“Мабільная” каліграфія

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Працягваюцца мерапрыемствы з нагоды 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь.

/i/content/pi/cult/363/6947/2-2.jpegНаступным мерапрыемствам, што прадстаўляе кітайскую культуру ў нашай краіне, стала выстаўка каліграфіі выкладчыка кітайскай мовы факультэта міжнародных зносін БДУ Лі Цзо ў галерэі "Мабільная" Нацыянальнай бібліятэкі краіны. Выстаўка арганізавана пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі і Інстытута Канфуцыя пры БДУ.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 60 каліграфічных аркушаў аўтара, якія змяшчаюць ягоныя ж тэксты. Вершы, напісаныя на кітайскай мове, невялікія па памеры, але вельмі багатыя па змесце. Пішучы іх, Лі Цзо выкарыстоўваў старажытныя традыцыі свайго народа. Па-кітайску такія творы завуцца парным надпісам.

Аўтар выстаўкі з дзяцінства цікавіўся каліграфіяй, шмат гадоў вывучаў яе ў майстра Лю Бао-гуана паводле Іанскай школы. На ўсекітайскіх конкурсах каліграфічныя творы Лі Цзо двойчы былі адзначаны залатой узнагародай, тройчы - сярэбранай.

Як распавёў "К" дырэктар выставачнага комплексу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Фёдар Ястраб, кірунку на міжнароднае супрацоўніцтва ўстанова будзе прытрымлівацца цягам усяго года. Ужо ў красавіку НББ прыме ўдзельнікаў Міжнароднай выстаўкі графікі "Арт-лінія", у чэрвені распачне сваю працу Міжнародны біенале жывапісу "Colorfest", а восенню чакаецца Фестываль абстрактнага мастацтва "Іншая рэальнасць". І гэта - толькі частка планаў...