Які "ключык" адкрые "лічбавы" чамаданчык?

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Калі і дзе найперш кінапаказ мадэрнізуецца праз 3D?

/i/content/pi/cult/363/6953/1-1.jpeg"К" неаднойчы закранала злабадзённую праблему развіцця кінапракату ў Беларусі. Каб айчынныя кінатэатры былі камфортныя і маглі скласці канкурэнцыю тэлебачанню, DVD-дыскам ды іншым спосабам глядзець кіно, яны павінны мець не толькі густоўны ўнутраны і знешні выгляд, але і прапанаваць ідэальную выяву ды гук. Прынамсі, менавіта пункты аб развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы і кінатэатраў, сярод іншых, уключаны ў Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады. Паступова нашы кінатэатры аснашчаюцца новымі крэсламі, становяцца больш зручнымі, а праекцыя стужак у іх - больш дасканалай.

Што да праекцыйнай тэхнікі для кінатэатраў, то яна эвалюцыянуе якраз вельмі хутка. Два гады таму ў Мінску з'явіўся першы кінатэатр, у якім замест звыклых фільмакопій выкарыстоўваецца лічбавая праекцыя. За два гады сучаснымі лічбавымі кінапраектарамі былі абсталяваны яшчэ некалькі залаў у Мінску, а таксама - ва ўсіх абласных цэнтрах і некаторых раённых: у Лідзе, Оршы, Барысаве. З'яўленне прынцыпова новай праекцыйнай тэхнікі - не даніна модзе. Замежныя кампаніі-дыстрыб'ютары, у якіх беларускія пракатныя арганізацыі купляюць правы на паказ фільмаў, ужо сёння прапануюць многія стужкі на лічбавых носьбітах. Чакаецца, што з наступнага года так званыя сусветныя прэм'еры будуць з'яўляцца толькі ў лічбавым варыянце, а на плёнцы карціны маюць выходзіць толькі праз некалькі тыдняў. Такім чынам, кінатэатры з новым абсталяваннем могуць атрымаць значную перавагу над астатнімі.

Так тое або не? Ці дапамагае пераход на "лічбу" значна павялічыць колькасць гледачоў і ці ўсім падабаюцца "цуд-акуляры" 3D-стэрэа? Гэта паспрабаваў высветліць карэспандэнт "К".

Татальнае "трыдэ"

Многім мінчанам і гасцям сталіцы надоўга запомнілася адкрыццё пасля рамонту кінатэатра "Кіеў" акурат два гады таму. Як і сёлета, стаялі жорсткія маразы, але чарга ахвотных набыць білеты на разрэкламаваную стужку "Аватар" расцягнулася больш чым на сотню метраў. Самае дзіўнае, што за два месяцы да гэтых падзей той самы "Аватар" з поспехам прайшоў у іншых кінатэатрах сталіцы, праўда, у звычайным, а не ў стэрэаварыянце. Дарэчы, шмат хто з тых нецярплівых гледачоў, якія марылі хутчэй надзець "чароўныя" 3D-акуляры, да гэтага ўжо бачылі стужку, але ўсё роўна пажадалі азнаёміцца з яе лічбавай версіяй.

- У чарзе па білеты ў тыя марозныя тыдні стаялі па шэсць гадзін! - узгадвае Валянціна Жорава, першы дырэктар першага ў Беларусі лічбавага кінатэатра "Кіеў". - Што цікава, расчараваных пасля прагляду сярод гледачоў не было: людзі хадзілі да нас па некалькі разоў. Зразумела, цяпер такога ажыятажу, які мы назіралі яшчэ некалькі месяцаў пасля адкрыцця кінатэатра, ужо няма. Аднак "Кіеў" карыстаецца попытам, чаго нельга сказаць аб ранейшых часах, калі стужкі ў нас паказвалі на плёнцы: тады наведвальнікаў у кінатэатры было ня шмат, нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца не так далёка ад цэнтра горада. Цяпер людзі да нас ходзяць: раней да "Кіева" фільмакопіі траплялі пасля ўсіх вялікіх сталічных кінатэатраў, а лічбавае абсталяванне дазваляе, у тым ліку, дэманстраваць прэм'еры адначасова з усім светам...

