Цягам трох дзясяткаў гадоў пры Астрынскай дзіцячай бібліятэцы працуе Літаратурна-краязнаўчы клуб "Спадчына".
За гэты час створаны Летапіс пасёлка. Юныя чытачы сустракаліся са старажыламі, ветэранамі вайны і працы, вышуквалі звесткі з гістарычных крыніц. Так з'явіліся альбомы "Вуліцы нашага пасёлка", "Ратная слава Астрынскай зямлі", "У кожным доме майстры жывуць", "З бабулінай скарбонкі"...
А агульная назва Летапісу такая: "Астрына ўчора, сёння, заўтра". Яго матэрыялы - і тэксты, і шматлікія фотаздымкі - надзвычай запатрабаваны вучнямі, студэнтамі, жыхарамі. Таму мы вырашылі зрабіць камп'ютарны варыянт. Гісторык Юлія Скарынка, кіраўнік школьнага гуртка "Радзімічы" (працуем з ім у вельмі шчыльным кантакце), дапамагла ў стварэнні віртуальных летапісных старонак.
Камп'ютарны летапіс атрымаў дыплом І ступені ў рэспубліканскім конкурсе "Жыву ў Беларусі і тым ганаруся". Натуральна, наш Летапіс быў якасна дапрацаваны: з'явіліся звесткі па тапаніміі, флоры і фаўне, культуры і эканоміцы... Увялі мы і новы раздзел "Нашы землякі ў свеце". Праца па ўдасканаленні Летапісу працягваецца і сёння.
Ганна СЦЯПАНЧАНКА, загадчык Астрынскай дзіцячай гарпасялковай бібліятэкі Шчучынскі раён