Сакавіцкія прэзентацыі

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Як паведамілі “К” у аддзеле міжнародных сувязей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, мяркуецца, што з 7 па 9 сакавіка ў Катары пройдуць Дні беларускай культуры.

Нагадаем: у жніўні мінулага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў ходзе афіцыйнага візіту ў Дзяржаву Катар наведаў Музей ісламскага мастацтва ў горадзе Доха. Кіраўнік нашай дзяржавы пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей і падарыў музею кнігу "Беларускі ісламскі свет" на беларускай, арабскай і англійскай мовах.

У наступным жа месяцы, у адпаведнасці з Міжурадавай праграмай супрацоўніцтва ў Дзяржаве Катар, што знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Азіі, упершыню пройдуць Дні культуры Рэспублікі Беларусь.

У Катары, як запланавана, выступяць Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, камерны аркестр Рэспубліканскага музычнага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а таксама адкрыецца фотавыстаўка аб жыцці і прыродзе Беларусі ды будзе прадэманстравана наша кінапраграма.

Плануецца, што вынікам Дзён беларускай культуры ў Катары стане падпісанне дамовы аб далейшым культурным супрацоўніцтве дзвюх краін.