Беларусь -- у сэрцах!

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

14 лютага, у Дзень закаханых, артысты і гледачы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета зноў і зноў “закахаліся” ў родную краіну: тут стартавала грамадска-культурная акцыя “Беларусь у маім сэрцы”.

/i/content/pi/cult/365/7000/1-1.jpeg

Тэатралізаваны канцэрт пачаўся з відэаўверцюры пра сучасную Беларусь. А потым усе прысутныя нібыта перанесліся ў старадаўні палац, дзе праходзіла спаборніцтва спевакоў ды танцораў, і беларуская князёўна, "прымерыўшы" на сябе ролю Прынцэсы Турандот, загадвала загадкі рыцару, які прэтэндаваў на яе сэрца. Таму, акрамя сцэны з оперы "Турандот" Дж.Пучыні ў другой дзеі і цэлай гронкі мужчынскіх оперных арый у першай, канцэрт-спектакль упрыгожыла арыя Надзеі Яноўскай з оперы Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха" паводле Уладзіміра Караткевіча.

Сапраўды, такога крэатыўнага старту, ажыццёўленага рэжысёрам Галінай Галкоўскай, на падобных грамадска-культурных акцыях, што праходзілі ў нас у мінулыя некалькі гадоў, яшчэ не было. Сімвалічны і лагатып акцыі: недамаляванае сэрцайка, падобнае на крылы птушкі.

Далейшы разгорт дэманстрацыі патрыятычных пачуццяў пройдзе, паводле традыцыі, па рэгіёнах краіны. Пад дэвізам "Беларусь у маім сэрцы" адбудуцца выступленні практычна ўсіх нашых артыстаў і творчых калектываў. Стартаваўшы ўзімку, яна будзе доўжыцца ўсю вясну і лета, а завершыцца ўвосень. Таму ў ёй будзе некалькі этапаў. На першым жыхары рэгіёнаў убачаць асобныя выступленні лепшых дзеячаў айчыннага мастацтва. На другім, які прыпадзе на жнівень і верасень, у кожнай з абласцей пройдуць гала-канцэрты, што з'яднаюць лепшых выканаўцаў і стануць своеасаблівымі творчымі справаздачамі дзеячаў мастацтваў. Прызначаны ўжо і заключны гала-канцэрт акцыі, які збярэ лепшых з лепшых: ён адбудзецца 21 верасня ў "Мінск-Арэне".