Дарэчы, стаўшы знакавай з'явай, той самы "Аватар" вяртаўся ў рэпертуар "Кіева" і іншых лічбавых кінатэатраў па ўсім свеце яшчэ два разы - такім поспехам ён карыстаўся. Цікава, што сёлета на экраны выйдуць... алічбаваныя ў 3D-стэрэа пракатныя хіты не толькі не мінулых гадоў, але і дзесяцігоддзяў.

Папулярнасць 3D-стэрэа назіраецца ва ўсім свеце, але казаць аб тым, што ў хуткім часе ўсе стужкі давядзецца глядзець толькі "ў акулярах", не выпадае. Па-першае, стэрэакіно на плёнцы існавала з канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя і шырока распаўсюджаным так і не стала. Па-другое, нават з пераходам "на лічбу" ды звязаным з гэтым імклівым развіццём камп'ютарных спецэфектаў кінематаграфістам яшчэ патрабуецца час, каб засвоіць новыя тэхнічныя магчымасці. А па-трэцяе...

- Як тое ні падасца дзіўным, далёка не ўсім гледачам падабаецца стэрэакіно, - упэўнены Аляксандр Лаўрыненка, генеральны дырэктар КУП "Гомелькінавідэапракат". - Хтосьці прывык да звычайнай "карцінкі", камусьці проста не падабаецца дзве гадзіны знаходзіцца ў акулярах. Лічу, звычайнае кіно пакуль вельмі рана спісваць у музей, як і праекцыйнае абсталяванне, разлічанае на кінаплёнку. Пагадзіцеся, розніца паміж якасцю праекцыі з кінаплёнкі і лічбавага праектара такая ж самая, як паміж вінілавым і лічбавым дыскам: аналагавы паказ гарантуе куды большае эмацыйнае ўздзеянне, а для мастацтва апошні момант вельмі важны. У Гомелі з поспехам працуе кінатэатр "Кастрычнік", абсталяваны лічбавай 3D-сістэмай, але спяшацца пераводзіць усе кінатэатры на стэрэасістэму немэтазгодна. У тым ліку таму, што акупляецца лічбавае абсталяванне ў лепшым выпадку праз пяць - сем гадоў, але ж апрача праектараў патрабуецца ўкладаць грошы і ў рамонт будынкаў кінатэатраў, устанаўліваць у глядзельных залах новыя, больш зручныя крэслы. Дзякаваць богу, дзяржава падтрымлівае кінапракат - без дзяржаўных грошай праводзіць мадэрнізацыю кінасеткі нам было проста немагчыма. Пра гэта сведчыць і няўдалы вопыт прыватнага інвестара, які спрабаваў адкрыць кінатэатр у адным з раёнаў Гомеля. Тым не менш, кінатэатры карыстаюцца ўсё большай цікавасцю публікі, прычым не толькі ў абласным цэнтры, але на іх пераабсталяванне патрэбны вялікія грошы...

Дарэчы, статыстыка сведчыць, што глядач паступова страчвае энтузіязм наконт стэрэакіно. А вось што да лічбавых праектараў, то, відавочна, ставіць іх усё роўна давядзецца.

- Устаноўцы лічбавых праектараў альтэрнатывы няма, хоць і вельмі шкада плёначнага абсталявання: яно ў нас самае сучаснае і ўсталявана ў апошнія гады, - сцвярджае генеральны дырэктар УП "Кінавідэапракат" Мінгарвынакама Васіль Коктыш. - Аднак кінатэатры могуць быць канкурэнтаздольнымі толькі пры ўмове адначасовых прэм'ер стужак разам з усім светам. На бягучы год мы запланавалі ўстаноўку лічбавых праектараў у шасці кіназалах сталіцы, у тым ліку ў самым вялікім кінатэатры - "Кастрычнік", дзе, праўда, "лічба" будзе без "стэрэа". Зразумела, фінансава гэта зрабіць няпроста. Але...

