РАЗГОН "СНЕЖНАГА КАМЯКА", або інцыдэнту магло б і не быць...

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Кальварыйскі "сюжэт" з электроннай скрыні

/i/content/pi/cult/363/6967/1-4.jpeg

На электронную скрыню рэдакцыі прыйшоў зварот ад грамадскага аб'яднання "Кальварыя". У лісце было выказана хваляванне адносна бліжэйшага лёсу некаторых старых пахаванняў на Кальварыйскіх могілках, а нагодай сталі прымацаваныя да агароджаў шыльды "папераджальнага" зместу за "аўтарствам" адміністрацыі гэтага мемарыяльнага месца.

Менавіта яны спарадзілі не абы-які ўсплёск цікавасці грамадскасці ды СМІ да найстарых на сённяшні дзень могілак Мінска. Як засведчыла зусім кароткае "журналісцкае даследаванне" (двукоссе тут папросту непазбежнае!), інфармацыйная нагода была абрана, мабыць, не самая лепшая. Але ўвага да Кальварыі была ў кожным разе цалкам дарэчы. Як, зрэшты, і да старых беларускіх цвінтароў увогуле.

Інтэрпрэтацыя

аранжавых шыльдаў

Яркія аранжавыя шыльды добра праглядаюцца на фоне снежнага покрыва. Агулам такіх узораў дызайну з'явілася каля трыццаці. Іх павесілі, у тым ліку, і на магілах, размешчаных на цэнтральнай алеі, што вядзе ад брамы да касцёла Узвіжання Найсвяцейшага Крыжа.

Кожная з гэтых шыльдаў утрымлівае наступны тэкст: "НАПАМІН! Просім вас аднавіць састарэлыя пахавальныя збудаванні. У адваротным выпадку адміністрацыя прадпрыемства будзе абавязана прыняць неабходныя меры ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. (арт. 47 "Правілы захавання месцаў пахавання" № 17/43 ад 28.06.2002 г.). Адміністрацыя".

Рэакцыя на гэты тэкст "неабыякавых мінакоў" была цалкам прадказальнай. Тым больш, далёка не кожнаму грамадзяніну краіны даводзілася штудзіраваць згаданы вышэй "вузкапрофільны" падзаконны прававы акт. Менавіта таму змешчаны на шыльдачках "месэдж" быў праінтэрпрэтаваны адназначна: магілы, некаторыя з якіх адносяцца яшчэ да ХІХ стагоддзя, збіраюцца зносіць.

У цяперашнія маразы Кальварыя выглядае бязлюднай. Але ў размешчаным на тэрыторыі могілак касцёльчыку штодзень ладзяцца камерныя ды прачулыя набажэнствы. І таму не дзіва, што менавіта пробашч апошняга Андрэй Бародзіч першым заўважыў згаданыя шыльдачкі. Не дзіва і тое, што ён адразу забіў трывогу. Так зрабіў бы, мяркуем, кожны неабыякавы чалавек.

Здзіўляе акурат-такі іншае. /i/content/pi/cult/363/6967/1-2.jpeg

Інфармацыя пра меркаваны знос старых пахаванняў адразу трапіла ў СМІ, Інтэрнэт застракацеў спасылкамі... Але ніхто з журналістаў чамусьці не парупіўся звярнуцца па каментарыі да тых, хто, уласна, і спарадзіў гэтую інфармацыйную нагоду, выступіўшы аўтарам тэксту шыльдачак. Замест гэтага меў месца ўжо знаёмы эфект снежнага камяка эмоцый. Гіпотэза пакрысе абрастала маляўнічымі "падрабязнасцямі".

 Як вядома, усе могілкі Мінска належаць да Камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Спецкамбінат КБА". Знайсці ў Сеціве яго кантактны тэлефон можна літаральна "з двух клікаў". Ветлівая сакратарка адразу злучыла мяне з намеснікам дырэктара прадпрыемства Сяргеем Турам. А той, не вагаючыся, пагадзіўся адказаць на ўсе мае пытанні.

