Вяртанне і праз пленэр

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Лагойскімі маршрутамі Артура Бартэльса

/i/content/pi/cult/363/6964/1-4.jpg

У №№ 1 - 2 за гэты год пад рубрыкай "Вяртанне імёнаў" Барыс Крэпак распавядаў пра незвычайны лёс нашага земляка, выбітнага графіка, карыкатурыста, даследчыка ХІХ стагоддзя Артура Бартэльса. Узгадаў ён і тое, што на Лагойшчыне - зямлі, непарыўна звязанай з лёсам майстра, - у леташнім кастрычніку прайшоў прысвечаны яму /i/content/pi/cult/363/6964/1-3.jpgпленэр. Ён быў здзейснены дзякуючы садзейнічанню Лагойскага райвыканкама пры дапамозе Беларускага саюза мастакоў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
І вось, 18  - 29 студзеня ў Палацы мастацтва працавала выстаўка твораў, напісаных пад час пленэру. Прадстаўленыя ў экспазіцыі работы, у асноўным, адлюстроўваюць багацце прыроды Лагойскай зямлі, а таксама вобразы, звязаныя з творчасцю і лёсам Бартэльса.

Дзесяць мастакоў, якія прынялі ўдзел у вернісажы, - выхадцы з розных куткоў Беларусі, але Лагойшчына натхніла іх на стварэнне візуальнага "гімна" "беларускай Швейцарыі": у ім вельмі шмат зусім розных нот - ад манахромных, "ціхіх" акварэлей Вячаслава Паўлаўца і класічнай "кніжнай" графікі Генадзя Грака да буянства восеньскіх колераў у работах Васіля Касцючэнкі і Аляксандра Кошалева. Варта спадзявацца, што спадару Бартэльсу спадабалася б такая разнастайнасць інтэрпрэтацый улюбёнай Зямлі.

Здаецца, было б добрай традыцыяй ушаноўваць памяць нашых знакамітых у мінулым творцаў прысвячэннямі ад сучасных мастакоў. І, безумоўна, ў любым куточку Беларусі знойдзецца вартая гэтага постаць.

Ф.А.