Grodno open: філарманічныя дваццаць пяць

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Днямі Гродзенская філармонія адзначыла юбілей — чвэрць стагоддзя! Але гэтая дата сталася не толькі падвядзеннем вынікаў, але і новым пунктам адліку: неўзабаве філармонія зачыніцца на рамонт, каб праз час адкрыцца ўжо адноўленай. І ў ёй з’явяцца новыя калектывы і салісты!

/i/content/pi/cult/363/6954/1-2.jpegРэканструкцыя і капітальны рамонт будуць доўжыцца некалькі гадоў, і філармонія набудзе непазнавальны знешні выгляд, прыгожы ўтульны інтэр'ер, а галоўнае - глядзельную залу на тысячу месцаў. Пакуль жа, пасля яшчэ некалькіх канцэртаў у цяперашнім памяшканні, выступленні будуць перанесены на сцэнічныя пляцоўкі горада і вобласці, у іншыя гарады рэспублікі і, вядома ж, у аграгарадкі. Бо нам ёсць што паказаць!

Менавіта Гродна ў свой час стала месцам нараджэння гурта сучаснай харэаграфіі "ТАД" - аднаго з першых такіх філарманічных калектываў не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы. Гэты калектыў на чале з Дзмітрыем Куракулавым мае ўласны творчы почырк, адметную танцавальную лексіку, стаў пастаянным і паспяховым удзельнікам Міжнародных фестываляў сучаснай харэаграфіі ў Віцебску ды многіх прэстыжных замежных імпрэз.

Плённа працуе ў філармоніі і танцавальны дуэт "Энігма", які складаюць беларус Юрый Зябкін і індыянка Луна Датта - выпускнікі колішняга Ленінградскага інстытута культуры, улюбёнцы публікі.

Менавіта з нашай філармоніі пачалася творчая біяграфія знакамітага гітарыста, нястомнага папулярызатара свайго інструмента Уладзіміра Захарава. Акрамя пастаянных канцэртаў, выкладання, напісання новых твораў і падручнікаў, ён выступіў арганізатарам і мастацкім кіраўніком абласнога Адкрытага фестывалю-конкурсу "Пяе над Гародняй гітара", які праводзіўся на мяжы 1990 - 2000-х./i/content/pi/cult/363/6954/1-1.jpeg

Больш як дзесяць гадоў нашаму эстрадна-сімфанічнаму аркестру пад кіраўніцтвам Барыса Мягкова. Калектыў ахапіў і такія сферы, як джазавая і лацінаамерыканская музыка. Ён удзельнічае ў фестывалі "Grodno Jazz", суправаджае міжнародныя турніры па спартыўных танцах: "Grodno open", у таксама ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Рызе, некалькіх гарадах Польшчы. А пачалося асваенне гэтай нішы з Клуба спартыўнага танца "Грацыя" на чале з Анжалікай Рамановіч, які таксама працуе на базе нашай філармоніі.

Сваіх прыхільнікаў маюць інструментальны ансамбль "Медыум" і яго саліст Аляксандр Валынскі, скрыпічна-фартэпіянны дуэт Вячаслава Панькова і Ларысы Мяркулавай, вакалісты Ала Аўдзейчык, Галіна Рудагіна, Аляксандр Казакевіч. Працуе ў нас і прадзюсарскі цэнтр па падрыхтоўцы спевакоў, якім кіруе Наталля Клімовіч. На жаль, заўчасна пайшоў з жыцця лаўрэат маскоўскай "Рамансіяды" і іншых конкурсаў Аляксандр Звяровіч...

А вось наш "аднагодак" - ансамбль песні, музыкі і танца "Белыя Росы", якім сёння кіруе заслужаная артыстка Беларусі Вера Чычына, з філарманічнага калектыву ператварыўся ў самастойную ўстанову культуры. Затое ў нашых планах - стварэнне не яго "клона", а новага ансамбля, які адлюстроўваў бы багатую песенна-танцавальную культуру Панямоння. Спадзяёмся, будзе ў нас і фартэпіянны дуэт, і маладыя эстрадныя, оперныя спевакі. Так што новая зала прыйдзецца акурат да часу!..

Людміла ЛЕБЕДЗЬ, мастацкі кіраўнік Гродзенскай абласной філармоніі

На здымках: гурт сучаснай харэаграфіі "ТАД"; ансамбль песні, музыкі і танца "Белыя Росы".

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"