- Мушу адразу адзначыць: нават гаворкі не можа весціся пра знос старых пахаванняў на Кальварыйскіх могілках, - агаломшыў ён. - І таму мне прыкра, што некаторыя з вашых калег дэзінфармавалі сваіх чытачоў.

- А як жа шыльдачкі? - запытаўся я ў адказ. - Там, здаецца, гаворка ішла пра "прадугледжаныя заканадаўствам меры"?..

Тады Сяргей Тур на памяць працытаваў урывак з тых самых "Правілаў захавання месцаў пахавання" (дакумент мае статус пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь). Яго параграф 47 гучыць наступным чынам: "Адміністрацыя спецыялізаванай установы абавязана паведамляць сваякам пахаванага пра састарэлыя надмагільныя збудаванні, пліты калумбарных ніш і патрабаваць іх выпраўлення ў найхутчэйшыя тэрміны. Калі надмагільныя збудаванні не будуць выпраўлены цягам трох гадоў з дня апавяшчэння, адміністрацыя прадпрыемства абавязана прыняць неабходныя меры паводле заканадаўства".

Адпаведна, ён амаль тоесны тэксту аранжавых шыльдачак. Зразумела, што апеляцыя да сваякоў тых, хто быў пахаваны яшчэ ў ХІХ стагоддзі, выглядае ледзь не чорным гумарам, але... Справа нават не ў гэтым.

Справа - у вытлумачэнні малаўцямнага тэрміна "неабходныя меры". Дык вось, як патлумачыў мне Сяргей Тур, яны заключаюцца ў тым, што адміністрацыя могілак чакае тры гады, а потым бярэ на сябе абавязкі сваякоў і... даводзіць пахаванні да ладу ўласнымі сіламі! Не больш і не менш.

- Яшчэ раз падкрэслю: знос магіл беларускім заканадаўствам проста не прадугледжаны, - дадаў Сяргей Тур.

Паводле той самай пастановы, нават перапахаванне астанкаў можа адбывацца толькі ў надзвычайных выпадках. Прыкладам, "пры прыняцці рашэння аб пераносе месцаў пахавання ў выпадку пагрозы пастаянных затапленняў, апоўзняў, пасля землятрусаў ды іншых стыхійных бедстваў". Альбо калі гэтага патрабуе следства.

Па словах Сяргея Тура, непарушнымі застаюцца нават тыя магілы, якія захаваліся ў выглядзе ледзь прыкметнага грудка, дзе візуальна ўгадваюцца пэўныя характэрныя прыкметы пахавання.

- Калі відаць, што гэта менавіта магіла, мы яго захоўваем, не дазваляем рабіць на гэтым месцы новыя пахаванні, - патлумачыў ён. - Кожныя пяць гадоў адбываецца інвентарызацыя, і гэтыя грудкі фіксуюцца як невядомыя пахаванні...

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі не схільны кваліфікаваць з'яўленне шыльдаў як праблемны выпадак і не бачыць у ім парушэння заканадаўства ў сферы аховы спадчыны. А на Кальварыйскія могілкі яно, вядома, распаўсюджваецца: аб'ект мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ажно першай катэгорыі!

Такім чынам, інцыдэнт варта лічыць вычарпаным. Прынамсі, ксёндз Андрэй Бародзіч з гэтым пагадзіўся. Можна смела сцвярджаць, што старыя магілы знесены не будуць. Зрэшты, і ўсплёск грамадскай рэакцыі, праўда, не зусім матываванай, пасля такога бурлівага праяўлення неабыякавасці наўрад ці можна лічыць "халастым стрэлам". Бо інцыдэнт у дадзеным выпадку можа стаць прэцэдэнтам, які прымусіць звярнуць увагу на іншыя вядомыя гістарычныя могілкі Беларусі. Ён актуалізуе шэраг надзённых пытанняў. Адказ жа на іх, у той ці іншай ступені, - універсальны.

Прынамсі, айцец Андрэй Бародзіч распавёў, што прыборка могілак ужо даўно стала добрай традыцыяй яго парафіі: яна рэгулярна ладзіцца, прыкладам, перад Дзядамі, Днём задушным. Але і "пазачарговыя" талокі таксама не сталіся лішнімі.

