“Кніжны” веласіпед

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Штодня з сяла Сахараўка, што пад Горкамі, спяшаецца ў вёску Камаровічы 20-гадовая бібліятэкарка Ларыса Шэкіна. Ляціць яе веласіпед скрозь вецер і дождж насустрач сонейку. Скончыла дзяўчына Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і вярнулася на родную зямлю. Міма аранжавых вяргіняў, міма рознакаляровых, крыху падзяблых кастрычніцкіх флёксаў, міма яблынь, што атрэслі плады, Ларыса са стосам кніжак спяшаецца да вясковых чытачоў. Ужо халаднавата, але сонечна — можна абысці адразу некалькі вёсак. Ёсць такая форма працы ў Камаровіцкай бібліятэцы — абходная.

 /i/content/pi/cult/132/696/Velasiped1.jpg

Байдочына, Панкратаўка, Тушкова, Вашчаны… Камусьці неабходны даведнік па пчалярстве — час рыхтаваць пчальнік да зімоўкі, кагосьці цікавяць праблемы сямейнага выхавання, а кагосьці суцешыць раман аб каханні.
У сельскай бібліятэцы, дзе гаспадыняй Ларыса, больш за 8 тысяч выданняў. Колькі могуць расказаць гэтыя маўклівыя кнігі!
Людзі ў Камаровічах таварыскія і адкрытыя. Бібліятэкарку ведае кожны: ці то школьнік, ці то малады механізатар, ці то сталая даярка.
— Толькі што размаўляла з франтавіком. Распавёў пра вайну, пра тое, як жылося яму тады, — паведамляе мне Ларыса. — І кніжкі, і перыёдыка людзей цікавяць, і душу хочуць адвесці.
Кіламетраў 7, а то й 10 трэба сёння адолець Ларысе, каб паспець да цёмнага ў Сахараўку, дзе чакаюць яе, крыху хвалюючыся, мама і тата.
Свяціла сонейка — пырскнуў дожджык, халодны і дробны. А пальчаткі забылася. Ззаду засталіся Байдочына, Панкратаўка, Тушкова, Вашчаны.
— Ці ўсе кніжкі разнесла, дачушка?
— Ці не прастудзілася ты?
На жаль, пакуль нашы дзяўчаткі-бібліятэкаркі ездзяць на веласіпедах ці пешшу дабіраюцца да чытача, пра машыну і не мараць. Заробак Ларысы на аўто не цягне аніяк, нават самастойна жыць было б складана. Дапамагае тата-трактарыст — гэта ягоны веласіпед, і мама-даярка. Яна ўжо во закіпяціла малако з мёдам…
Ларыса наўрад ці пайшла б у бібліятэчную справу, калі б не зразумела запатрабаванасці гэтай прафесіі. Дзяўчына яшчэ ў школе стала кніжніцай і праседжвала ўсе вечары ў бібліятэцы, палюбіла яе цішу і таямнічасць. Усяго некалькі пакояў, дзе на стэлажах — радочкі кніг, маўклівых і безгалосых. Але варта толькі разгарнуць хаця б адну!
Можна і без бацькавага веласіпеда выправіцца з Сахараўкі ў далёкую вандроўку.
— Вельмі шмат дзяцей сярод чытачоў. Любымі кнігамі цікавяцца, — з 9 да 17 яна, калі не сышла на абход, заўжды тут, у Камаровічах, сярод цікавых кніг і людзей…
— Рэжым працы бібліятэк прыстасоўваем пад чытача, — тлумачыць галоўны спецыяліст аддзела культуры Горацкага райвыканкама Марыя Студнева. — Некаторыя ўстановы дзейнічаюць і да 19, а то і да 23 гадзін. Ідзём насустрач наведвальнікам.
Ларысе ёсць чаму павучыцца ў родным раёне. І яе не пакідаюць без увагі. Пакуль мы ехалі ў Камаровічы, Марыя Міхайлаўна толькі і расказвала, якая старанная бібліятэкарка ў гэтай вёсцы. Два гады працуе — адны ўдзячнасці, ніякіх заўваг, ёсць ужо і пэўны досвед. Калі прачытала добрую кніжку — заўжды прапануе яе іншаму. Уважлівая!
Бібліятэчная сістэма ў раёне новыя выданні закупляе цэнтралізавана. Начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Белякова дапамагае бібліятэчным работнікам і на сяле, і ў горадзе: развіваць сетку платных паслуг, зарабляць на надзённыя патрэбы. Яна і маладых спецыялістаў апякуе. Ірына Анатольеўна — генератар ідэй. Гэта ўсе адчулі з яе прыходам у аддзел культуры.
— Збіраліся ў Шклоў на Свята беларускага пісьменства. Што, думаю, прыдумаць такога, горацкага, чаго няма нідзе? — распавядае яна.— Зрабілі з саломкі Тараса на Парнасе, а вакол — розных багоў! Увесь Шклоў фатаграфаваўся побач з нашым саламяным героем. Цяпер гэта і ў Горках традыцыяй стала: кожны ідзе да Тараса сфатаграфавацца.
Ірына Анатольеўна працягвае пра галоўны свой клопат — маладых спецыялістаў. Такіх, як Ларыса, у Горацкім раёне шмат. Свае кадры гадуюць. Дырэктар РЦБС імя М.Гарэцкага Наталя Кулагіна радуецца, што мясцовая маладая інтэлігенцыя пасля вучылішчаў, тэхнікумаў і ВНУ вяртаецца ў сяло.
А Ларыса, хвалюючыся, расказвае мне вось пра што:
— Паступала сёлета ў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў — не хапіла

