“Іскаркі” з Парахонска

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Дзяўчаткам і хлопчыкам вёскі Парахонск Пінскага раёна, якія мараць стаць танцорамі-віртуозамі, пашчасціла: у Цэнтральным сельскім доме культуры з імі займаецца харэограф Валянціна ЛЯЎША — маладая, прыгожая, усмешлівая, апантаная танцавальным мастацтвам. “Дзеці за ёй гуртом ходзяць, як кураняты, — кажа дырэктар Парахонскага ЦСДК Ларыса Цэван. — Ездзяць на заняткі танцавальнага гуртка “Іскаркі” нават з суседняй вёскі Селішча”.

 /i/content/pi/cult/132/697/Iskarki1.jpg
 Гурткоўцы і іх харэограф В.Ляўша (другая ў верхнім радзе) на ганку Парахонскага ЦСДК.

Tры гады таму Валянціна Сяргееўна скончыла Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча культуры імя Н.Крупскай, атрымаўшы дыплом выкладчыка харэаграфіі, артыста ансамбля, і вярнулася працаваць дадому, у родную вёску. Парахонскі ЦСДКпяціпавярховы будынак, які ніколі не пустуе. Тут займаюцца 14 гурткоў, дзейнічаюць народны ансамбль народнай песні Маладзіца”, школа народнай творчасці, маладзёжны клубРавеснік”, сямейны клубВернасць”… Дом культуры суседнічае і шчыльна супрацоўнічае са школай мастацтваўдарэчы, яна прызнана адной з вядучых у раёне і вобласці. Так што ў Парахонску існуе моцны культурны асяродак. У 2009 г. тут плануецца ўвод у дзеянне аграгарадка, першыя 20 дамоў ужо пабудаваны.
… З Валянцінай Ляўша мы размаўлялі ў харэаграфічным класе пасля таго, як самыя маленькія яе выхаванкі адрэпеціравалі танец “Іскаркі”, які і даў назву гуртку, і, развітаўшыся, разбегліся.

— У Пінскім раённым аддзеле культуры мне распавялі, Валянціна, што вы былі абраны “Маладым чалавекам года — 2005” свайго раёна. Цікава, як жа гэта адбылося?

— Шчыра кажучы, навіна аб прысваенні гэтага ганаровага звання сталася для мяне поўнай нечаканасцю. Прыемна, што людзі гэтак высока ацанілі маю працу. Тады паралельна з гуртком у Парахонску я вяла танцавальную групу ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы, і на абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Камене мы занялі трэцяе месца — мабыць, і гэта паспрыяла…

— А з якога ўзросту вас захапілі танцы?

— Яшчэ калі вучылася ў другім класе: у школе аб’явілі набор на танцы, і мы з сяброўкамі запісаліся. Заняткі вельмі спадабаліся, нас тады вучыла харэограф Наталля Сяргееўна Бурак, малады спецыяліст. Першы мой танец быў — “Брыдкае качаня”. Потым яна развучвала з намі беларускія народныя танцы…

— Ваш улюбёны рэпертуар?

— Мне вельмі падабаюцца і беларускія народныя, і іспанскія танцы. Але вышэй за ўсё стаўлю класіку. Вельмі люблю беларускі балет; бываючы ў Мінску, наведваю Нацыянальны

 /i/content/pi/cult/132/697/Iskarki2.jpg
 Валянціна Ляўша.

акадэмічны Вялікі тэатр балета. Глядзела “Карміну Бурана”, “Рагнеду”, “Балеро” ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева — проста ашаламляльна! І штораз прывожу дзецям праграмкі, распавядаю пра беларускі балет. Увогуле раю ім паболей чытаць, тлумачу, што якія б рухі ні рабіў танцор, калі ён духоўна не ўзбагачаны чалавек, не здолее далучыць гледачоў да прыгожага. Мы разам наведваем раённую, Пінскую гарадскую бібліятэкі. Дзялюся з вучнямі таксама сваімі дыскамі з музыкай, фільмамі.

— Ці не таму танцавальны калектыў Парахонскага ЦСДК завецца “Іскаркі”, што вашы выхаванцы разам з вамі “гараць” на сцэне натхненнем і запальваюць гледачоў? Якія ж танцы яны засвойваюць?

— У дзяцей ёсць выбар: тры групы. Першая займаецца класічным танцам, другая — народным, трэцяя — эстрадным.

— Дзе вы авалодалі такімі рознымі стылямі?

— Усе гэтыя ўменні мне дало Магілёўскае вучылішча культуры, за што я вельмі ўдзячная сваім педагогам. У нас была выдатная выкладчыца класічнага танца, якая ўсё жыццё прысвяціла гэтай справе, — Ганна Мілюкова. Падчас вучобы я танцавала ў народным ансамблі “Алеся” пад кіраўніцтвам Наталлі Цікуновай, колішняй выпускніцы Універсітэта культуры. Алена Шумейка, у сваю чаргу, прывіла нам культуру беларускага танца, рабіла з намі вельмі добрыя пастаноўкі. А Георгій Квасціяні знаёміў з малдаўскімі, грузінскімі танцамі.

— Хапае для працы ведаў і ўменняў, набытых у вучылішчы, ці давялося яшчэ самой нешта шукаць, засвойваць?