Даведаўшыся ад мяне пра пазіцыю кіраўніцтва Спецкамбіната, аўтар электроннага ліста ў рэдакцыю - старшыня грамадскага аб'яднання Уладзімір Адамчык - шчыра ўзрадававаўся. Маўляў, на Кальварыі хопіць працы для ўсіх: як для штатных супрацоўнікаў, так і для валанцёраў самага рознага профілю.

Склады

на "Гары чарапоў"

/i/content/pi/cult/363/6967/1-1.jpeg"Кальварыя" - гэта Галгофа, "гара чарапоў". Месца ўкрыжавання Ісуса Хрыста. Мабыць, у Мінску канца ХVIII стагоддзя такі тапонім быў прыкметай традыцыі, але цяпер, у сучасным Мінску, ён выглядае куды больш змястоўным.

Іду па Кальварыйскім схіле, аглядаючы стан гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Тоўстае покрыва снегу хавае ад вачэй "падрабязнасці", але нават і ў такую пару відавочна, што "статус-кво" далёкі ад ідэальнага: паваленыя помнікі, сагнутыя крыжы, зробленыя кавалямі яшчэ пазамінулага стагоддзя... Улетку трава ды хмызняк пойдуць у рост, а разам з імі - атмасфера занядбанасці...

Як адзначыў Ігар Чарняўскі, Спецкамбінат зарэкамендаваў сябе як даволі дысцыплінаваны выканаўца заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны: нават самым нязначным будаўнічым работам, кшталту пракладкі асфальту, папярэднічае зварот па дазвол у Міністэрства культуры краіны.

- У адрозненне, дарэчы, ад каталіцкай парафіі, - дадаў суразмоўца. - У касцёле зусім нядаўна адбываліся рамонтныя работы без усялякіх дазволаў. Дый нават ахоўнае абавязальніцтва пакуль не падпісана...

І сапраўды, свежаўстаўленыя шклопакеты наўрад ці паляпшаюць успрыняцце помніка спадчыны, збудаванага ў 1839 годзе. Як і новая жалезная лесвіца з тыльнага боку храма.

Так, я згодны: за дрэвамі трэба ўмець убачыць лес. Касцёл рамантуецца толькі таму, што ён сапраўды жыве. У адваротным выпадку, і праблемы б не ўзнікала. Колькі ў нас на Беларусі закінутых храмаў розных канфесій... І ў колькі разоў больш такіх руін у суседняй Расіі? Там шклопакетаў дакладна не ўбачыш.

Але пазіцыя парафіі ўсё адно выклікае шчырае недаўменне. Няўжо ў дадзеным выпадку нельга было абысціся без парушэнняў заканадаўства?

Адышоўшыся на пару дзясяткаў метраў ад дагледжанага касцёльчыка, адразу трапляеш у сапраўдны лес зусім іншых праблем, з рамонтам ніяк не звязаных. Праз яўна не аўтэнтычныя, але ўжо струхлелыя - і таму адчыненыя наросхрыст - дзверы адной з пахавальных капліц бачыш яе інтэр'ер. Унутры - нейкія паржаўленыя пасудзіны ды розны іншы, не надта каштоўны, інвентар. Яшчэ адна капліца аточана штабялямі дроў, прызначаных для абагрэву службовых памяшканняў...

Ці варта нават казаць пра тое, што паміж магілай і складам ёсць вельмі істотная розніца? На вялікі жаль, заганная традыцыя ўтылітарнага выкарыстання сакральных месцаў (згадайма тыя ж склады ўгнаенняў у колішніх храмавых будынках!) пакуль усё яшчэ не выкаранена. Хаця, здавалася б, ужо пара.../i/content/pi/cult/363/6967/1-5.jpeg

Вырашыў адшукаць магілу вядомага беларускага паэта Яна Неслухоўскага, чые творы ўваходзяць ва ўсе навучальныя праграмы. Ды, на жаль, не даў сабе рады. Пра тое, што Янка Лучына пахаваны на Кальварыі, ведаюць многія. А вось дзе менавіта? Паспрабуй знайдзі сярод трох дзясяткаў тысяч пахаванняў! Указальнікаў, якія скіроўвалі б да магіл вядомых асоб, на гэтым цвінтары, на жаль не прадугледжана. Не знайсці ў вольным доступе і падрабязную карту-схему Кальварыйскіх могілак...

