Пляцоўка для старту

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Учора ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі навучэнцаў творчых ССНУ і ВНУ краіны — стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

/i/content/pi/cult/365/7007/1-4t.jpeg

Выстаўка, што ўжо стала традыцыйнай, ставіць сабе за мэты агляд той працы, якая цягам года адбывалася ў сценах навучальных устаноў, выяўленне тэндэнцый творчых пакаленняў і пошук будучых шляхоў развіцця нацыянальнага мастацтва.

Сярод тых творцаў, чые работы прадстаўлены ў экспазіцыі, - студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, будучыя майстры ДПМ з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава і Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.Ахрэмчыка. Усе яны былі адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта ў 2010 - 2011 гадах.

Для многіх са стыпендыятаў гэтая выстаўка - добрая пляцоўка, каб заявіць аб сабе, сваёй творчасці, магчыма, упершыню. Для іншых, як для Паліны Корзун з мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў ці Вікторыі Шыдлоўскай з аддзялення дызайну Мастацкага каледжа імя Глебава, - гэта ўжо не першы паказ работ. Яны ўдзельнічалі ў разнастайных праектах раней, ды і міжнародныя конкурсы маюць за плячыма.

Жанравая і стылістычная палітра прадстаўленых на выстаўцы работ - надзвычай разнастайная: тут і творы ДПМ, і манументальны жывапіс, і жанравыя работы, і скульптура. А галоўнае - у экспазіцыі прысутнічае поўная гама падыходаў да творчасці: ад працягу традыцыі - да найсучасных пошукаў у галіне сучаснага мастацтва.