 /i/content/pi/cult/132/696/Velasiped2.jpg

менш бала. Расплакалася. Але што зробіш — конкурс ёсць конкурс…
— Год нейкі нешчаслівы, — падхапіла Марыя Студнева. — Пяць маладых спецыялістаў, якіх накіроўвалі ў ВНУ, не паступілі. Перажывалі, што недастаткова падрыхтаваліся. А з другога боку, можа, да тых, хто мае стаж працы на сяле па спецыяльнасці, і адносіцца трэба больш паблажліва?
— Ды паступім,— кажа Ларыса.— Інакш і быць не можа. І час на падрыхтоўку ёсць.
Яе, як і іншых бібліятэкараў раёна, запрасілі на 70-годдзе бібліятэкі ў вёсцы Паршына. Надзея Арцюхова, дасведчаны мясцовы бібліятэкар, сустрэла ўсіх з радасцю. Сабраліся разам і адпачыць, і пагаварыць, як удасканаліць работу. Не дзіва: у вёску прыйшлі і камп’ютэрызацыя, і Інтэрнет, і новыя віды паслуг.
— Мы шукаем новыя формы працы, каб не толькі зарыентаваць селяніна ў кніжнымсвеце, але і зацікавіць чытача самымі рознымі праектамі,— Надзея Тарасаўна паказвае дзесяткі папак са сцэнарыямі розных вечароў: і пра сям’ю, і пра дзяцінства, і пра гісторыю краю, і пра экалогію. Усе сцэнарыі напісала яна. І ўсё дзеля таго, каб, апрача кнігі, даць чалавеку сяброўства і спачуванне.
У Паршыне Ларыса ўбачыла, колькі цікавага можна зрабіць у сваёй бібліятэцы, каб стала яна жывым цэнтрам культуры на сяле.
— Ларысу Шэкіну заўважылі ўсе,— падсумавала намеснік старшыні Горацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Наталля Карнеева. — Не дзіва, што ёю зацікавіліся і ў Горках.
Ларысе шкада вяскоўцаў, якія ўжо звыкліся з яе “кніжным” веласіпедам, доўгіх вечароў у Камаровічах, калі на агеньчык у бібліятэку мог зайсці чытач з Вашчанаў ці з Тушкова.
— Здольная дзяўчына, — ахарактарызавала Ларысу Наталля Кулагіна, — і мы прапанавалі ёй месца ў райбібліятэцы. Але выбіраць самой
Ларысе.

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецкар.
Мінск — Сахараўка — Мінск

Фота аўтара