"Глебаўка" ў Вялікім

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.А. Глебава сёлета адзначае 65-годдзе. 27 студзеня ў Камернай зале імя Л.П. Александроўскай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета краіны (менавіта ў памяшканнях тэатра былі арганізаваны колісь першыя заняткі каледжа) распачала працу юбілейная выстаўка творчых работ навучэнцаў каледжа апошняга дзесяцігоддзя, а таксама адбылася прэзентацыя каталога. У ім прадстаўлены курсавыя і дыпломныя работы, што адлюстроўваюць сучасны стан мастацкай школы.

/i/content/pi/cult/363/6965/1-2.jpg

Намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Марына Яцкевіч паведаміла "К", што на выстаўцы прадстаўлены самыя разнастайныя па жанрах работы: ад пейзажа да драўлянай скульптуры. Творы захоўваліся цягам дзесяцігоддзя ў метадычным цэнтры ўстановы і з'яўляюцца, так бы мовіць, характэрнымі ілюстрацыямі мастацкіх здабыткаў і пошукаў моладзі...

Нагадаем, Мінскі мастацкі каледж (раней ён называўся - Мінскае мастацкае вучылішча), заснаваны ў 1947-м, - адна з найстарэйшых і найаўтарытэтных сярэдніх спецыяльных устаноў культуры. Менавіта тут вучыліся народныя мастакі краіны Міхаіл Савіцкі, Георгій Паплаўскі, Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, Віктар Грамыка, Май Данцыг, Леанід Шчамялёў. Менавіта тут у пасляваенны час пачалося фарміраванне нацыянальнай школы выяўленчага мастацтва...