“І нельга прайсці міма “Пояса Вітаўта”

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Пісьмовы стол дырэктара Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі Сяргея ВЕЧАРА адразу прыцягвае ўвагу — сваёй грувасткасцю, пампезнасцю і разьбянымі карункамі. Не стрымаўшы цікаўнасць, даведаўся, што стол — музейны экспанат, зроблены ў ХІХ стагоддзі “пад даўніну”, а ў дырэктарскім кабінеце месціцца перадусім таму, што ўмовы яго захоўвання тут куды спрыяльнейшыя, чым у фондасховішчы. Працаваць за антыкварным сталом — свайго кшталту музейная традыцыя, якой ужо не адзін дзесятак гадоў. Але, па словах гаспадара кабінета, ёсць спадзеў, што неўзабаве яна адыдзе ў мінулае, а стол зойме належнае месца ў экспазіцыі, як і мноства іншых старадаўніх рэчаў, вартых увагі нашых сучаснікаў. Зрэшты, карэспандэнта “К” перш-наперш цікавіў не сам гэты шыкоўны прадмет мэбліроўкі, а думкі і планы, датычныя будучыні аднаго з найстарэйшых музеяў Беларусі, чыйго нараджэння ён сведка. Тым болей, цяперашні гаспадар дырэктарскага стала прыйшоў на гэтую пасаду ўсяго паўгода таму. І прыйшоў, пэўна, са сваёй праграмай дзеянняў?..

 /i/content/pi/cult/132/698/Muzej2.jpg
 Сяргей Вечар.

— Прапанова заняць гэтую пасаду была для мяне нечаканай, — кажа Сяргей Уладзіміравіч. — Я працаваў дырэктарам музея Янкі Купалы і з ранку да вечара думаў адно пра сёлетні юбілей класіка, а тут раптам... Напэўна, яшчэ гадоў пяць таму я б не рашыўся пагадзіцца на такі рэзкі паварот свайго лёсу — палічыў бы, што майго досведу недастаткова, каб кіраваць такой знакамітай установай. Рашыўся, хоць і ведаў, у якім стане знаходзіцца музей, і што мяне тут чакае багата працы.

— І што зроблена за паўгода?

— На самым пачатку прыярытэтным накірункам для мяне стала ўмацаванне кадраў. На жаль, у мінулыя гады музей па розных прычынах пакінула нямала прафесіяналаў, і давялося шукаць ім адэкватную замену. Асмелюся спадзявацца, што пэўнага поспеху ў гэтым рэчышчы дасягнуць мне ўдалося. Музей “пабагацеў” на перспектыўных маладых спецыялістаў, узмацніўся і кадравы склад бухгалтэрыі. На пасаду загадчыка Дома-музея І з’езда РСДРП прыйшоў выдатны прафесіянал з вялізным досведам працы ў музейнай галіне, і я спадзяюся, што стараннямі Сяргея Бяспанскага гэты наш філіял распачне сваё другое жыццё. Цяпер там ідзе капітальны рамонт, а па яго завяршэнні (у першым паўгоддзі наступнага года) у Доме-музеі будзе створана новая экспазіцыя. Яна распавядзе пра гістарычную падзею, што адбылася ў гэтых сценах, з улікам сучасных тэндэнцый у музейнай справе. У планах таксама — усталяванне там мемарыяльнай дошкі, прысвечанай Янку Купалу. Можа, не ўсе ведаюць, што Песняру давялося пажыць у гэтым доме ў 20-ыя гады.
А наш асноўны стратэгічны кірунак — гэта, вядома, асваенне будынка на вуліцы Фрунзэ, чыя агульная плошча перавышае 7 тыс. кв. метраў.
Сёлета мы сталі паўнавартаснымі яго

 /i/content/pi/cult/132/698/Muzej1.jpg
 Новы раздзел экспазіцыі ў стадыі мантажу

гаспадарамі: нам перадалі таксама і правае крыло. Таму давядзецца рабіць карэкціроўку праектна-каштарыснай дакументацыі на капітальны рамонт будынка, якая ўжо была падрыхтавана.
Нагадаю, што гэты будынак быў перададзены нам пасля таго, як Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка агледзеў нашы фонды, якія сёння месцяцца ў Белдзяржмузеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і ўбачыў, што яны патрабуюць лепшых умоў захоўвання.
І цяпер мы маем добры шанц такія ўмовы стварыць.
Але натуральна, што гэты прыгожы класіцыстычны будынак не стане адно толькі фондасховішчам. Знойдзецца там месца і для экспазіцыі, і для адкрытага захавання фондаў.

— Думаецца, не аднаму мне цікава, што ж плануецца паказваць на гэтых экспазіцыйных плошчах.

— Паверце, нам ёсць што паказаць. Без лішняй сціпласці скажу, што наша калекцыя — найбагацейшая на Беларусі, у ёй звыш 350 тыс. адзінак захоўвання. Сярод іх — і ажно 113 грашова-рэчавых скарбаў, знойдзеных у розных кутках Беларусі, і найвялікшая ў краіне калекцыя нумізматыкі, і выдатныя зборы дакументаў, і зброя розных вякоў, і унікальныя ўзоры старадаўніх беларускіх строяў… Адным словам, у нас ёсць чым уразіць наведвальнікаў.

— Пэўна, фонды папаўняюцца і сёння?