Ключ без права

перадачы

Як сведчаць тэхнічныя спецыялісты, лічбавае кіно мае шэраг пераваг перад традыцыйнай плёнкай 35-і міліметраў, якая па сёння шырока выкарыстоўваецца ў кінатэатрах усяго свету, хаця яно захоўвае ўсе перавагі апошняй. Якасць праекцыі ў лічбавым кінатэатры і праз колькі тыдняў застаецца такой жа высокай, як у дзень прэм'еры, у адрозненне ад кінаплёнкі, якая зношваецца. У цэлым, лічбавая тэхналогія кінапаказу з'яўляецца больш мабільнай і эканамічнай у параўнанні з "плёначнай". Пераход кінатэатраў на "лічбу" дазваляе аптымізаваць працу персаналу: кінапаказам лічбавага мультыплексу можа кіраваць усяго адзін спецыяліст. Лічбавыя фільмакопіі прасцей перасылаць, паколькі дыскавы накапляльнік (так званы HDD) са стужкай змяшчаецца ў невялічкім чамаданчыку замест грувасткіх яўфаў з плёнкай. Прычым ужо сёння існуе магчымасць атрымліваць фільмы праз Інтэрнэт, што вельмі эканоміць час на дастаўку. Яшчэ ў большым выйгрышы апынуліся дыстрыб'ютарскія кампаніі: друк фільмакопій аплачваюць менавіта яны, а сабекошт адной карціны на плёнцы - мінімум 1 - 1,5 тысячы долараў. Калі ўлічыць, што колькасць копій з рускамоўным дубляжом або субцітрамі, якія выпускаюцца кожны тыдзень, складае ад некалькіх дзясяткаў да амаль 1,5 тысячы, то для дыстрыб'ютараў эканомія - дзясяткі мільёнаў долараў у год.

Тым не менш, свае мінусы ёсць і ў лічбавых копій. Справа ў тым, што яны разлічаны на паказ у канкрэтных кінатэатрах у дакладна вызначаныя тэрміны. Каб такая копія пачала дзейнічаць, трэба ў дакладна вызначаны час увесці індывідуальны пароль, які па электроннай пошце дасылае дыстрыб'ютар. Калі аплачаны пракатам тэрмін дзеяння пароля заканчваецца, то дэманстраваць стужку ўжо нельга.

Паказальны выпадак адбыўся на мінулагоднім фестывалі "Лістапад", калі адну з конкурсных карцін удалося "распакаваць" літаральна за колькі хвілін перад паказам: дыстрыб'ютар даслаў няправільны пароль, і давялося ў запарцы тэлефанаваць у Маскву, каб атрымаць новы. Але ў звычайных, нефестывальных, умовах сістэма пароляў на лічбавых копіях таксама мае свае недахопы.

- У адрозненне ад сталічных пракатчыкаў, мы адразу набываем кінакопію стужкі, а потым маем магчымасць паказваць яе неабмежаваную колькасць разоў, перавозячы з раёна ў раён, - распавядае Аляксандр Лаўрыненка. - Лічбавую копію "перавезці" ўжо немагчыма: трэба ўзгадняць з дыстрыб'ютарамі час і месца паказаў, ізноў плаціць грошы за новы пароль... Пагадзіцеся, для рэгіянальных пракатчыкаў гэта вельмі нязручна і нявыгадна, тым больш, што кошт пароля практычна роўны кошту фільмакопіі... Здаецца, дыстрыб'ютары павінны разумець наша становішча і не губляць нават тыя адносна невялікія касавыя зборы, што яны атрымліваюць ад паказаў у беларускіх кінатэатрах. Але замежныя кампаніі вельмі цяжка пераканаць у тым, што маеш рацыю...

