Месца падзеі — "Верхні горад"

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Сёлетняя выніковая калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь невыпадкова адбылася ў Канцэртнай зале “Верхні горад”. Стала ўжо добрай традыцыяй падводзіць вынікі года штораз у новай установе, адначасова знаёмячы работнікаў культуры краіны з адрэстаўраванымі ці наноў узведзенымі будынкамі.

/i/content/pi/cult/364/6974/2-1.jpg

Вось і гэтая канцэртная зала, сама назва якой - "Верхні горад" - указвае на яе месцазнаходжанне, з'явілася на карце Мінска зусім нядаўна, усяго некалькі месяцаў таму. Але наведвальнікі ўжо паспелі ацаніць і ўтульнасць памяшкання, і яго прыгажосць, і незвычайнасць як інтэр'ераў, так і самой гісторыі будынка.

- Калісьці на гэтым месцы, - распавядае "К" мастацкі кіраўнік Канцэртнай залы "Верхні горад" Аляксандр Вавілаў, - была царква Святога Духа. У 1930-я будынак ХVІ стагоддзя быў разбураны, а сутарэнні засталіся. Пры аднаўленні, вядома, улічваліся архіўныя малюнкі. Але новы будынак  - шырэйшы, ён быццам "ахоплівае" стары фундамент, выходзячы за яго межы на тры метры. І мы імкнёмся выкарыстаць усе асаблівасці будынка.

- Праходзяць у зале канцэрты, іх становіцца ўсё больш... Зала ўрачыста адкрылася ў верасні, на Дзень горада. Тут адбылася шлюбная цырымонія, у якой адначасова ўдзельнічалі дзевяць маладых пар./i/content/pi/cult/364/6974/2-3.jpeg

- Так, ужо літаральна з кастрычніка наша канцэртная афіша напаўняецца па нарастаючай. І гэта прытым, што шлюбы тут працягваюць спраўляцца! Хоць залу часцей называюць дзіцячай філармоніяй, выступаюць у ёй не толькі дзеці. Сярод тых калектываў, якія ўжо паспелі даць канцэрты, - Дзяржаўны камерны хор Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, Капэла "Санорус" на чале з Аляксеем Шутам. Знакаміты піяніст Юрый Бліноў, выступіўшы ў нас аднойчы, настолькі быў уражаны якасцю гуку на інструменце і акустыкай залы, што, пры ўсёй сваёй занятасці, абяцаў даваць тут канцэрты раз на месяц.

- Аляксандр Дзмітрыевіч, а ці прызвычаілася публіка да новай залы? Можа, ёсць ужо і заўсёднікі?

- Рэклама каштуе нятанна. Але на нас цудоўна працуе так званае сарафаннае радыё. Тыя, хто ў нас пабываў хаця б аднойчы, з задавальненнем прыходзяць яшчэ ды яшчэ. І сяброў сваіх прыводзяць! Не ўсё, вядома, так проста, праблем хапае, штатны расклад пакуль не зацверджаны. Затое планаў і цікавых ідэй - багата!

/i/content/pi/cult/364/6974/2-2.jpg- Дык не трымайце іх у сакрэце!

- Сярод найбліжэйшых  - у канцы сакавіка запросім усіх на дзіцячы мюзікл, падрыхтаваны самі дзецьмі. А сярод далёкіх - ёсць, да прыкладу, такая ідэя: паказваць на заднім дворыку... кіно. Абавязкова - старое! Каб было гэткае рэтра. І праецыраваць выяву на сцяну дома. Уявіце: людзі сядзяць за столікамі кафэ, няспешна п'юць каву, глядзяць кіно. Увогуле, да лета збіраемся асвоіць усю прастору - не толькі самога будынка, але і яго наваколля. Бо канцэрты могуць праходзіць і на адкрытым паветры, іх можна весці, да прыкладу, нават з балкона ратушы! Гэта папросту не зможа не прыцягнуць дадатковую публіку! І саміх мінчан, і гасцей сталіцы, і шматлікіх турыстаў. Дый у падвалы, спадзяюся, будуць наладжаны экскурсіі - з расповедамі пра гісторыю будынка, ахінутую легендамі, пра Мінск, пра нашу багатую культуру, пра повязь часоў. У гэтым месцы - папраўдзе асаблівая энергетыка, і не адчуць тую аўру высокай духоўнасці, сплеценую з таямніцамі даўніны і святлом душы нашых сучаснікаў, немагчыма!..

Фота Юрыя ІВАНОВА

На здымках: экстэр'ер і інтэр'ер Канцэртнай залы "Верхні горад".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"