— Праца ў гэтым напрамку ідзе пастаянна. Скажам, зусім нядаўна нам прапанавалі цікавую калекцыю рымскіх і візантыйскіх манет, і, хутчэй за ўсё, мы яе набудзем. Бываюць, між іншым, і шчодрыя падарункі.
Дарэчы, важна не толькі папаўняць фонды, але і вывучаць тое, што ўжо было назапашана папярэднікамі.
Неўзабаве мы завершым поўную зверку ўсіх фондавых калекцый — яна робіцца ці не ўпершыню ў гісторыі музея. У выніку мы будзем лепш ведаць уласныя скарбы, вызначым, якія экспанаты патрабуюць рэстаўрацыі.

— І калі парадуюць вашы багацці наведвальніка?

— Гэта вельмі важная для нашага музея задача — каб фондавыя калекцыі не ляжалі “мёртвым грузам”. У самы бліжэйшы час мы плануем адкрыць новы раздзел экспазіцыі, які называецца “Беларусь ХVIXVIII стагоддзяў у партрэтах і геральдыцы”. Разам з

 /i/content/pi/cult/132/698/Muzej3.jpg
 Экспанаты выстаўкі ”Гістарычны касцюм ХVІ — ХІХ стст.”.

гістарычнымі партрэтамі ў музейныя залы з нашых фондаў патрапяць зброя, нумізматыка, прадметы побыту, арыгінальныя дакументы тых часоў. А многія іншыя “ласыя кавалачкі” гэтых, як вы сказалі, багаццяў можна будзе хутка ўбачыць на выстаўках.
Агульная канцэпцыя іх — паказаць беларускую гісторыю ў новым, нязвыклым ракурсе, скажам, праз прадметы побыту.
Гэты накірунак мне падаецца вельмі перспектыўным. Наступныя два праекты ўжо напагатове. Аднаму з іх, які мае рабочую назву “Золата і срэбра з фондаў музея”, поспех ну проста наканаваны. Бо нельга прайсці міма унікальнай магчымасці на свае вочы ўбачыць легендарны “Пояс Вітаўта”, які датуецца пачаткам XV стагоддзя. Тым болей, прадстаўлены там будуць таксама і знакамітыя Полацкі і Мінскі скарбы ды іншыя, ва ўсіх сэнсах слова каштоўныя, экспанаты. Спадзяюся, што і другая выстаўка, прысвечаная касцярэзнаму рамяству, прыцягне належную ўвагу наведвальнікаў — у тым ліку і дзякуючы мастацкаму вырашэнню экспазіцыі.
Выставачныя праекты для нас важныя яшчэ і таму, што такім чынам спакваля выкрышталізоўваецца будучае аблічча музея. Апошні раз навуковая канцэпцыя экспазіцыі рабілася ў 2000 годзе, і тады яна, вядома, не прадугледжвала нашы цяперашнія ўмовы — скажам, наяўнасць другога будынка. Таму ў яе неабходна ўнесці істотныя карэктывы.
Ужо налета мы плануем рээкспазіцыю раздзела “Старажытная Беларусь”.

— Калі я ўпершыню наведаў гэты музей у сямі-васьмігадовым узросце, і “статычная” экспазіцыя мяне моцна ўразіла. Але ж сённяшняя аўдыторыя куды больш патрабавальная, ёй мала пасіўнага сузірання…

— Пэўныя інтэрактыўныя элементы ў нашай экспазіцыі ўжо плённа працуюць. Нашы наведвальнікі могуць пабываць на палескім падворку ІІ тысячагоддзя да н. э. Заняткі, якія праходзяць у музейнай прасторы “Жывая археалогія” пад кіраўніцтвам нашых дасведчаных музейных педагогаў, выклікаюць у шкаляроў сапраўднае захапленне. І сапраўды, дзе яшчэ яны здолеюць перамясціцца ў дагістарычную эпоху, паспрабаваць самім здабыць агонь ды ўзважыць у руцэ каменную сякеру?
У планах інтэрактыву паболее, і ў фотаальбомах нашых наведвальнікаў з’явяцца здымкі ў вобразах рыцара альбо шляхцянкі. Пагадзіцеся, гэта будзе добры напамінак пра паход у музей.

— У наш час многія людзі да музея чамусьці “не даходзяць”…

— …аднак калі мы прывозім да іх — у школу, летнік, на прадпрыемства — батлейку альбо невялічкую выстаўку, яны ахвотна нас прымаюць. Таму вельмі шмат наведвальнікаў мы знаходзім па-за музейнымі заламі, ладзячы па два-тры выезды на тыдзень. На жаль, пакуль што гэтая наша дзейнасць не надта часта выходзіла за межы сталіцы, але літаральна тыдзень таму музей набыў добры аўтатранспарт, і цяпер графік выязных мерапрыемстваў стане яшчэ больш напружаны.
Увогуле, папулярызацыя нашага музея — яшчэ адзін важны накірунак працы. На жаль, пакуль што ў нас няма свайго інтэрнет-сайта, але ўжо на пачатку наступнага года ён запрацуе. Таксама варта падбаць пра тое, каб пасля экскурсіі наведвальнік мог набыць на памяць буклет альбо кнігу. Таму плануем актывізаваць супрацоўніцтва з выдавецтвамі.
Сумаваць нам тут не даводзіцца, і свае планы мы ўжо пакрысе ўвасабляем у жыццё. Як той казаў, працэс пайшоў.
Значыць, з цягам часу — можа, не так хутка, як хацелася б, — будуць і вынікі.

 Гутарыў Ілля СВІРЫН
Фота аўтара