Вінтаж ад мілых дам

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Азаронак паведаміў, што 1 лютага ва ўстанове распачалася падрыхтоўка новай выстаўкі. Экспазіцыя будзе складзена з прадметаў жаночага туалета і модных аксесуараў пасляваенных гадоў.

 

Тамара Курганава, загадчык аддзела развіцця, удакладніла, што цяпер распрацоўваецца канцэпцыя будучай веснавой выстаўкі. Неаспрэчна адно: аснову яе складуць прадметы з фондавых калекцый. Але спрычыніцца да "напісання" партрэта пасляваеннай модніцы могуць і тыя наведвальнікі, у каго захаваліся тагачасныя аксесуары.

Дарэчы, мінчане, па словах Тамары Курганавай, будуць удзельнічаць у стварэнні выстаўкі не ўпершыню. Цягам апошніх гадоў музей прэзентаваў экспазіцыі "Былі ў мяне мішкі" і "Цацкі з чамадана" (старадаўніх дзіцячых цацак), "Вялікі перапынак" (прысвечаная школе савецкіх часоў). Усе яны сталі яркімі ды запамінальнымі, у тым ліку, з той прычыны, што экспанаты прыносілі ў музей жыхары Беларусі. Няма сумневу, што і чарговая выстаўка запомніцца наведвальнікам надоўга.

Як распавяла Тамара Курганава, на часовае захоўванне ў музей прымаюцца адзенне і абутак, каптурыкі і сумачкі, пальчаткі і кашалькі, парасоны і раменьчыкі, гадзіннікі і акуляры, вееры і пудраніцы, а таксама люстэркі, парыкі, бігудзі, грабеньчыкі, заколкі 1940 - 1960 гадоў. Умова - адзіная: будучыя экспанаты павінны мець прэзентабельны выгляд. І апошняе, але немалаважнае, - рэчы пасля закрыцця выстаўкі будуць вернуты ўладальнікам.