Між тым, тэма падаецца сапраўды актуальнай - і не толькі ў дачыненні да гэтага пагоста. Асабліва ў звязку з такім заканамерным працэсам, як абуджэнне гістарычнай памяці. У многіх грамадзян краіны з'яўляецца памкненне адшукаць свае карані, даведацца радаслоўную хаця б да пятага калена. І, натуральна, - знайсці магілы тых сваіх продкаў, пра якіх яны раней нават не ведалі, не памяталі, альбо ў пэўныя гады, можа, і "забывалі" наўмысна праз наяўнасць графы "сацыяльнае паходжанне".

Але як звычайны чалавек можа даведацца, дзе шукаць такія магілы? Хаця, здавалася б, інвентарызацыя пахаванняў павінна лёгка даць патрэбны адказ.

Менавіта таму ў паветры ўжо не першы год лунае ідэя стварэння адмысловага вэб-рэсурсу, які змяшчаў бы базу даных усіх пахаванняў на беларускіх могілках. Набіраеш у акенцы пошуку патрэбнае прозвішча - і праз лічаныя секунды атрымліваеш вынік. Да архіварыусаў дойдзе далёка не кожны, а вось Інтэрнэт ёсць, не раўнуючы, ва ўсіх.

І цалкам можна прагназаваць, што такі сайт стане сапраўдным цэнтрам і рухавіком краязнаўчых ды гістарычных даследаванняў, дзе шараговы карыстальнік, у тым ліку і замежны, змог бы не толькі пачэрпнуць нешта карыснае для сябе з агульнай скарбонкі, але і дадаць у яе тыя факты, якія захоўваюцца толькі ў ягоным уласным сямейным архіве. Тады закінутых магіл, неаспрэчна, стане менш.

А надпісы

ўсё сціраюцца...

/i/content/pi/cult/363/6967/1-3.jpegНекаторыя старадаўнія могілкі ў іншых гарадах ужо сталі турыстычнымі адметнасцямі. Па Лазараўскім некропалі ў Санкт-Пецярбургу альбо Лычакіўскім цвінтары ў Львове даўно водзяць экскурсіі. Але Кальварыя, як падаецца, важная не столькі для турыстаў, колькі для нас, мінчан.

Выраз "повязь часоў" раз-пораз падаецца занадта абстрактным. Асабліва тут, у Мінску, на ружы вятроў гісторыі, дзе захаваліся хіба лічаныя напамінкі пра былыя эпохі, а шукаць "аўтахтона" хаця б у пятым пакаленні давядзецца доўга і з ліхтаром.

Прыходзячы на Кальварыю і ўчытваючыся ў напаўсцёртыя надпісы на магільных помніках, сучасны мінчанін можа рэальна ўсведамляць тую повязь пакаленняў. Менавіта таму гэтае месца стала знакавым для многіх гараджан і няспынна выклікае цікавасць.

Адна бяда: надпісы ўсё сціраюцца і сціраюцца...

Кальварыя знаходзіцца амаль у цэнтры Мінска. І можна лёгка сабе ўявіць, што робіцца ў маленькіх вёсачках альбо мястэчках, куды не так і часта ступае нага сталічнага журналіста. Там аранжавых шыльдаў ніхто не вешае. Там праблемы куды больш глабальныя. Знаёмыя студэнты-філосафы неяк вырашылі наведаць магілу даволі вядомага мысляра-мараліста XIX стагоддзя Фларыяна Бохвіца ў Ляхавіцкім раёне. І не знайшлі яе: пліта кудысьці знікла...

