўжо “выпрацавалі” свой рэсурс і хутка сыйдуць са сцэны, яны мусяць прайсці шэраг узгадненняў з адпаведнымі абгрунтаваннямі мэтазгоднасці свайго рашэння, — настолькі доўгі, што канчатковы вынік можа аказацца ўжо... запозненым і не актуальным.
Надзвычай востра стаіць на сённяшні дзень пытанне забеспячэння работнікаў культуры жыллём. Прычым на самых розных узроўнях: маецца на ўвазе і напружаная сітуацыя з прадастаўленнем работнікам культуры і мастацтва інтэрнатаў (асабліва балюча гэтая праблема адчуваецца ў сталіцы — адзін інтэрнат Белдзяржфілармоніі не здольны забяспечыць жыллём усіх жадаючых). І, канешне ж, было б нядрэнна “паўтарыць” станоўчы вопыт пабудовы жылля для работнікаў культуры ў сталіцы і абласных гарадах, як гэта было зроблена пяць гадоў таму пасля адпаведнага рашэння Прэзідэнта, — што магло б зняць напружанне ў гэтым пытанні.
Закраналіся і пытанні заработнай платы прадстаўнікоў творчых прафесій: не сакрэт, што сёння беларускія творцы атрымліваюць значна менш, чым іх калегі ў суседніх дзяржавах.
А яшчэ ж не так даўно мы маглі ганарыцца тым, што лік тут быў “на нашу карысць”. Гаворка, безумоўна, не пра “механічнае” павелічэнне заработнай платы, а найперш пра стварэнне сістэмы нарматыўнага фінансавання пэўных устаноў культуры, што дазволіла б іх кіраўнікам самастойна, з улікам мясцовай спецыфікі вызначаць, як і якімі сіламі яны будуць забяспечваць выкананне сваіх творчых і вытворчых планаў.
Многія з гэтых пытанняў прагучалі і на сустрэчы міністра з кіраўнікамі творчых саюзаў, што яшчэ раз пацвердзіла іх прынцыповую важнасць. Але былі закрануты і аспекты, што датычаць існавання ў сучаснай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі саміх творчых саюзаў. У каторы раз зайшла гаворка пра тое, што творчыя саюзы на сённяшні дзень, нягледзячы на іх “недзяржаўны” статус, не могуць і не павінны існаваць ізалявана-адасоблена ад дзяржавы і дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры і мастацтва. Менавіта яны, на чале з Канфедэрацыяй творчых саюзаў, бачацца сёння самай разумнай і дзейснай формай двухбаковага кантакту паміж дзяржавай і творцамі.
Бо толькі сумеснымі намаганнямі і прыкладаннем сіл у адным накірунку можна зрушыць з месца тыя прынцыповыя пытанні, якія на сённяшні дзень замінаюць творцам у іх стваральнай працы.
У прыватнасці, зноў і зноўпаўставала праблема іх жыллёвага забеспячэння. А таксама пытанне налічэння працоўнага стажу людзям творчых прафесій, такіх, як мастакі, літаратары і іншыя, чыя дзейнасць індывідуальна-творчая, з-за чаго чалавек часта не мае цвёрда акрэсленага месца працы ў якой-небудзь установе. Як “падлічыць”, колькі працуе над сваёй карцінай мастак, альбо колькі часу траціць на напісанне п’есы драматург?..
У цэлым жа сустрэчы прадэманстравалі ўзаемную зацікаўленасць у разумным вырашэнні асноўных праблемных пытанняў, што ўзнікаюць у творчай сферы. Безумоўна, іх немагчыма вырашыць у ходзе абмеркавання. Але той факт, што яны знаходзяцца на кантролі і не кладуцца “ў доўгую скрыню”, — сведчанне таго, што Міністэрства культуры зацікаўлена не адно ў “аддачы” ад дзейнасці айчынных устаноў культуры, але і ў тым, каб нашы творцы мелі годныя ўмовы для сваёй стваральнай працы.

Таццяна КОМАНАВА