У №№ 1 - 2 за гэты год пад рубрыкай "Вяртанне імёнаў" Барыс Крэпак распавядаў пра незвычайны лёс нашага земляка, выбітнага графіка, карыкатурыста, даследчыка ХІХ стагоддзя Артура Бартэльса. Узгадаў ён і тое, што на Лагойшчыне - зямлі, непарыўна звязанай з лёсам майстра, - у леташнім кастрычніку прайшоў прысвечаны яму пленэр. Ён быў здзейснены дзякуючы садзейнічанню Лагойскага райвыканкама пры дапамозе Беларускага саюза мастакоў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
І вось, 18 - 29 студзеня ў Палацы мастацтва працавала выстаўка твораў, напісаных пад час пленэру. Прадстаўленыя ў экспазіцыі работы, у асноўным, адлюстроўваюць багацце прыроды Лагойскай зямлі, а таксама вобразы, звязаныя з творчасцю і лёсам Бартэльса.
Дзесяць мастакоў, якія прынялі ўдзел у вернісажы, - выхадцы з розных куткоў Беларусі, але Лагойшчына натхніла іх на стварэнне візуальнага "гімна" "беларускай Швейцарыі": у ім вельмі шмат зусім розных нот - ад манахромных, "ціхіх" акварэлей Вячаслава Паўлаўца і класічнай "кніжнай" графікі Генадзя Грака да буянства восеньскіх колераў у работах Васіля Касцючэнкі і Аляксандра Кошалева. Варта спадзявацца, што спадару Бартэльсу спадабалася б такая разнастайнасць інтэрпрэтацый улюбёнай Зямлі.
Здаецца, было б добрай традыцыяй ушаноўваць памяць нашых знакамітых у мінулым творцаў прысвячэннямі ад сучасных мастакоў. І, безумоўна, ў любым куточку Беларусі знойдзецца вартая гэтага постаць.
Ф.А.