 Мы ўжо пісалі пра тое, што ў вёсцы Райца Карэліцкага раёна выкшталцона-рамантычны помнік заўчасна памерлай жонкі колішняга гаспадара сядзібы ледзь не ўсутыч суседнічае з грамадскай прыбіральняй. Як не згадаць тут і фамільную пахавальню Завішаў на могілках Узды - своеасаблівую рэпліку егіпецкай піраміды, унікальную, мабыць, не толькі па беларускіх мерках: праз яе старую кладку паспелі прарасці нават не хмызы, а паўнавартасныя дрэвы. Як патлумачылі мне ў раённым аддзеле культуры, уся праблема ў тым, што аўтавышку да гэтага аб'екта не падгоніш: вакол - магілы. Але ж ёсць у свеце і іншыя методыкі вырашэння гэтай праблемы - скажам, прамысловы альпінізм. Можа, у самой Уздзе такіх спецыялістаў і не знойдзеш, аднак да Мінска, дзе іх не бракуе, - усяго гадзіна язды на машыне.

Чалавечыя косткі ў шляхецкім склепе мне даводзілася бачыць толькі аднойчы, і тая капліца, прынамсі, мела дзверы з добрым замком - праз рупнасць мясцовай парафіі. А вось ад сяброў ды калег даводзілася чуць даволі вусцішныя гісторыі (між іншым, падмацаваныя фотадакументацыяй), якія нават і распавядаць тут не буду. Раптам хтосьці зараз сабраўся спаць...

Грамадзянінам

можаш ты... быць

Небезвядомы выраз, паводле якога стан могілак з'яўляецца адным з галоўных індыкатараў узроўню культуры нацыі, неаспрэчна, праўдзівы. Асабліва ў выпадку Кальварыі - могілак, якія знаходзяцца сапраўды "навідавоку", у цэнтры грамадскай увагі. Падаецца, што менавіта ў дадзеным выпадку можна выпрацаваць універсальныя прынцыпы, якія будуць прымяняльныя і для тых старых падзабытых пагостаў, што апынуліся ў мястэчках ды вёсках.

Безумоўна, без грамадскай ініцыятывы - прычым ініцыятывы менавіта "на месцах", ва ўсіх кутках Беларусі ды кожнага з нас - справа ўпарадкавання могілак продкаў ніколі не дасягне належнага ўзроўню.

Пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк - як, зрэшты, ці не кожны іншы святар любой канфесіі - у сваіх казанях пастаянна звяртае ўвагу на тое, што папулярны звычай "банкетавання" на могілках поўнасцю супярэчыць хрысціянскай традыцыі, "спрыяючы" дэсакралізацыі святога месца. Тым не менш, звычай жыве. Мусіць, час аб'явіць гэтай неаязычніцкай завядзёнцы "крыжовы паход" - з перакананняў культурных ды... чыста гігіенічных? Тым больш, што такія "бяседы" ніяк не стасуюцца з беларускім заканадаўствам, якое забараняе ўжыванне алкаголю ў грамадскіх месцах.

Што ні кажы, але аўра мінуўшчыны і памяці аб ёй робіць сваю справу. Пад яе ўплывам насельнікі гэтай зямлі становяцца жыхарамі свайго горада і сваёй краіны, якія рупяцца не толькі пра ўласныя клопаты (а іх ва ўсіх дастаткова), але і імкнуцца зрабіць свой унёсак - пасільны, але канкрэтны! - у грамадскае жыццё. І тут не мае значэння, хто ты: паэт, альбо, цытуючы Маякоўскага, фінінспектар.

 Бо, урэшце, усе мы - грамадзяне.

P.S. І ўсё ж... Па сутнасці, многіх сітуацый, што "раскручваюцца" з эфектам снежнага камяка, магло і не быць. Падаецца, перад тым, як выходзіць у Сеціва з гучнымі заявамі ў адносінах да гісторыка-культурных каштоўнасцей, і, у прыватнасці, тых, што маюць дачыненне да зберажэння памяці продкаў і месцаў іх спачыну, прадстаўнікі грамадскасці маглі б набраць адпаведны тэлефонны нумар або пацікавіцца нарматыўнымі дакументамі, датычнымі ўзнятага пытання. Тады выбуху эмоцый можна было б пазбегнуць.