Успаміны Завішы

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Сябра Карла ХІІ і Пятра І

/i/content/pi/cult/363/6961/1-4.jpeg

Як вядома, гістарычным помнікам можа быць не толькі пэўны ўнікальны будынак ці скульптура, але і кніга. У шэрагу такіх каштоўных аб'ектаў айчыннай спадчыны могуць лічыцца і "Успаміны Крыштафа Завішы, ваяводы мінскага" - літаратурны твор мяжы ХVІІ - ХVІІІ стагоддзяў.

У кнізе мінскі ваявода занатоўваў найбольш цікавыя падзеі і з'явы сучаснасці на працягу ўсяго жыцця да самой сваёй смерці (у 1721 годзе). Упершыню ўспаміны былі выдадзены у 1862-м на польскай мове, дзякуючы выдатнаму беларускаму навукоўцу Яну Завішу - бацьку вялікай беларускай асветніцы і мецэнаткі беларускага друку Магдалены Завішынай, больш вядомай пад прозвішчам Радзівіл. Прыемна, што нядаўна Крыштаф Завіша "загаварыў" і на роднай беларускай мове.

Вось як апісвае адну з галоўных падзей свайго жыцця мінскі ваявода: "Рэліквію - мошчы святога Філіцыяна-пакутніка, дадзеную мне ў Рыме ў юбілейны 1700 год найвышэйшым пастырам Клеменсам XI, - ахвяраваў касцёлу айцоў-езуітаў у Мінску, якога ў час судоў трыбунала, скліканага ў Мінску, як патрона ваяводства і Вялікага Княства Літоўскага ўрачыста інтрадукаваў віленскі біскуп Бжастоўскі пры вялікай колькасці высакародных людзей і сходзе простага народу ў працэсіі з цэхамі, брацтвамі, музыкамі ад царквы Святога Духа ўніятаў айцоў-базыльянаў да згаданага касцёла. Труну, абабітую пунсовым аксамітам, з багатымі галунамі, усю ў шкле, несла ў калчане начальства ўсіх мінскіх манаскіх ордэнаў..."

Варта падкрэсліць, што дзяржаўны дзеяч і вялікі мецэнат праслаўляў не толькі Мінск, а і ўсё Вялікае Княства Літоўскае сваім старшынством на сеймах Рэчы Паспалітай, удзелам у дэлегацыях на міжнародых перамовах,. Ён мог прамаўляць без падрыхтаваных папер па пяць гадзін. Больш за тое: Крыштаф Завіша пакінуў пасля сябе шэсць кніг, пра якія, на жаль, не ведаюць сёння нават самыя дасведчаныя беларускія літаратуразнаўцы. Ён быў у сяброўскіх стасунках са шведскім каралём Карлам XII і меў ад яго ўзнагароду за храбрасць, акрамя таго, ён быў цёпла прыняты Пятром І у Слуцку, не кажучы ўжо пра даверныя адносіны з каралямі Рэчы Паспалітай. Таму, думаецца, Крыштаф Завіша - легендарная асоба, вартая годнага ўшанавання.

Віктар ХУРСІК, журналіст, краязнаўца

Крыштаф Завіша.