Прагучыць з гонарам

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Днямі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ, згодна з якім дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначана вялікая група грамадзян краіны. Ганаровымі званнямі ўганараваны і шэраг дзеячаў культуры і мастацтва.

Салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Аксана Волкава і Уладзімір Громаў сталі заслужанымі артыстамі Беларусі, а балетмайстар-пастаноўшчык Дзяржаўнага ансамбля танца Аляксандр Аляшкевіч - заслужаным дзеячам мастацтваў нашай краіны.

- Так супала, - адкрыла невялічкі сакрэт Аксана Волкава, - што вестка аб прысваенні звання прыпала акурат на дзень майго нараджэння. Гэта самы памятны падарунак у жыцці! А самае прыемнае, што гэтае званне, якое ўтрымлівае назву нашай краіны, будзе гучаць і ў замежжы. Апошнім часам у мяне шмат выступленняў у розных краінах свету. Літаральна праз некалькі дзён буду двойчы спяваць Кармэн у аднайменнай оперы Бізэ ў Рызе, у Латвійскай нацыянальнай оперы. Буду саліраваць у Капенгагене, дзе пад кіраўніцтвам Аляксандра Вядзернікава прагучыць кантата Чайкоўскага "Масква". Удзельнічаю я і ў канцэртнай пастаноўцы "Рыгалета" Вердзі ў расійскай сталіцы. А 2 красавіка на Міжнародным оперным фестывалі імя Ірыны Архіпавай у Самары я выйду ў партыі Любашы ў оперы Рымскага-Корсакава "Царская нявеста". І паўсюль з гонарам прагучыць: "Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь!"...

- Атрымліваць узнагароды, - лічыць Уладзімір Громаў, - заўсёды прыемна. Але штосьці змяніць у жыцці могуць не яны, а ўласная праца. Я не скарджуся на недахоп новых оперных партый і запрашэнняў на творчыя праекты. Зараз рэпецірую Кізгайлу ў оперы Дзмітрыя Смольскага "Сівая легенда" паводле Уладзіміра Караткевіча- прэм'ера запланавана на пачатак чарговага сезона. Якая цудоўная музыка! Адразу бачна, што напісана ад усяго сэрца, таму і спяваецца з асалодай. У планах тэатра - новы "Яўгеній Анегін" Чайкоўскага. Гэта будзе ўжо шостая пастаноўка дадзенай оперы, у якой я ўдзельнічаю, пачынаючы з опернай студыі Акадэміі музыкі. І - адна з маіх любімых роляў!

- Ганаровае званне, - кажа Аляксандр Аляшкевіч, - гэта вельмі высокая адзнака маёй сціплай працы. Яно дае новы імпульс не толькі ўласна мне, але і ўсяму Дзяржаўнаму ансамблю танца Беларусі. Літаральна да кожнага буйнога мерапрыемства дзяржаўнага ўзроўню, да кожнага "Славянскага базару ў Віцебску" наш калектыў рыхтуе новыя кампазіцыі, пастаўленыя не толькі мной, але і, вядома, нашым мастацкім кіраўніком - народным артыстам Беларусі Валянцінам Дудкевічам. Так што гэтая ўзнагарода - прызнанне ўнёску ў нацыянальную культуру ўсяго ансамбля.

Н.Б.