Па тры лідары — у кожнай намінацыі

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Пераможцы Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2012”, як паведамляе “К” кансультант упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Валерый Рагалевіч, вызначаліся ў два этапы. Урачыстая цырымонія ўручэння “…Фаліянтаў” адбудзецца 7 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

24 студзеня мастацка-экспертная камісія са 190 прадстаўленых на конкурс кніг адабрала 50. Нагадаем, у "кніжным" саперніцтве бралі ўдзел 40 выдавецкіх прадпрыемстваў самай рознай формы ўласнасці... Натуральна, праца ў камісіі была не з лёгкіх, бо пра надзвычайную прадстаўнічасць сёлетняга, пяцьдзясят першага па ліку, "Мастацтва кнігі" наша газета згадвала неаднойчы. Менавіта таму, па словах старшыні камісіі Валерыя Рагалевіча, у склад мастацка-экспертнай камісіі ўвайшлі больш чым аўтарытэтныя спецыялісты, да прыкладу, мастакі-графікі Валерый Славук, Дзмітрый Герасімовіч, Валянцін Губараў, Тамара Мельянец, Валерый Мішчанка, кніжны дызайнер Аляксандр Кулажэнка, галоўны тэхнолаг Паліграфкамбіната імя Якуба Коласа Марыя Зайко...

Наступным днём, 25 студзеня, не менш напружана працавала і прадстаўнічае конкурснае журы. Яго старшыня - рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, сустаршыня - першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч. А ў склад галоўных "кніжных арбітраў" увайшлі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі краіны Раман Матульскі, старшыня Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч, рэктар БДУКіМ Барыс Святлоў, старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі, мастак-графік Уладзімір Цэслер, дырэктар аднаго з прыватных выдавецтваў Канстанцін Хацяноўскі і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

У выніку карпатлівай працы журы адабрала па тройцы лепшых з усіх 13 намінацый: асноўнага пераможцу, а таксама ўладальнікаў дыпломаў І і ІІ ступені.