— Я заўсёдніца бібліятэк, гэтага патрабуе і завочная вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Выкладчык сусветнай мастацкай культуры і культуралогіі”, і ўвогуле лічу, што трэба пастаянна развівацца як асоба. Бо калі спынішся на адным месцы, хутка пачнеш “крочыць назад”.

— З якімі складанасцямі, напрыклад, сутыкаецца малады спецыяліст, прыйшоўшы па размеркаванні ў сельскі Дом культуры, і як гэтыя складанасці пераадольваюцца?

— Калі я пачала працаваць, атрымала пустое памяшканне, дзе даўно не было рамонту, не было станкоў, неабходных для заняткаў харэаграфіяй. Вырабіць і ўсталяваць станкі мне дапамаглі бацькі. Таксама ўласнымі сіламі рамантавалі падлогу, сцены. А што датычыць калектыву нашага Дома культуры, дык прынялі мяне тут добразычліва, нараканняў на маю працу няма. Якія яшчэ складанасці?.. Хіба што сцэнічных касцюмаў не хапае, але і з гэтай праблемай спраўляемся.

 /i/content/pi/cult/132/697/Iskarki3.jpg
 Танец “Іскаркі”.

— Шыеце самі? Ці бацькі вучняў далучаюцца?

— Часам збіраемся і сапраўды шыем самі. І Валянціна Іванаўна Караткевіч, мая колішняя настаўніца танцаў, нам вельмі шмат дапамагае, асабліва што датычыць народных касцюмаў. Яна — знаўца асаблівасцей адзення не адной Піншчыны, дзе толькі спадніц чатыры віды, але і розных рэгіёнаў Беларусі. Амаль усе строі ў касцюмернай, якія вы бачылі, пашыты яе ўмелымі рукамі.

Пакуль мы гутарылі, Валянціна Іванаўна прысела побач з любімай вучаніцай. Заўважна было, што хвалявалася за яе.

— Я па адукацыі настаўніца рускай мовы і літаратуры, — прызналася яна, — але ж вельмі люблю мастацкую самадзейнасць, асабліва танцы. Таму з 1957 года, ад самага прыезду сюды і пакуль Валечка мяне не замяніла, вяла гурток танцаў.

— І, пэўна, яна — адна з самых адораных вашых вучаніц?

— Я б сказала, самая адораная і самая старанная, самая ўлюбёная ў танец за ўсе 50 гадоў майго стажу. Таму і праца з дзеткамі ў яе так ладзіцца. Малайчына!

— З вашымі здольнасцямі, Валянціна, вы, мабыць, авалодвалі харэаграфічным майстэрствам лёгка і нязмушана?

— Ой, што вы! На першым курсе вучылішча культуры, шчыра кажучы, давялося прайсці праз немалыя цяжкасці, пераадольваць боль у каленях, выпрацоўваючы правільную пастаноўку ног. Мастацтва танцора з глядзельнай залы падаецца лёгкім, але дасягаецца праз пастаянныя ўпартыя рэпетыцыі.

— Ці культывуеце ў гуртку народныя танцы Піншчыны?

— Так, і два гады запар нашы дзеткі займаюць першыя месцы на абласным фальклорным фестывалі “Радавод”. (Ад старэйшых жанчын Парахонска Валянціна Іванаўна пераняла аўтэнтычныя танцы — “Лысы”, “Каробачка”, тутэйшыя — “Яблычак”, польку, падэспань, кракавяк, і ўвяла ў праграму “Іскарак”.) Нас запрашалі выступаць на рэспубліканскім фестывалі “Беларусь — мая песня”, на раённых дажынках і іншых мерапрыемствах, на святах вёсак Пінскага раёна.

— Колькі танцаў ведаюць “Іскаркі”?

— Каля дваццаці.

— Ці шмат юных артыстаў у гуртку?

— Зараз — 40 чалавек, палова з іх — настолькі актыўныя танцоры, што імкнуцца праявіць сябе ў розных жанрах. Заўважу, што сучасная моладзь найбольш цікавіцца эстраднымі танцамі, і мы ставілі ў гэтым жанры харэаграфічныя кампазіцыі “Магія сэрцаў”, “Дабро і зло”, “Любоў і адзінота” і іншыя. Часам даю дзецям заданне самастойна прыдумаць танец і перадаць у ім пэўную думку, настрой, ідэю.

— Ці хапае вам у родным Парахонску прасторы для творчага самавыяўлення?

— Так, і, прынамсі, у бліжэйшыя гады з’язджаць адсюль не збіраюся.

У Валянціны Ляўша і яе бацькоў уласны дом, моцная прысядзібная гаспадарка. Ёсць сад, агарод на 80 сотак, гадуюцца тры каровы, кабылка. Пасля нялёгкай сялянскай працы Валянціна спяшаецца ў свой клас харэаграфіі: “Да прыходу вучняў зраблю размінку ля станка, расцяжку — і стомленасць, напружанасць у мышцах знікаюць, нібыта іх і не было. Ды якая там стомленасць, калі займаешся любімай справай!”

Гутарыла Святлана ІШЧАНКА
Мінск — Парахонск — Мінск
Фота аўтара