Фактар яднання

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы

Пытанне прэстыжу беларускай мовы ў грамадстве лягло ў аснову "круглага стала" "Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы".

У прыватнасці, намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі адзначыў, што беларуская мова ў краіне павінна ўспрымацца як фактар, што рэальна можа кансалідаваць грамадства. Разам з гэтым, ён падкрэсліў: ці не ўся дзейнасць Міністэрства культуры скіравана на яе падтрымку. Аднак і тут маюцца пэўныя недапрацоўкі. У прыватнасці, намесніку міністра бачыцца нелагічным, калі далёка не ўсе рэгіянальныя ўстановы культуры маюць вонкавае афармленне на беларускай мове.

У сваю чаргу, Аляксандр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведаміў: сёння назіраецца пазітыўная дынаміка ў выкарыстанні роднай беларускай мовы ў інтэрнэт-камунікацыі, а таксама ў рэлігійнай сферы. Гэтаму, на думку А.Лукашанца, садзейнічаюць падрыхтаваныя айчыннымі мовазнаўцамі фундаментальныя працы, якія забяспечваюць функцыянаванне беларускай мовы ў поўным аб'ёме.

З пазіцыяй дырэктара згаданага Інстытута згодны і Уладзімір Ламека, намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які адзначыў, што нямала станоўчых прыкладаў па прапагандзе беларускай мовы дэманструюць рэлігійныя арганізацыі. Акрамя таго, па словах Уладзіміра Ламекі, актыўна выкарыстоўваецца беларуская мова і нашымі суайчыннікамі за мяжой, што чарговы раз падкрэслівае аб'ядноўваючую функцыю роднай мовы.