Дзяржаўнае

бачанне "лічбы"

Між тым, лічбавая праекцыя ў беларускіх кіназалах - ужо дзень сённяшні. Як паведамілі карэспандэнту "К" у Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у краіне налічваецца дзесяць лічбавых кінатэатраў, якія ўваходзяць у структуру дзяржаўных пракатных арганізацый, яшчэ пяць кінатэатраў эксплуатуюць прыватныя кампаніі. Мерапрыемствамі Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады запланаваны набыццё і ўстаноўка лічбавых праектараў, кінапраекцыйнага, гукавога ды іншага абсталявання для кінатэатраў і іншых месцаў паказу стужак. Усяго праграмай прадугледжана правядзенне дадзеных работ у 96 месцах кінапаказу. З мясцовых бюджэтаў на выкананне запланаванага плануецца выдаткаваць больш за 70 мільярдаў рублёў. Усяго ж прыкладны кошт аснашчэння кінатэатраў і дамоў культуры лічбавым абсталяваннем для паказу стужак складзе больш за 200 мільярдаў. Супастаўнымі акажуцца выдаткі на стварэнне неабходных умоў эксплуатацыі дадзенага абсталявання і прывядзення месцаў паказу ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі.

- Мадэрнізацыя кінатэатраў уяўляе з сябе сур'ёзную праблему для кінаіндустрыі, паколькі ўкараненне новых тэхналогій звязана з вялікімі расходамі - як на набыццё і ўстаноўку абсталявання, так і на прывядзенне ў адпаведны стан месцаў кінапаказу, - паведаміў "К" намеснік начальніка ўпраўлення рэгістрацыі і класіфікацыі кінапрадукцыі Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Глускер. - Пры планаванні ўсталявання лічбавых праектараў у кожным канкрэтным выпадку будзе разгледжана неабходнасць іх устаноўкі, а таксама мэтазгоднасць набыцця ў кінатэатры абсталявання для 3D-кінапаказу...

Як паведамілі ў Дэпартаменце па кінематаграфіі, у дадзены момант разглядаецца магчымасць долевага фінансавання ўстаноўкі лічбавага абсталявання з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Плануецца таксама прыцягненне пазабюджэтных крыніц фінансавання.

Зразумела, кошт новага абсталявання непазбежна адаб'ецца і на кошце білетаў. Але ва ўмовах лібералізацыі эканомікі, лічаць у Дэпартаменце кінематаграфіі, кантраляваць кошты на білеты ў кіно на рэспубліканскім узроўні немэтазгодна, таму ў дзяржаўных кінатэатрах кошт будзе вызначацца мясцовымі органамі дзяржаўнага кіравання.

Не "лічбай"

адзінай

Сапраўды, пераход на "лічбу" абяцае кінапракату новыя, раней не бачаныя, магчымасці. Так, за мяжой ужо існуе паспяховая практыка правядзення прамых трансляцый оперных спектакляў або спартыўных мерапрыемстваў праз спадарожнікавую сувязь. Таму не здзіўляйцеся, калі неўзабаве ўбачыце на кінатэатры ў сваім горадзе рэкламу Алімпійскіх гульняў.

Але, каб кіно і надалей заставалася адным з самых даступных і карысных спосабаў баўлення вольнага часу, патрэбны няспынныя высілкі па падборы якаснага рэпертуару, прывядзенні будынкаў і залаў кінатэатраў да зручнага, сучаснага выгляду, абнаўленні праекцыйнай тэхнікі.

- Я лічу, што самы вялікі радок выдаткаў -- фільмафонд, тыя стужкі, якія кінатэатры здольныя прапанаваць гледачу, - кажа Аляксандр Лаўрыненка, - хоць, канешне ж, трэба развіваць інфраструктуру саміх кінатэатраў, розных сэрвісаў на іх базе, пунктаў грамадскага харчавання і гэтак далей...

- Поспех "Кіева" - не толькі ў лічбе і 3D, - падтрымлівае кіраўніка Гомельскага абласнога кінапракату Валянціна Жорава. - Гледача прываблівае і наш вялікі экран, і вялікая адлегласць паміж радамі крэслаў, а таксама магчымасць зручна прыпаркаваць аўтамабіль побач з кінатэатрам ды буфет з рознабаковым меню. Толькі такі паўнавартасны "набор" забяспечвае гледачу камфорт, а кінатэатру - прыбытак...

Дарэчы, як паведамілі "К" у Дэпартаменце па кінематаграфіі, пілотны праект па пераводзе айчынных стужак у лічбавы фармат і іх паказы ў лічбавых кінатэатрах краіны плануецца Нацыянальнай кінастудыяй ажыццявіць ужо сёлета...