Наступным мерапрыемствам, што прадстаўляе кітайскую культуру ў нашай краіне, стала выстаўка каліграфіі выкладчыка кітайскай мовы факультэта міжнародных зносін БДУ Лі Цзо ў галерэі "Мабільная" Нацыянальнай бібліятэкі краіны. Выстаўка арганізавана пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі і Інстытута Канфуцыя пры БДУ.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 60 каліграфічных аркушаў аўтара, якія змяшчаюць ягоныя ж тэксты. Вершы, напісаныя на кітайскай мове, невялікія па памеры, але вельмі багатыя па змесце. Пішучы іх, Лі Цзо выкарыстоўваў старажытныя традыцыі свайго народа. Па-кітайску такія творы завуцца парным надпісам.
Аўтар выстаўкі з дзяцінства цікавіўся каліграфіяй, шмат гадоў вывучаў яе ў майстра Лю Бао-гуана паводле Іанскай школы. На ўсекітайскіх конкурсах каліграфічныя творы Лі Цзо двойчы былі адзначаны залатой узнагародай, тройчы - сярэбранай.
Як распавёў "К" дырэктар выставачнага комплексу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Фёдар Ястраб, кірунку на міжнароднае супрацоўніцтва ўстанова будзе прытрымлівацца цягам усяго года. Ужо ў красавіку НББ прыме ўдзельнікаў Міжнароднай выстаўкі графікі "Арт-лінія", у чэрвені распачне сваю працу Міжнародны біенале жывапісу "Colorfest", а восенню чакаецца Фестываль абстрактнага мастацтва "Іншая рэальнасць". І гэта - толькі частка планаў...