Сацыяльны статус Слова

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Бярэзіншчына: творчыя акцыі ў Год кнігі

2012-ы, як вядома, абвешчаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Годам кнігі. Натуральна, з гэтай нагоды на нашы ўстановы кладзецца падвойная адказнасць. Калі казаць канкрэтней, гэта - штодзённая праца па далучэнні да кнігі ўсё большага кола землякоў розных узростаў, роду дзейнасці, інтарэсаў у рамках імідж-праекта "Бібліятэка - тэрыторыя для ўсіх".

Асаблівы клопат - моладзь, дзеці, падлеткі. Да прыкладу, для старшакласнікаў распрацаваны праекты ЦБ "Мастацкая літаратура - акно ў свет", "Жывая кніга". Гаворка - пра нефармальныя інавацыйна-творчыя формы масавай папулярызацыі літаратуры (скажам, тэатралізацыя кніжнага слова), якія прайшлі ўжо выпрабаванне часам. Старшакласнікам адрасаваны літаратурна-сацыяльная рулетка "Маладзёжны вектар", літаратурныя сімфаньеты "Апавяданне - літаратурны шэдэўр", выбары пісьменніцкага "парламента", сацыяльна-педагагічная экспрэс-школа "Звяраем жыццё па кнізе" (з удзелам бацькоў, настаўнікаў, работнікаў сацыяльных і праваахоўных структур), галерэя "Партрэты загаварылі", літаратурныя гульні "Герой не майго рамана", сентыментальныя дыскурсы...

Актыўныя ўдзельнікі Аўкцыёну літаратурных шэдэўраў атрымаюць спецыяльныя жэтоны на права бясплатнага карыстання камерцыйным фондам ЦБ на паўгода. Тэатр маналога прадставіць споведзі Паўліны Мядзёлка "Сцяжыны кахання зводзілі нас з табой" (паводле твораў А.Дзялендзіка "Карона з кахання" і П.Мядзёлка "Сцежкамі жыцця") і гераіні апавядання Я.Коласа "Адукацыя".

Для вызначэння ролі кнігі ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці бярэзінцаў мы наладжваем бліц-апытанне вядучых спецыялістаў райвыканкама і педагогаў школ "Раскрытая кніга на маім стале" (кніга, якую я чытаю зараз), "Мая настольная кніга" (кніга, да якой я перыядычна звяртаюся).

У сакавіку пройдзе прадстаўнічы чытацкі форум "Жанчыны ў феерверку кніг". На базе радзільнага аддзялення райбальніцы сумесна з раённай арганізацыяй грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" і пры спонсарскай падтрымцы мясцовых арганізацый будзе праведзены цыкл дабрачынных акцый для парадзіх "Кніга - маладой матулі", "Першая кніга вашага малыша", "Кніга - нованароджанаму месяца"...

Бярэзінскія бібліятэкі стануць цэнтрамі літаратурных святаў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа, сотым угодкам Максіма Танка. Індыкатарам бібліятэчных навацый у справе папулярызацыі кнігі і літаратуры стане раённы агляд-конкурс "Бібліятэка - папулярызатар мастацкага слова" і школа прафмайстэрства бібліятэкараў "Вобразна-эмацыянальныя формы папулярызацыі кнігі сярод моладзі і падлеткаў".

Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦБС